Класік беларускай літаратуры Якуб Колас па-мастацку апрацаваў некалькі дзясяткаў народных казак. Сярод іх была адна асаблівая — казка, якую савецкая ўлада прызнала контррэвалюцыйнай. Яна была выдадзена ў 1928 годзе, то-бок 95 гадоў таму. Пра якую казку ідзе гаворка і ў чым цэнзура магла ўбачыць небяспеку, распавядаем у артыкуле.
Шыкоўнае выданне «экстрэмісцкай» казкі
Ілюстраваў шыкоўную дзіцячую кніжку вялікага фармату знакаміты мастак Валянцін Волкаў — аўтар малюнка герба БССР, а таксама знакамітага палатна «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» (аднаго з самых вядомых беларускіх твораў перыяду савецкага рэалізму ваеннай тэматыкі). Менавіта Валянцін Волкаў з 1928 па 1941 год працаваў у дзяржаўным выдавецтве БССР.
Валянцін Волкаў. Крыніца: Minsknews
Вокладка выдання казкі «Як пеўнік ратаваў курачку», 1928 год
Шыкоўна ілюстраванае выданне народнай казкі раптам праз 3 гады пасля свайго выхаду, у 1931 годзе, аказалася пад забаронай.
.
Дакумент з экспазіцыі музея Якуба Коласа, у якім прапісана прапанова аб забароне казкі. Фота аўтара
Кумулятыўная казка з апрацаванай па-мастацку канцоўкай
Пабег ён да мора вады прасіць.
— Мора, мора, дай вады.
— Нашто вада?
— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою, — нісапне, нідыхне.
Кажа мора:
— Ідзі да япручка, няхай дасць ікла.
Прыбег пеўнік да япручка.
— Япручок, япручок, дай ікла.
— Нашто ікол?
— Мору ікол, каб мора дало вады.
— Нашто вада?
— Курцы вада: ляжыць курка пад мяжою, не парушыць галавою, — нісапне, нідыхне.
А япручок кажа:
— Ідзі да дуба, няхай дасць жолуда, прынясі мне яго, тады я дам ікол. Пабег пеўнік да дуба.
Змест гэтага вуснапаэтычнага твора сярод казак пра жывёл прыкметна вылучаецца асаблівасцямі пабудовы сюжэтнай лініі.
Вуснапаэтычны твор «Як пеўнік ратаваў курачку» адносіцца да групы так званых кумулятыўных казак, якія некаторыя даследчыкі разглядаюць як самастойны жанр ці асобную жанравую разнавіднасць казачнага эпасу.
Як пісаў філолаг і фалькларыст Уладзімір Проп, «асноўны кампазіцыйны прыём кумулятыўных казак заключаецца ў якім-небудзь шматразовым, усё нарастаючым паўтарэнні адных і тых жа дзеянняў, пакуль створаны такім спосабам ланцуг не абрываецца ці не расплятаецца ў адваротным убываючым парадку». Вучоны звязваў такія творы з раннімі формамі свядомасці, а «нанізванне» эпізодаў лічыў не толькі мастацкім прыёмам, але і формай мыслення, якая праявілася ў фальклоры і мове.
Сучасны адукаваны чытач з задавальненнем пачытае ці праслухае шэраг такіх казак, захапляючыся галоўным чынам слоўнай тканінай гэтых твораў. Аднак кумулятыўныя казкі не адпавядаюць нашым цяперашнім формам свядомасці. Такім чынам, «Як пеўнік ратаваў курачку» адносіцца да жанру кумулятыўных казак і з’яўляецца вельмі архаічнай па паходжанні.
Цікава, што ў беларускай вуснапаэтычнай традыцыі існуе яшчэ адзін варыянт гэтай казкі — «Як курачка пеўніка ратавала». Яна ідэнтычная па героях і вельмі блізкая па змесце, аднак сканчваецца тым, што пеўнік праглынуў бобінку і застаўся жывы.
Якуб Колас у другой палове 1920-х. Крыніца: музей ім. Я. Коласа
Хутчэй за ўсё ў казцы «Як пеўнік ратаваў курачку» была крыху зменена або нават прыдумана канцоўка самім Якубам Коласам. Адназначна сцвярджаць такую тэзу не выпадае, хоць якраз канцоўка казкі завастрае трагічнасць здарэння і драматызм усёй сітуацыі:
«Бяжыць пеўнік з вадою на бабовішча.
Паглядзеў, — аж ужо курку чэрві з’елі. Выкапаў пеўнік яму і пахаваў курачкіны костачкі, сам жаласна заспяваў і ў свет павандраваў. На гэтым і байка ўся. Зарэзала баба гуся: баечніку дала кумпячок, а слухачам — трыбушок».
Як адзначаюць даследчыкі-літаратуразнаўцы, Якуб Колас заўсёды беражліва адносіўся да ідэйнага сэнсу народнага твора. Захоўваючы асноўныя асаблівасці народнага стылю, ён драматызаваў змест казак, узмацняючы дзеянні за кошт апісанняў, пашырэння дыялогу, удасканальвачы асноўныя канфлікты. Відавочна, што такі падыход пісьменніка захаваўся і пры працы з казкай «Як пеўнік курачку ратаваў».
У чым цэнзура магла ўбачыць небяспеку народнай казкі
З прыведзенага вышэй матэрыялу бачна, што выданне было накіравана перадусім на дзіцячую аўдыторыю. Тады якім чынам народная казка магла падацца кіраўніцтву Савецкай Беларусі контррэвалюцыйным творам?
Можна меркаваць, што хтосьці з савецкіх чыноўнікаў, забараняючы выданне казкі, праявіў сваю звышпільнасць. Гэты «хтосьці», верагодна, звярнуўся да зместу народнага твора. Асабліва звяртае ўвагу на сябе канцоўка казкі, калі пеўнік закапвае курачку, якая памерла.
Магчыма, менавіта канцоўка вуснапаэтычнага твора магла прыцягнуць увагу партыйных органаў. Сумная канцоўка казкі, на іх погляд, магла адлюстроўваць працэсы калектывізацыі, якія ў 1928 годзе пачалі набіраць вялікія маштабы і хуткія тэмпы. Такім чынам, у фінальнай частцы твора мы зможам убачыць стаўленне самога пісьменніка да тагачасных працэсаў у краіне Саветаў.
Ёсць таксама менш відавочнае прачытанне народнага твора. У казцы, каб выратаваць курачку, пеўніку-небараку прыйшлося аббегаць шмат памочнікаў і дарадцаў, іх можна налічыць ажно дзевяць: мора, япручок, дуб, ліпа, дзяўчаты, пастухі, касцы, пан/араты, каваль. Толькі пасля апошняга візіту да каваля, справа з выратаваннем курачкі пачала выпраўляцца. Аднак пакуль пеўнік бегаў па дапамогу, ад куркі засталіся адны костачкі.
Такім чынам, у змесце народнай казкі таксама маглі пабачыць алюзію на савецкую дзяржаву, а пад вобразам пеўніка ўбачылі простага савецкага грамадзяніна, які звяртаецца да розных «інстанцый» і просіць дапамогі. Вынік атрымоўваецца вельмі сумны, што сведчыць пра абсалютную неэфектыўнасць савецкіх органаў улады і нават іх шкоднасць. Натуральна, такое прачытанне менш верагоднае, аднак гіпатэтычна магло існаваць. У рэшце рэшт прычына забароны народнай казкі, апрацаванай Якубам Коласам, крыецца менавіта ў змесце твора, што падаўся небяспечным для савецкіх партыйных органаў.
Казку «Як пеўнік курачку ратаваў» доўгі час не друкавалі, і выйшла яна толькі ў пасляваенны час у зборніку «Беларускія народныя казкі» (1952), прычым канцоўка была крыху падкарэктаваная пісьменнікам:
«Бяжыць пеўнік з вадою на бабовішча.
Паглядзеў, аж ад куркі адны толькі костачкі засталіся.
На гэтым і байка ўся. Зарэзала баба гуся. Баечніку дала кумпячок, а слухачу — трыбушок».
У тэксце асобнага выдання казкі 1928 года Якуб Колас шматразова ўжываў слова «пан», якое ў зборніку «Беларускія народныя казкі» 1952 года было заменена «аратым», а «пас» заменены на «пояс».
Сучаснае перавыданне некаторых беларускіх народных казак, апрацаваных Якубам Коласам. Крыніца: «Звязда»
На сённяшні дзень цэнзура засталася, але часы крыху змяніліся, прынамсі, беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа ўжо трэці раз запар добра ілюстраваным выданнем выходзяць у дзяржаўным выдавецкім доме «Звязда». А сярод набору казак ёсць і тая самая «контррэвалюцыйная» — «Як пеўнік курачку ратаваў».
Хведар Прылёпаўскі, budzma.org