Каб не нудзіць вас справаздачай з літаратурнай імпрэзы, “Будзьма” вырашыла падаць фінал літаратурнага конкурсу A-LOVak у якасці анкеты – згадзіцеся, анкеты мы ўсе запаўняць прывыклі, а некаторыя нават любяць.
Што: Літаратурны конкурс A-LOVak – стартавая пляцоўка для маладых літаратараў Беларусі.
Хто: Платформа Litara-A, якая ўвесь мінулы год стварала відэаролікі, дзе вядомыя і не вельмі беларусы чытаюць свае ўлюбёныя вершы. Агульная колькасць праглядаў усіх ролікаў пераваліла за 100 тысяч.
Дзе: Бар “ДК”, нешта сярэдняе паміж сквотам і звыклым барам, як ніводнае іншае месца пасуе для літаратурных конкурсаў: поўная адсутнасць афіцыёзу ў атмасферы, якую тут які ўжо месяц ствараюць авангардысты ад мастацтва.
Мэта: Даць літаратарам-пачаткоўцам не толькі сябе паказаць, але і адно на аднаго паглядзець. Да таго ж стымул паспрабаваць сябе ў мастацкіх і не толькі тэкстах – мо нехта падумае: “Я таксама магу”, – і калі ласка: будучы новы класік.
Удзельнікі: Амаль сто сорак чалавек, аўтараў эсэ, празаічных твораў, вершаў і перакладаў.
Пераможцы:
Паэзія: Дар’я Трафімава, “Мае непрычасаныя думкі”
Проза: Арына Гардзей, “Я ўкраду цябе ў смерці”.
Пераклад: Дар’я Вашкевіч, “Усё пад кантролем” (Чарлз Джонсан).
Эсэ: Канстанцін Касяк, “Немаленькая краіна”.
Забавы: Арганізатары прапанавалі гасцям імпрэзы зачытаць з пэўнай эмоцыяй вельмі своеасаблівыя тэксты – калі-небудзь чулі радасна-захопленая чытанне ўслых інструкцыі па эксплуатацыі бензапілы? А варта.
Прызы: Падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”, сайта Vyshyvanki.by, Mymoleskine.by, LSTR.
Шаноўнае журы: Віталь Рыжкоў, Глеб Лабадзенка, Андрэй Хадановіч, Альгерд Бахарэвіч, Ганна Комар.
Цікавостка вечара: Альгерд Бахарэвіч уручае вышыванку Канстанціну Касяку.
Прамова вечара: відэазварот сябра журы Віталя Рыжкова, на якім, што праўда, адключыўся гук, аднак выглядала эмацыйна.
Музыка: DJ DIY.
Цікавостка вечара: Партрэты сяброў журы аўтарства Насты Бурко.
Будучыня праекта: Канчатковае ператварэнне суполкі Litara-A ў актуальную культурніцкую платформу.
Ю.У.