«У гэтай гульні трэба брахаць, каб ускараскацца па службовай лесьвіцы, зрабіць галавакружную кар’еру. Такім чынам ствараецца вэртыкаль хлусьлівае ўлады. Маняць усе — ад гары да долу. Па гэтых самых правілах жыве і просты народ. Маўляў, а што рабіць, тут так прынята». Лявон Вольскі піша пра заганнае кола хлусні, у якім дзесяцігоддзямі жыве цэлая краіна.
Лявон Вольскі
Ёсьць людзі, якія паталягічна ня могуць гаварыць праўду. Неяк так у іх пашкодзілася апэрацыйная сыстэма, што хлусяць і ня могуць спыніцца. Асабліва, калі на іх скіраваная людзкая ўвага, калі ёсьць гледачы і слухачы. Надзімаюцца, распавядаюць пра сваё гераічнае мінулае, рэспэктабэльнае сёньня і зіхоткае заўтра. Распавядаюць брыдкія рэчы пра розных людзей, зь якімі, быццам бы, кантактавалі і якія, маўляў, направер выявіліся несумленнымі і непрыстойнымі.
І часьцяком людзі ўжо ведаюць, што перад імі звычайны хлус, але працягваюць слухаць і нават хітаюць галавою. А потым міжсоб гавораць: «Дык а чаго вы хочаце, гэта ж Саша (Вова, Пеця, Нічыпар...), ён жа ж заўсёды такі». То-бок, ніхто не перарве, ня скажа: «Чаго ты вярзеш?! Гэта ж лухта і хлусьня!», не.
Паслухаюць, а потым у прыватных размовах ціхенька пасьмяюцца. А хлус тым часам набірае абароты, прыдумляе ў захапленьні ад сябе новыя і новыя падрабязнасьці, новыя гісторыі, разьдзімаецца, распушвае пер’е...
Нічога яшчэ, калі гэтыя людзі проста існуюць сярод нас. Нароўні з намі. Непрыемна, безумоўна, слухаць такога чалавека і разумець, што ён брэша, і ён сам у глыбіні душы разумее і тое, што брэша, і тое, што ты гэта разумееш, але працягвае. А табе ж неяк няёмка яго груба перарваць — ты ж культурны! Заганнае кола. Але горай, калі гэты паталягічны брахун дарываецца хоць да якое ўлады. Да ўлады над людзьмі. Да прэсы. Тут ужо стоадсоткава ніхто з падначаленых ня будзе яго выводзіць на чыстую ваду. Будуць пакорліва стаяць і падтакваць: вояёй, што вы гаворыце, як цікава, як страшна, як сьмешна, як інтрыгоўна! І прэса будзе занатоўваць ягонае хваравітае трызьненьне.
Малюнак Лявона Вольскага
Зусім бяда, калі такі манюка ўзьбіраецца на ўладныя вяршыні. Калі ягоная аўдыторыя — гэта ўся краіна. Яна вымушаная гадамі (калі не пашчасьціць — дзесяцігодзьдзямі) слухаць ягоныя неверагодныя гісторыі пра змовы, падступных ворагаў звонку і ўнутры, пра тое, як на яго ціснуць з усіх бакоў (і паралельна — безумоўна, пра ягонае гераічнае мінулае, рэспэктабэльную рэчаіснасьць і зіхоткую будучыню).
А яшчэ гэты паталягічны хлус аточыць сябе такімі самымі брахунамі. Ну, можа, не такімі хваравітымі, як ён, а простымі банальнымі кар’ерыстамі, для якіх мана — частка гульні, пагоні за посьпехам.
У гэтай гульні трэба брахаць, каб ускараскацца па службовай лесьвіцы, зрабіць галавакружную кар’еру. Такім чынам ствараецца вэртыкаль хлусьлівае ўлады. Маняць усе — ад гары да долу. Па гэтых самых правілах жыве і просты народ. Маўляў, а што рабіць, тут так прынята, «вы жэ самі ўсё прэкрасна панімаеце»!
Лекары падчас пандэміі набрэшуць, што гэта ніякі не каранавірус, а проста запаленьне.
У ваенкамаце нахлусяць, што ты прыдатны да службы (хаця ў цябе зрок −7 і плоскаступнёвасьць), перад гэтым цябе надураць у лякарні, маўляў, зрок палепеў і ступакі не такія ўжо й пляскатыя, а радзіме патрэбныя жаўнеры.
У міністэрстве культуры будуць брахаць пра тое, што «Славянскі базар» — гэта падзея сусьветнага маштабу (пасьля гэтае векапомнае падзеі на другім мейсцы ў сьвеце знаходзяцца «Дажынкі», а ніякіх «чорных сьпісаў» выканаўцаў у краіне не існуе).
У так званых сілавых структурах нахлусяць, што ніякіх палітвязьняў у нас няма, адно толькі крымінальнікі, і ўсе ўтрымліваюцца ў аднолькавых умовах, блізкіх да санаторных. Каб падмацаваць гэтую хлусьню, прафэсійны брахун-прапагандыст здыме сюжэт пра ледзьве не рэстарацыйнае харчаваньне ў вязьніцы, а побач у камэры, разьлічанай на чатырох асобаў, будуць пакутаваць дваццаць чалавек — без матрацаў і бялізны.
Калі твае сваякі (сябры, знаёмыя), крый божа, патрапяць у які РУУС, там на твой запыт ніколі (ніколі!) не адкажуць: так, яны знаходзяцца ў нас. Заўсёды будуць выкручвацца і брахаць: ня ведаем, у нас такіх грамадзянаў няма, пашукайце дзе яшчэ. А на заўтрашнім судзе амонавец засьведчыць, што яны, гэтыя твае сваякі (сябры, знаёмыя) парушалі парадак, лаяліся й гучна крычэлі. Хаця гэты амонавец учора быў у сваіх бацькоў у Магілёве і гэтых тваіх сяброў-сваякоў у вочы ня бачыў.
МЧСнік на папялішчы твайго лецішча будзе пераконваць цябе, што варта падпісаць пратакол, што ты неасьцярожна абыходзіўся з агнём, вось хата й пагарэла. Ну і што, што цябе ў гэты час там і блізка не было! «Нам жа трэба закрыць справу, падпішыце вы гэты пратакол, вам за гэта нічога ня будзе, толькі мінімальны штраф выпішам. Ці вы хочаце, каб мы пачалі расьсьледаваньне і яшчэ чагосьці ў вас тут накапалі?».
А першая асоба дзяржавы, зь якой пачынаецца і на якой завяршаецца ўсё гэтае заганнае кола, усё болей захапляецца, набірае абароты, расфуфырваецца, плюецца направа ды налева фантастычнымі гісторыямі і неверагоднымі аповедамі. Якія ня маюць да рэчаіснасьці нават прыблізнага дачыненьня. Першая асоба не спыняецца. Хто ж яе спыніць, гэтую першую? І навошта? Лепей браць прыклад.
Так і стаіць краіна. На трох кітах. Брудных, сьмярдзючых, аблезлых... Мане, брахні і хлусьні.
Лявон Вольскі, Budzma.org