Конкурс «Францыск Скарына і сучаснасць»

22.07.2016 Конкурсы

Дзяржаўная ўстанова «Заслужаны калектыў «Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі», дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», адкрытае акцыянернае таварыства «Ашчадны банк «Беларусбанк» абвяшчаюць конкурс па стварэнні твораў для драматычнага тэатра «Францыск Скарына і сучаснасць».

skaryna

Конкурс праводзіцца з нагоды 525-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны – беларускага першадрукара, мысліцеля, вучонага, гуманіста-асветніка эпохі Адраджэння і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Мэтай конкурсу ставіцца ўзбагачэнне рэпертуару драматычных тэатраў краіны новымі творамі драматургіі, якія адлюстроўваюць духоўны подзвіг Францыска Скарыны, вялікае гістарычнае значэнне яго асветніцкай дзейнасці і навуковай спадчыны для сучаснікаў.

Правядзенне конкурсу «Францыск Скарына і сучаснасць» прызвана спрыяць пераемнасці лепшых традыцый народа, садзейнічаць далейшаму развіццю яго нацыянальнай самасвядомасці, сродкамі тэатра актыўна ўплываць на працэсы патрыятычнага выхавання прадстаўнікоў грамадства, у высокамастацкіх вобразах раскрываць унутраны свет чалавека ва ўсіх яго складанасцях і ўзаемасувязях з гістарычным мінулым і сённяшнімі пераўтварэннямі жыцця.

Конкурс на стварэнне твораў для драматычнага тэатра праводзіцца па пяці намінацыях:

•    ГІСТАРЫЧНАЯ П’ЕСА,
•    СУЧАСНАЯ П’ЕСА,
•    П’ЕСА ПА МАТЫВАХ,
•    ІНСЦЭНІРОЎКА,
•    СЦЭНІЧНАЯ ІДЭЯ.

П’есы прымаюцца да 31 жніўня 2016 года на адрас cbdrr@yandex.ru.

Па ўсіх пытаннях тэлефануйце куратару праекта Аляксандру Марчанке +375 29 136 56 76.

У адпаведнасці з зацверджаным Палажэннем пераможцы конкурсу ўзнагароджваюцца грашовымі прэміямі і дыпломамі.

rtbd.by