У 2017 годзе культурнай сталіцай Беларусі абраны Бабруйск. А ў канцы мінулага года грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання SYMPA абвясцілі ў горадзе Кірмаш праектаў дзеля паляпшэння яго культурнай прасторы.
І жыхары горада не ўпусцілі магчымасці, каб у такі знакавы для Бабруйска год прапанаваць адметныя і цікавыя ідэі, каб жыццё горада завіравала на новым узроўні.
Сам “Кірмаш праектаў” адбываецца ў тры этапы: збор праектаў, прэзентацыя, адбор і абвяшчэнне пераможцаў. Першы этап ужо завершаны, і ў конкурсе ўдзельнічаюць 10 абсалютна розных ідэй.
Зараз адбудзецца другі этап – публічная прэзентацыя праектаў, падчас якой аўтары змогуць атрымаць прафесійныя парады па іх дапрацоўцы і рэалізацыі, а ўдзельнікі – ацаніць, наколькі кожны з праектаў запатрабаваны і цікавы самім гараджанам.
11 праектаў – 11 адметных магчымасцяў кожнаму ахвотнаму далучыцца да паляпшэння той атмасферы, у якой жывем штодня.
Дзякуем аўтарам за цудоўныя ідэі і заклікаем іх актыўна рыхтавацца да прэзентацыі, якая адбудзецца 26 студзеня ў тайм-клубе “13:87”.
А ўсіх неабыякавых жыхароў Бабруйска запрашаем узяць актыўны ўдзел у абмеркаванні і адборы праектаў.
Кожны праект будзе ацэньвацца па 10-бальнай шкале як экспертамі, так і прысутнай аўдыторыяй, таму ваш голас будзе мець вагу і значэнне ў далейшым лёсе прадстаўленых ідэй. Пасля прэзентацыі вынікі галасавання будуць апублікаваныя на сайце кампаніі.
Справа знойдзецца для кожнага, бо “Кірмаш праектаў” – гэта месца, дзе збіраюцца аўтары, крытыкі, партнёры.
Чакаем вас 26 студзеня ў тайм-клубе “13:87” (вул. Савецкая, 97-2).
Пачатак у 18:00.
Уваход вольны!
Даведкі: +37529 319-93-09, www.budzma.by.