Свята заўсёды хочацца працягнуць. Таму быць прыхільнікам традыцыйнай культуры зручна: Каляды можна святкаваць ажно да 21 студзеня ўключна. І нездарма мы так любім Стары Новы год. Мо, «уключаецца» генетычная памяць? Ноч з 13 на 14 студзеня — гэта Багатая куцця, Шчадрэц. Яна адзначаецца ў розных рэгіёнах Беларусі са сваімі лакальнымі адметнасцямі. «Конікі» — так называюцца гурты пераапранутых, якія ходзяць па хатах на Шчодры вечар ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Мы мелі шчасце далучыцца да аднаго з іх. Але пра ўсё па парадку.
Жывая традыцыя
«Конікі» — адзін з самых яскравых, відовішчных і эмацыйна зараджаных варыянтаў калядных абыходаў. Традыцыя жыве і квітнее дасюль, прычым падтрымліваюць яе ў такім стане самі гараджане. Абрад бытуе абсалютна натуральна, ён не ператварыўся ў клубнае мерапрыемства, змушаную пастаноўку паводле сцэнарыя. Яго з задавальненнем праводзяць мясцовыя жыхары: дарослыя, моладзь, падлеткі. Традыцыя паступова абрастае сучаснымі элементамі. Сёння спевы пераважна эстрадныя, сярод масак — персанажы мас-культу.
Распавядаюць, што падчас Першай Сусветнай вайны ў горадзе стаяў эскадрон казакоў. Яны дадумаліся змайстраваць каня і пайшлі з ім па вуліцах. Людзям — забава, а казакам — пачастунак! Гарадчукі былі настолькі ўражаныя, што «прысабечылі» прыдумку і зрабілі яе сімвалам свята.
Мо, так усё і было насамрэч? Найхутчэй, гэта проста трансфармацыя яшчэ больш даўняй традыцыі. У любым выпадку, салдацкі «лайфхак» вельмі арганічна наклаўся на тутэйшы светапогляд. Агульная індаеўрапейская міфалагічная асаблівасць: конь з’яўляецца сімвалам сонечных багоў, напрыклад, Ярылы. А пазней зрабіўся сімвалам ваяроў.
Традыцыя стала візітоўкай, галоўным брэндам горада, перажыўшы забарону за савецкім часам. Нягледзячы ні на што, выжыла, і ў 2019 годзе была ўключаная ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Конікі і коннікі
А цяпер — пра нашыя карнавальныя прыгоды. У старажытны (старэйшы за 900 год!) палескі гарадок з насельніцтвам меней за 6 тысяч мы заязджаем пад вечар 13 студзеня. Трапляем з карабля на баль! Не паспела нашая маршуртка заехаць на гарадоцкія вуліцы, як дарогу нам заступае дзіцячы гурт калядоўшчыкаў. Застаецца саскочыць з транспарту і акунуцца ў святочны вір! Уліваемся ў адзін з гуртоў дарослых і выпраўлемся шчадраваць па хатах. І атрымліваем неверагоднае задавальненне ад гэтага шумнага праменаду!
Гуртоў з конікам на чале у святочную ноч ходзіць некалькі дзясяткаў. Дакладна сказаць складана, бо гурты фарміруюцца стыхійна. Асобна збіраюцца дзеці, падлеткі, моладзь. Верхняга ўзроставага цэнзу, здаецца, няма.
Наш гурт адпавядае ўсім «канонам». Перадусім, тут маецца Конік з вершнікам, апранутым у вайсковую форму. Дакладней, хлопец, які прывязаў да сябе самаробнага «каня». Коннікам-конікам быць ганарова і складана. Не кожны здолее выконваць гэтую ролю. Паспрабуй пацягаць на сабе паўночы гэтую грувасткую канструкцыю! Ды яшчэ паскачы на пацеху публіцы, пакатай на сабе ахвотных! Коніка традыцыйна робяць з двух вялікіх лазовых кашоў. Прыладжваюць замест галавы валёнак, накідваюць прасціну — конь мусіць быць белым ці светлым. Дамалёўваюць вочы, морду, чапляюць хвост, грыву. Той-сёй дасціпна прыладжвае нумары на задні конскі бампер. Салдацкая форма — адвольная. Хтосьці дастае з шафы ваенную форму, хтосьці — міліцэйскую, а хтосьці проста імправізуе на тэму мілітары. Здараецца, што коніка ў гурце няма, але гэта не адпавядае традыцыі.
Шчадрую, каўбасы чую!
Астатнія персанажы не менш каларытныя. Самаробныя маскі рыхтуюцца загадзя, часта захоўваюцца гадамі. Пераапранутыя выклікаюць нешта сярэдняе паміж жахам, смехам і захапленнем, як і належыць сакральным істотам. У абыходзе можна пабачыць не толькі традыцыйных Казу, Дзеда, Бабу, Смерць, Цыганку, Мядзведзя, Чорта, Анёла, Барана, Бусла, але і сучасных персанажаў: Чабурашку, Мальвіну, Даішніка, нават Маліфісэнту. Не абыходзіцца без Дзеда Мароза, Снягуркі, Елкі — даўняя калядная і свежая навагодняя традыцыі шчыльна перапляліся.
Важныя ўдзельнікі гурта — музыкі. Усю ноч у лабірынце драўлянай забудовы заліваюцца гармонікі, весела звіняць званочкі, грымяць барабаны. Моладзь не можа і кроку ступіць без жартаў і песень.
На жаль, аўтэнтычныя спевы амаль не пачуеш, толькі савецкую і расійскую эстраду. Але ёсць адно неверагодна прыгожае выключэнне — і за яго можна дараваць усё. Кожны хлапечы гурт, які сябе паважае, вітае гаспадароў традыцыйнай мясцовай песняй, якая пачынаецца словамі: «Там стаяла сосна — тонка, высока. Шчодры вечар!».
Гэтую песню, калі дакладна следаваць традыцыі, выконваюць дзяўчыне на выданні. Зараз гурты спяваюць толькі некалькі першых куплетаў, але агулам іх значна болей. Захаваліся і іншыя мясцовыя песні, але іх трэба аднаўляць, а гэта вялікая праца.
У кожнай хаце калядоўшчыкам радыя, вітаюць шчыра, гасцінна, з размахам. На ганак выходзяць усёй сям’ёй. Хто прапусціць такое шоў! Пераапранутых адорваюць ежай і пітвом з градусамі, нават грашыма. Дзеці ахвотна скачуць з каляднымі персанажамі, робяць фотаздымкі. Асаблівым попытам карыстаецца фота з конікам — сфоткаешся з ім і будзеш на кані ўвесь год. Удзельнікі абыходу спяваюць, граюць, танчаць, абавязкова зычаць гаспадарам шчасця, здароўя, дабрабыту і ўсяго найлепшага, што толькі можна прыдумаць. І крочаць да наступнай хаты.
Рэдкія гаспадары вылучаюць святло ў знак таго, што да іх лешп не заходзіць: нікога няма дома, або ў хаце ёсць хворы ці нехта з сямейнікаў цягам года адышоў у іншы свет.
Святкуюць усе!
Шлях да плошчы праз мост над ракой Гарынь поўны прыгодаў. Гурты рухаюцца па праезджай частцы, перакрываючы рух і спыняючы машыны. Далей усё адбываецца па традыцыйным сцэнарыі, з песняй, зычаннямі, віншаваннямі, адорваннем. Кіроўцы не крыўдуюць, ДАІ нікога не штрафуе: сёння конікі правяць баль! Больш за тое, сюды адмыслова з’язджаюцца з суседніх раёнаў, свята становіцца нагодай для сустрэчы сваякоў.
Бліжэй да 21 гадзіны гурты сцягваюцца да гарадской плошчы, дзе мае адбыцца афіцыйнае гулянне, арганізаванае работнікамі культуры. Працуе выязны гандаль. На жаль, рамесных вырабаў з мясцовай адметнасцю не пабачыш, і гэта вялікі мінус. З іншага боку, сёлета няма турыстаў — каму прадаваць?
На сцэне пад фанаграму выступаюць удзельнікі мастацкай самадзейнасці. Звычайна гэта мясцовыя і запрошаныя артысты. Замежнікаў сёлета няма па зразумелых прычынах. Мы не пачулі, на жаль, аўтэнтычных спеваў і музыкі. Але варта аддаць належнае імпэту конікаў і іх кампаньёнаў: як толькі сканчаецца афіцыйная праграма, моладзь натхнёна скача пад гармонік на сцэне, і гэта дужа запальна!
Усю ноч Давыд-Гарадок звініць песнямі і музыкай. Здаецца, што мала хто з гараджан наогул спіць. Гулянне не выходзіць за межы прыстойнасці і правапарадку. Вясёлае карнавальнае свавольства не пераўтвараецца ў крымінал. Ніякіх п’яных боек, абразаў. Можна падысці да любога фантастычнага персанажа, сфатаграфавацца, пазнаёміцца, завязаць гутарку. Гарадчукі імгненна ідэнтыфікуюць прыезджых, бо ведаюць адно аднога ў твар. І гэта — яшчэ адна падстава для знаёмстваў.
Конік — у спадчыну
Мы паразмаўлялі з прыгожымі палескімі маладзіцамі, Таццянай і Наталляй Зубей, 1993 і 1987 г.н. адпаведна. Яны — удзельніцы гуртка, з якім мы шчадравалі. Муж адной з іх, Сяргей Зубей, сёлета якраз быў у ролі Коніка. Нам было цікава: што для гарадчукоў значыць гэтае свята, які асабісты сэнс яны ў яго ўкладаюць? Чаму вырабляюць такія маскі? Што цягне іх на вуліцу ў ноч з 13 на 14 студзеня?
- Мы рыхтуем маскі загадзя. Калі рабіць па-сапраўднаму, то трэба згадваць больш старыя вобразы: Каза, Дзед, Баба. Раней мы ў іх і апраналіся. Сёлета нарадзіліся ў сучасных персанажаў, таму што вырашылі ўдзельнічаць у апошні момант. Некалькі год у нас не атрымлівалася далучыцца: не было з кім пакінуць дзяцей. А цяпер вось шчадруем! Гэта важна, таму што свята павінна працягвацца, каб было што расказаць і перадаць дзецям. Каня мы рабілі тры тыдні, і цяпер ён застанецца ў той сям’і, што яго стварала — дастанецца ў спадчыну іх сыну. Той вырасце і таксама будзе Конікам на Шчадрэц. «Шчодры вечор — добры вечор!» Нельга ў гэтую ноч прыбіраць са стала тое, што ты на яго паставіў — яно павінна «шчадравацца». А яшчэ, як сустрэнеш год, так яго і правядзеш! Усе добрыя пажаданні застануцца з табой на гэты час. У нас, у Гарадку прынята, каб усе сустракалі Стары Новы год з душой, шчырасцю, і гэта самае галоўнае. Калі мы шчадруем, спыняем машыны, нам не важна, дадуць грошы ці не. Галоўнае — павіншаваць адно аднога, пажадаць шчасця, дабрабыту. Мы ж ведаем усіх гарадчукоў, і ўвесь год будзем згадваць іх саміх разам з іх пажаданнямі.
Нельга з гэтым не пагадзіцца. Традыцыя — гэта людзі, іх пачуцці, надзеі, думкі, жаданні. Таму, напэўна, яна тут дагэтуль жывая. Ніякае фота-відэа не перадасць духу свята. Яго трэба адчуць. Дзеля гэтага варта самому наведаць невялікі старадаўні гарадок на заходнім беларускім Палессі. Цяпер мы таксама крыху знаёмыя з Давыд-Гарадком і гасціннымі гарадчукамі. Не супраць вярнуцца і пашчадраваць у наступным годзе!
Вольга Загорская, budzma.org