Консульства Латвіі ў савецкім Віцебску

31.03.2014 Гісторыя

Калі ідзеш па вуліцы Багдана Хмяльніцкага ў Віцебску, то перад адным з будынкаў можаш заўважыць лунаючыя сцягі Латвіі і Еўрасаюза. Гэта — Консульства Латвійскай Рэспублікі. Увагу прыцягвае і натоўп людзей побач, які стаў звычайным апошнім часам, бо латвійскае прадстаўніцтва пачало выдаваць жыхарам Прыдзвіння візы ў Польшу і некаторыя іншыя краіны.

Пасля распаду СССР і ўзвядзення “меж гранічных” з’яўленне дыпламатычных місій па-за сталіцай не было нечым дзіўным, асабліва ў тых абласцях, якія мяжуюць з “візавымі краінамі”. Аднак не ўсе віцябляне ведаюць, што Консульства Латвіі працавала ў нашым горадзе і раней – з 1925 па 1932 гг.

 

Віцебшчына латышская

Трэба сказаць, што ў другой палове ХІХ ст. адбывалася масавае перасяленне латышоў з этнічнай радзімы ў іншыя рэгіёны Расійскай імперыі. Звязаны гэты працэс быў з адменай прыгоннага права. На выбар беларускіх губерняў латышамі ўплывалі як геаграфічная блізкасць, так і наступствы паўстання К. Каліноўскага. Перасяленцы прынеслі сюды перадавыя спосабы вядзення сельскай гаспадаркі, а таму, арэндуючы ці выкупляючы даволі часта няўдобіцы, латышы здолелі хутка стварыць тут моцныя калоніі (невялікія пасяленні не больш 50 двароў, прычым некаторыя з іх уяўлялі сабой пэўнае згуртаванне хутароў, што знаходзіліся ў 1–2 км адзін ад аднаго).

Новая хваля міграцыі была выклікана пачаткам Першай сусветнай вайны, калі на беларускія землі эвакуіравалі некаторыя прадпрыемствы з прыбалтыйскіх губерняў, а таксама з’явілася значная колькасць бежанцаў.

Сучасная рэзідэнцыя Латвійскага Консула ў Віцебску на вул. Багдана Хмяльніцкага, 27а

Падпісанне мірнай дамовы з Латвіяй 11 жніўня 1920 г. дэ-юрэ замацоўвала прызнанне РСФСР гэтай прыбалтыйскай рэспублікі. Артыкул 19 згаданай дамовы прадугледжваў наладжванне дыпламатычных адносін паміж бакамі.

У гэты час актуальным стала пытанне грамадзянства. Так званы перыяд аптацыі (па назве працэса, які пачынаўся пасля хадайніцтва пэўнай асобы аб атрыманні грамадзянства) расцягнуўся на некалькі гадоў. У выніку сотні чалавек прынялі грамадзянства Латвіі і выехалі на этнічную радзіму. З другога боку, значная колькасць прадстаўнікоў самых розных нацыянальнасцяў (у тым ліку і латышоў-камуністаў) прасілі прыняць іх у грамадзянства БССР−СССР.

Па прыблізных падліках на пачатак 1925 г. на савецкай частцы сучаснай Віцебскай вобласці пражывала больш за 12,5 тысяч латышоў. Жылі яны пераважна ў сельскай мясцовасці. “Гарадскія” латышы працавалі ў савецкіх і партыйных органах, у сілавых структурах, на чыгунцы і прадпрыемствах. На той час у Віцебскай і Полацкай акругах працавала 9 латышскіх школ, у Віцебску дзейнічаў Латышскі клуб і латышскі дзіцячы дом. У Віцебску, Полацку і Оршы пры акруговых камітэтах КП(б)Б былі створаны і дзейнічалі латбюро, якія былі пакліканы каардынаваць нацыянальную палітыку савецкай дзяржавы сярод латышоў. Вось у такіх умовах у Віцебску пачало сваю работу Консульства Латвійскай Рэспублікі.

 

Першы консул у Віцебску

Адкрыццё Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску адбылося ў сакавіку 1925 г., калі ў горад прыбыў Эрнэст Гіргенсонс — першы латвійскі консул. Сам ён нарадзіўся ў 1891 г. у Рызе. З пачаткам Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў царскую армію. У 1916 г. яго воінская адзінка была перакінута ў Францыю на дапамогу саюзнікам Расіі па Антанце. Там Гіргенсонс быў узнагароджаны Ордэнам Ганаровага легіёну. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919 г. працаваў ваенным аташэ латвійскай дэлегацыі. За асабістыя здольнасці быў заўважаны Міністэрствам замежных спраў Латвіі і пакліканы на дыпламатычную службу. Першым прызначэннем для Э. Гіргенсонса стаў Віцебск.

Манета ў 2 латы, адбітая якраз ў год заснавання першага Латвійскага Консульства ў Віцебску

Месцілася Консульства па вуліцы Ніжне-Пятроўская, будынак 29 (прыкладна сучаснае скрыжаванне вуліц Камсамольская і Кірава, д. 12). Галоўнай задачай консула была дапамога суайчыннікам па розных пытаннях, якіх у першае дзесяцігоддзе савецкай улады было дастаткова. Гэта і атрыманне грамадзянства, і вываз маёмасці ў Латвію ці, наадварот, з яе ў БССР, і пацвярджэнне стану, і многае іншае.

З усталяваннем мяжы ўзрасла колькасць крымінальных спраў за яе парушэнне. Знаходзячыся пад пагрозай высылкі ў лагеры, некаторыя латвійскія падданыя шукалі дапамогі ў дыпламатаў. Таксама консульства рабіла візы грамадзянам, якія збіраліся наведаць Латвію. Агульны штат дыпмісіі складаў усяго тры чалавекі – апрача консула гэта былі сакратарка Гэрміна Апман і адказная па гаспадарцы Паўліна Лінынь.

Мясцовыя ўлады з падазрэннем адносіліся да Консульства, а таму за ім і ўсімі, хто наведваў дыпмісію, быў усталяваны пільны нагляд. Штомесяц Консульства павінна было дасылаць у замежны стол акрвыканкама звесткі пра асабісты склад дыпмісіі (нават калі ніякіх змен не адбывалася), якія таксама штомесяц перасылаліся ўпаўнаважанаму Народнага камісарыята замежных спраў і ў Замежны аддзел НКУС. Пашпарты супрацоўнікаў, як і ўсіх прыбываючых замежных грамадзян, рэгістраваліся ў акрвыканкаме, дзе вызначаўся тэрмін знаходжання ўладальніка пашпарта на савецкай тэрыторыі. Звычайна гэты тэрмін не перавышаў тры месяцы, хаця нарматыўна прадугледжваліся гадавыя візы.

Анкетны ліст Эрнэста Гіргенсонса — першага латвійскага консула ў Віцебску. Публікуецца ўпершыню

Анкетны ліст Эрнэста Гіргенсонса — першага латвійскага консула ў Віцебску. Публікуецца ўпершыню

Пра тое, які нагляд існаваў за латвійскім Консульствам, яскрава сведчыць службовая запіска загадчыка замежнага стала Віцебскага АВК Канановіча, скіраваная Упаўнаважанаму Контрразведвальнага аддзела 27 лістапада 1925 г. (стыль захаваны):

“Лістапада 26-га дня. З пакетам ад Консульства з’явіўся кур’ер, пра якога паведамлялася. У размове з апошнім высветлена наступнае: што ён з’яўляецца сынам дворніка таго дома, дзе жыве Консул, што ён на службе ў яго не знаходзіцца, а бацька яго за кожную асобную паслугу атрымлівае ад яго ўзнагароду. Высветліць прозвішча кур’ера не атрымалася, але апошні засведчыў, што ён Консульства не наведвае, а яго бацька часам бывае там, але пры той ці іншай неабходнасці — выканання даручэнняў іх выклікаюць праз Сакратара ці прыслугу Консульства. Згаданы кур’ер носіць скураныя пальчаткі, відавочна падараваныя Консулам, бо яны выглядаюць не расійскай вытворчасці, але ў размове апошні адмаўляе іх атрыманне ад Консульства і кажа, што гэтыя пальчаткі набыты ім яшчэ да вайны”.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, крыху больш чым за год работу консульства ўдалося наладзіць.

 

Сацыял-дэмакрат, сябра Л. Талстога і заступнік сям’і І. Рэпіна

У ліпені 1927 г. Э. Гіргенсонса на пасадзе консула замяніў Герман Пунга, бадай, адзін з самых выбітных латвійскіх дыпламатаў міжваеннага часу. Нарадзіўся ён у 1877 г. Удзельнічаў у сацыял-дэмакратычным руху, за што быў зняволены. Аднак пасля амністыі скончыў політэхнічны інстытут у Карлсруэ і працаваў на адказных пасадах на прадпрыемствах Урала. У 1921 г. ён адмовіўся ад кіруючай пасады ў Маскве і вярнуўся ў родную Латвію, дзе стаў міністрам фінансаў. Вабіла Пунгу і дыпламатычная праца.

Герман Пунга

Герман Пунга

Гады, калі Г. Пунга працаваў консулам у Віцебску, былі вельмі складаныя. Разгортвалася калектывізацыя, якая моцна ўдарыла па латышскіх гаспадарках на Беларусі. Латышы, як і многія іншыя добрасумленныя сяляне, адмоўна аднесліся да ідэі стварэння калгасаў. Натхнёныя прыкладам немцаў, якія масава рушылі з Паволжа на Маскву з патрабаваннем рэпатрыяцыі ў Германію, латышы таксама пачалі звяртацца ў Консульства па дапамогу ў справе выезду з БССР на радзіму. Улады як маглі перашкаджалі гэтаму. Самога Г. Пунгу неаднаразова папярэджвалі і абвінавачвалі ў стварэнні антысавецкіх і шпіёнскіх суполак.

Яшчэ з часоў царскага пераследу Г. Пунга быў звязаны з рускай інтэлігенцыяй. Асабліва блізкія сяброўскія адносіны ў яго склаліся з сям’ёй вядомага пісьменніка Л.М. Талстога. У Віцебску Г. Пунга пазнаёміўся з роднымі не менш вядомага мастака І.Я. Рэпіна, якія пасля выезду апошняга ў фінскія Пенаты засталіся ў сядзібе Здраўнёва пад Віцебскам. Калі Рэпін адмовіўся вяртацца ў СССР, лёс яго сямейнікаў быў незайздросны, яны ўвесь час знаходзіліся пад пагрозай высялення як “былыя памешчыкі”. Консул за ўласныя сродкі аказваў ім дапамогу, у тым ліку матэрыяльную, асабіста вывозіў лісты да І.Я. Рэпіна, каб тыя не былі перахоплены НКУС. Разглядалася пытанне аб выездзе праз Латвію родных мастака для ўз’яднання з Іллёй Яфімавічам, але савецкі бок як мог зацягваў гэтую справу.

Прыкладная тэрыторыя на скрыжаванні вуліц Кірава і Камсамольскай, дзе з 1925 г. знаходзілася рэзідэнцыя Консула Латвіі ў Віцебску

Прыкладная тэрыторыя на скрыжаванні вуліц Кірава і Камсамольскай, дзе з 1925 г. знаходзілася рэзідэнцыя Консула Латвіі ў Віцебску

Не надавалі сімпатый латвійскаму консулу ад бальшавіцкіх улад і рэгулярныя выступы Г. Пунгі ў СМІ, дзе ён выкрываў хібы дзяржаўнага і эканамічнага ладу ў савецкай дзяржаве. У выніку ў лістападзе 1930 г. савецкае кіраўніцтва дамаглося высылкі Г. Пунгі з СССР.

 

Апошнія месяцы дыпмісіі ў Віцебску

Толькі ў студзені 1931 г. у горад прыбыў Фрыц Фрыдэнбергс, які стаў трэцім і апошнім латвійскім консулам у Віцебску ў міжваенны час. У краіне разгортваліся рэпрэсіі, звязаныя з правядзеннем калектывізацыі. У 1930−1931 гг. многія латышы-гаспадары былі сасланыя ў лагеры. Знішчаліся апошнія лютэранскія суполкі. Консульскія супрацоўнікі маглі толькі назіраць за тым, што адбывалася, не будучы здольнымі хоць якім чынам паўплываць на падзеі.

Сусветны эканамічны крызіс, які ў пачатку 1930‑х гг. захапіў амаль усе краіны, прымусіў Латвію пайсці на скарачэнне сеткі дыпмісій. Трапіла сюды і віцебскае Консульства. У красавіку 1932 г. яно было афіцыйна зачынена, а Ф. Фрыдэнбергс быў пераведзены ў амбасаду ў Маскве.

Шыльда на сучасным будынку Консульства  Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску

Шыльда на сучасным будынку Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску

Вось так скончыўся першы этап існавання латвійскага Консульства ў Віцебску, які расцягнуўся на сем гадоў. Зноў дыпламатычнае прадстаўніцтва Латвійскай Рэспублікі пачне сваю дзейнасць у нашым горадзе толькі ў 1994 г.

Артыкул апублікаваны ў серыі праекта “Віцебск: папулярнае мінулае

vitebsk4.me

Тэгі: