“Краіна”. Свабода, Тураў і Альшаны (+фота, відэа)

11.07.2015 Краіна

— Дзяржава зрабіла ўсё, каб паставіць сельскую гаспадарку на калені.

— У сэнсе?

— З цэнтра нам прыказваюць, што сеяць, калі сеяць, што і па якой цане купляць, што і па якой цане прадаваць. Таму фермерам выжыць лягчэй: я даўно прапаную іх узяць пад кантроль і даваць дакладны план, колькі і якой прадукцыі яны абавязаныя пасеяць і здаць.

— А вы не думалі, што, наадварот, трэба не фермераў душыць, а калгасам і саўгасам даць свабоду? Каб ім зверху ніхто нічога не паказваў, а кіраўнікі на месцах самі вырашалі?

— Не, я пра гэта нават не думаў…

Усім прывітанне, гэта зноў “Краіна”, сумесны праект часопіса “Большой”, auto.tut.by і кампаніі “Будзьма беларусамі”.  Прыведзеныя вышэй словы — гэта размова з намеснікам старшыні не жыткавіцкага калгаса, які пажадаў застацца невядомым. Тэма сённяшняга рэпартажу — як жывуць і што робяць людзі на Палессі. Нагадваю, што наш атрад выйшаў з балота, пра прыгоды можна чытаць тут, і мы едзем далей: Альшаны, Тураў.

У Тураве прабавім тыдзень на стаянцы, дзякуй Ірыне Сяргейчык, гаспадыні аграсядзібы “Коло Струменя”, якая дала нам 220 вольт праз плот.

“В настоящее время Туров, кроме воспоминаний о минувшем величии, о значении его в историческом отношении, ничем особенным не замечателен”. Напісана Адамам Кіркорам у “Маляўнічай Расіі”, выдадзенай у 1882 годзе, і ў нашым выданні 2015 года гэтыя словы можна паўтараць. Росквіт Турава прыпаў, мабыць, на XII стагоддзе, калі Тураў называлі Палесцінай і ў горадзе было 2 манастыры і 85 цэркваў. Па тых часах гэта як Нью-Ёрк цяпер. Потым здарыўся класічны беларускі заняпад, няма таго, што раньш было, — але захавалася ў Тураве асаблівая атмасфера, якой адрознівае, напрыклад, Санкт-Пецярбург ад Масквы.

Калі ў Расіі можна казаць пра “піцерскіх”, на Палессі можна казаць пра “тураўскіх” — яны і праўда адрозніваюцца менталітэтам, асаблівым гонарам за свой горад і яго гісторыю.

 

Вось лекцыя ад выпадковага мінака, беспрацоўнага, са шкоднымі звычкамі — але і той не просіць адразу грошай, а спачатку лекцыю пра Тураў чытае.

 

Ірына Сяргейчык таксама успамінае мінуўшчыну Турава і свае дзіцячыя думы. Я пацвярджаю: на ўчастку Пінск — Тураў няма горада больш атмасфернага. Хай маленькага, але характэрнага, са сваёй душой.

Тураў — адзін з найлепшых гарадоў Беларусі. Невялікі, кампактны, з веладарожкамі і помнікамі культуры, з унікальным тураўскім лугам, Прыпяццю і нават сваёй мацарэлай. Здавалася б, жыві і радуйся, але насельніцтва Турава скарачаецца, а ў горадзе ёсць налёт дэпрэсіі, зрэшты, як і ў шмат якіх беларускіх гарадах.

— Гаспадыня, пачым возьмеш гарошак? Аддам па 10 тысяч, у краме такі ж слоік 15 каштуе, — гэты дыялог мы чуем ранняй раніцай, і гэты самы голас за дзень да таго скардзіўся нам, што ў Тураве працы няма.

— Работы ў горадзе няма! Куды ісці?

— Тураўскі малочны камбінат, дзе мацарэлу робяць, не бярэ?

— Дык там працаваць трэба! Усюды камеры вісяць, сочаць за табой. Вывучаць трэба нейкія інструкцыі, за ўсё адказваеш… А ў нас на працы і паспаць можна, калі пашанцуе. Праўда, і плацяць мала, тры мільёны. Я ж кажу, няма працы ў Тураве, працаваць няма дзе.

Мы рамантуем матацыкл на мосце, падыходзіць вартаўнік, цудоўны, душэўны чалавек, дапамог ключамі.

— Каб я на працу пайшоў? А гаспадаркай хто будзе займацца? У мяне дом, парнік, цяпліца, мне праца не патрэбная, вартаўніком мяне цалкам задавальняе…

Цяпер вяртаемся да размовы з менеджарам калгаса ў глухім лесе.

— Думаеце, я не ведаю, што работнікі салярку зліваюць? Ведаю, хто колькі і пачым кожны дзень яе прадае — але я нічога не магу зрабіць. Як ім на два мільёны зарплаты сем’і пракарміць? Калі я злаўлю кожнага за руку, хто працаваць будзе? Вось так і жывем…

І гэта нейкі тупік: беларусы да працы цяпер ставяцца як да нейкай паншчыны, якую трэба адбыць, а далей займацца сваімі справамі. Парніком, перавозкамі, лесам, чым хочаш. Галоўнае на працы эканоміць сілы для сваіх асабістых справаў. Выразней за ўсё сфармуляваная гэтая сітуацыя так:

— Ты кажаш, беларусы скардзяцца на жыццё, жывуць дрэнна? Жывуць дрэнна тыя, хто начамі спіць, — а што яны, хацелі ноччу спаць і жыць добра? Так не бывае!

Склалася ўнікальная сітуацыя, калі нізы і вярхі могуць, але не хочуць. Адным варта перагледзець стаўленне да працы, другім трэба ісці на паслабленне кантролю. Бо ў сярэднетэрміновай перспектыве маячыць крызіс, у які поўным ходам ляціць “Тытанік”, а матросы прадалі шрубы эскімосам за бочку віна. “Гаспадыня, гарошак па 10 возьмеш? У краме такі 15 каштуе…”

Тураў: прыгожы беларускі горад. Я рады, што няма запусцення, як у некаторых суседзяў, я рады ахайным вуліцам і ахайным хатам, але ў эканамічнай сітуацыі адчуваецца тупік.

— У нас няма маладых — гэта ўсё той жа намеснік старшыні калгаса. — Я прывык працаваць, працую, а маладых амаль няма. Мой сын, напрыклад, адвучыўся, дома, але аддае перавагу таму, каб на “шабашку” ездзіць, у калгас не ідзе. Не ведаю, што гадоў праз пяць будзе, калі мы на пенсію пойдзем…

 

Гэта сферычная панарама, на яе можна націснуць і пакруціць — і гэта від на так званую “Шрублёўку”. Так мясцовыя ў Тураве называюць вуліцу, дзе жыве Міхаіл Шруб, фермер. Калі праводзіць гістарычныя аналогіі, ён мясцовы Радзівіл: свая гаспадарка, некалькі цэхаў, кафэ, гасцявыя домікі. Жыве на першай лініі ля старога рэчышча Прыпяці.

І вось у спадара Шруба тупіка не відаць.

Тэатр пачынаецца з вешалкі, для мяне Шруб пачаўся з аўтамабіляў сям’і: выгульваючы сабаку, звярнуў увагу, што фермерскі аўтапарк немалады. Міхаіл ездзіць на Land Cruiser ва ўзросце, сын выкарыстоўвае Toyota RAV-4 у гадах, а зяць наогул эксплуатуе дабіты Passat, нічым не вылучаючыся з агульнай тураўскай масы. Лысыя шыны з аўтамабіля Міхаіла Шруба я б наогул выкінуў на сметнік: заўважна, што людзі эканомяць і не пускаюць пыл у вочы.

— Як я пачынаў? — у нас невялікае інтэрв’ю ў кафэ “Будзьма”, якое належыць Шрубу. — Я пачынаў з жонкай і малымі дзецьмі на руках, хацеў незалежнасці і вырашыў у пачатку 90-х паспрабаваць фермерскі хлеб. Першапачатковы капітал браў у мясцовых пенсіянераў у доўг, людзі мяне ведалі і давяралі. І так год за годам рос. Сказаць, што было цяжка, — не сказаць нічога. Я за апошнія 20 гадоў у адпачынку быў тыдні два, не болей. Куды я паеду? Мне тут цікава.

 

— У нас знайсці чалавека на два мільёны заробку, дзе не трэба нічога рабіць, значна прасцей, чым на заробак у дванаццаць мільёнаў, але з адказнасцю, — вось той самы тупік, сфармуляваны Міхаілам Шрубам.
Мы добра пагаварылі і паехалі ў палі.

Паездка нагадвала справаздачу для савецкіх карэспандэнтаў: чаго ні краніся, у Шруба ўсё ідэальна. Засуха? У палях працуюць палівальныя комплексы, спадзяюцца выратаваць ураджай.

— Падкрэсліваю, што працуем мы без аўралаў. За ўраджай не б’емся і не змагаемся, усё ў працоўным рытме. І нават ва ўборачную кампанію стараемся, каб у людзей быў адзін выходны…

Вёска Хільчыцы, помнік ахвярам рэпрэсій, усталяваны Міхаілам Шрубам. На ўсіх ніжніх радках — прозвішча Шруб. Ля помніка стала відавочна, адкуль у Міхаіла цяга да працы, свабоды і зямлі. “Я за апошнія дваццаць гадоў у адпачынку быў два тыдні”, — за гэта ў свой час у Варкуту высылалі.

Далей працягваем экскурсію па “шрубаўскіх” месцах. За паваленымі платамі — аграгарадок па-шрубаўску. У гэтым доміку робяць рамонт, паставяць душ, туалет, і ў ім будуць жыць работнікі фермерскай гаспадаркі.
— Для сваіх мы будуем або рамантуем домікі, даем жыллё. Плюс выдаём таварную дапамогу прадуктамі гаспадаркі, мясам, малаком. Сярэдні заробак па гаспадарцы цяпер каля 7 800 000 рублёў. Калі казаць пра эфектыўнасць прадпрыемства, сярэднегадавая выручка на аднаго працоўнага ў нас — каля 62 000 даляраў. Выкарыстоўваючы ўсяго 3,5% сельгасугоддзяў раёна, мы даем 25% выручкі адносна агульнага аб’ёму выручкі сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна. Агульны даход у мінулым годзе — 15 мільярдаў рублёў.

Я не веру, гэта нейкі Тэхас і Дэвід Лінч: толькі што ў мяне на грудзях рыдаў топ-менеджар калгаса, казаў, што гэты цягнік у агні і нам няма куды больш бегчы. Толькі што простыя тураўцы скардзіліся на жыццё, што пад камерамі яны адмаўляюцца працаваць, таму што трэба працаваць, — а тут іншая рэальнасць і размовы пра Еўропу. Пра тое, што нас там ніхто не чакае і нам трэба на месцах будаваць вакол сябе прыгожую рэальнасць.

— На беразе ракі Сцвіга будую гасцявыя домікі, думаю зрабіць лодачны маршрут. На хуткі прыбытак не разлічваю, усе ў нас чамусьці думаюць, што інвестыцыі павінныя адразу прыносіць прыбытак. Гэта не так, у рэальным жыцці маментальнай прыбытковасці няма. Але трэба ж чымсьці займацца, развівацца, дыверсіфікаваць род дзейнасці.

Далей у духу савецкіх рэпартажнікаў зазіраем у даільную залу фермы спадара Шруба.

— Каля мільёна даляраў каштавала чэшскае абсталяванне…

Рэкамендую звярнуць увагу не на твар даяркі, а на чысціню падлогі: на ферму Міхаіл Шруб не хацеў ісці, мы яго ўгаварылі, выпадковая праверка. Я калі жыў халасцяком, у мяне на стале брудней было.

Але больш за ўсё мяне ўразілі не апараты, а людзі: на здымку ветдоктар Мікалай Кісялёў і начальнік свінакомплексу Андрэй Шкут. Дзе звыклы прапіты выгляд няўдачніка-спецыяліста? Маладыя хлопцы, майкі, джынсы, кеды. У аднаго майка “Стамбул”, у другога “Гаўдзі”, у Мінску сышлі б за праграмістаў.

Ад убачанага я, бляха, працёр свае акуляры — гэта нейкая не беларуская ферма, гэта мы і праўда ў Еўропу са сваёй “Краінай” заляцелі.

”Княжанне Шруба лічаць усе летапісцы…” — разумееце, я не прыхільнік дыфірамбаў, але на фоне агульнай маркоты, крызіс, грошай няма, усё дрэнна фермерская гаспадарка Міхаіла Шруба выглядае правільнай сельскай гаспадаркай у краіне. Без датацый, даўгоў і з адэкватнымі работнікамі, якія ўначы могуць дазволіць сабе спаць, а не спрабаваць зарабіць недзе яшчэ.

Паміж цяперашнім станам калгасаў і бізнесам Міхаіла Шруба ляжыць прорва, якую трэба запаўняць адкручваннем гаек. Той самай свабодай прыняцця рашэнняў кіраўнікамі гаспадарак, на адсутнасць якой скардзіўся намеснік старшыні калгаса ў пачатку матэрыялу.

 

Для чысціні эксперыменту я спытаў меркавання пра Шруба ў таго самага адукаванага мінака, што быў у пачатку матэрыялу.

“Толькі нармальна, сумленна трэба працаваць у яго… Добры чалавек”.

І што тут скажаш? Ідэальна чыстых няма, яны ў раі. Але на сайце фермерскай гаспадаркі ў раздзеле “Вакансіі”  патрабуюцца людзі. У той час як уся краіна ў 2015 годзе ад крызісу крэкча і думае пра звальненні людзей.

Але ёсць на карце Палесся яшчэ адзін пункт, дзе людзям жыць добра, — вёска Альшаны.

”Сам зарабіў”, — гэтая фраза лунае ў паветры над усім Альшанскім рынкам, які спецыялізуецца на агурках. Альшаны — звычайная вёска, але паглядзіце фота: адначасова агуркамі тут грузіцца каля 30 грузавікоў. Кожны павязе каля 20 тон, а колькі ўжо з’ехала на мікрааўтобусах і драбнейшых грузавіках? Штодзённы абарот па самых сціплых ацэнках атрымліваецца каля 700 тон.

У вёсцы Альшаны жыве каля васьмі-дзесяці тысяч чалавек. У горадзе Тураў — тры тысячы. У Альшанах агуркі возяць хай на пашарпанай, але Audi A8.

— От! Зноў летапісцы прыехалі! Панапісваеце лухты, што мы тут грошы мяхамі зарабляем… лепш напішыце, як мы тут працуем, якім потам і горам гэтая капейчына даецца…

Што ж, вось вынікі невялікага журналісцкага расследавання.

Перш чым стаць агурочным раем, Альшаны сталі вёскай, дзе з’явіліся пяцідзясятнікі. Пяцідзясятніцтва — адзін з кірункаў пратэстантызму, які ў сваю чаргу каранямі ідзе ў эпоху Рэфармацыі і да Марціна Лютэра. Па словах мясцовых жыхароў, першыя пяцідзясятнікі з’явіліся тут у 30-я гады ХХ стагоддзя, яшчэ за Польшчай.

 

— Чаму тут шмат вернікаў?

— У нашай мясцовасці людзі прымалі прапаведнікаў, таму што людзі тут Слова Божае прымалі…
Нават Савецкі Саюз не забіў веру ў альшанцах.

— Мы верылі, нават піянерскі гальштук не навязвалі, складана было, ганенні на нас былі…

Прыкладна ў 70-я гады ХХ стагоддзя Альшаны заняліся парнікамі і агуркамі. Чаму, ніхто так і не адказаў. Але вырошчвалі агуркі, памідоры, прадавалі. Паводле аповедаў мясцовых жыхароў, з парнікамі партыя змагалася: ламалі, ціснулі бульдозерам, але альшанцы ўсё роўна будавалі парнік. Магчыма, гэта звязана з колькасцю дзяцей: колькі Бог даў, столькі ў сем’ях і дзяцей. У многіх нашых суразмоўцаў ад 11 да 18 дзяцей у сям’і. Іх трэба пракарміць, адсюль і спроба хоць неяк зарабіць.

90-я прайшлі для альшанцаў пад тэнтамі грузавікоў, якія ездзілі ў Вільню, Рыгу, Львоў, альшанцы ўсюды прадавалі агуркі.

 

У нулявыя пачаў афармляцца рынак.

Цяпер Альшаны круцяцца вакол рынка, усё замыкаецца на ім: агурок-памідор здаў — паехаў зноў у цяпліцу на працу. Услед за Альшанамі падцягнуліся жыхары найбліжэйшых вёсак: у радыусе 50 км усе непітушчыя імкнуцца займацца парнікамі.

”Бог нас вучыць, каб мы працавалі”, — таму Альшаны па сваёй актыўнасці Азію нагадваюць. Раніцай і ўвечары суцэльны трафік з ровараў, мапедаў, матацыклаў усіх відаў. Дробныя вёскі згасаюць? Гарады ў дэпрэсіі, працы няма? Вы едзьце на экскурсію ў Альшаны, энергіі там больш, чым у Маскве.

Так выглядае альшанскі малітоўны дом. Злавіць кагосьці за руку для інтэрв’ю ў ім немагчыма, альшанцы не любяць фотаздымкаў, прэсы, шуму. Але гледзячы на ​​малітоўны дом, раптам разумееш, што цяперашнюю Еўропу пабудаваў у тым ліку і пратэстантызм: упартая, сумленная праца тут транслюецца на казанях у нядзелі, калі ў Альшанах ніхто не дакранаецца да працы. Нядзеля — выхадны. І яшчэ сто гадоў у тым жа рытме — і на месцы Альшан з’явіцца Бруге, няйначай.

Цяпер Альшаны — гэта Іван Мележ і “Людзі на балоце” ў сваім жаданні здабыць кавалак зямлі.

— Я сметнік былы расчысціў, з дзецьмі на каленках поўзаў, прыбіраў дрот, металічную стружку, кроў у прамым сэнсе праліваў — дык і той кавалак забраў сельсавет, цяпер парнік няма куды паставіць…

Агурочны рай  для лайдакоў можа стаць агурочным пеклам: уставаць трэба кожны дзень у 5 раніцы, няма ні хвіліны спакою, адпачыць можна толькі ў студзені. Многія займаюцца і памідорамі, капустай, буракамі, таму з лютага па снежань альшанцы круцяцца як трэска ў палонцы.

 

Пры гэтым бізнес у альшанцаў не пухнаты.

— Да 2008 года добра было, потым, пасля гэтага крызісу, усё горш і горш. Вы паглядзіце, у людзей агуркі па тры тысячы бяруць, як і пару гадоў таму, а курс даляра які стаў? Я, напрыклад, грузавік свой прадаю. Многія альшанцы ў даўгах, зімой плёнку і ўгнаенні куплялі ў доўг, даўгі пастаўшчыкі запісвалі ў сшытак.

Вядома, можна параіць альшанцам у такіх сітуацыях аформіць крэдытную картку “Альфа-Экспрэс”, крэдыт, які афармляецца за некалькі гадзін. Картку потым можна насіць з сабой і скарыстацца, калі надыдуць складаныя часы. Але альшанцы пакуль што вераць адно аднаму на слова, аддаюць перавагу таму, каб усё запісваць у сшытак.

Агульнае меркаванне альшанцаў: крызіс не крызіс, мы справімся, галоўнае нам не перашкаджаць. Усё, што ім трэба, — дапамога, а не супрацьдзеянне ўладаў.

— Прыдумалі нейкіх інспекцый, я іх “інфекцыяй” называю, каб на грузавіку выехаць, трэба спачатку доктара ў Давыд-Гарадку прайсці, інакш “транспартная інфекцыя” спыніць, будзе штраф. Чаго ні краніся — усюды паперка і штраф! Я, хлопцы, калі шчыра, думаю ў Расію перабрацца: там Пуцін два гектары зямлі адразу дае, лес на будоўлю і праверкамі не так мучаць. І агуркі ў Маскву і Піцер вазіць бліжэй…
У суразмоўцы (пажадаў застацца за кадрам) 11 дзяцей, таму наўрад ці ён з’едзе з Альшанаў. Але гэтая вёска, як лакмусавая паперка, паказвае, што здараецца з беларусамі, калі не піць і шмат працаваць на зямлі. Падкрэсліваю: на сябе працаваць на зямлі. Застаецца толькі жаданне, каб менш катавалі паперамі і “інфекцыямі”.

Вось наш новы сябар Сцяпан. Ні ў кога нічога не прасіў, не чакаў бясплатнага дома ў аграгарадку, усё пабудаваў сам.

Сцяпан пасадзіў дрэва.

І разам з жонкай гадуе двух сыноў. Мы засталіся на вячэру, на вячэру падалі бутэльку белага віна — пра што тут казаць? Я толькі што з Турава, там у альтанках кафэ “Прыпяць” сядзяць суровыя мужчыны, і, гледзячы на ​​захад, п’юць бутэльку гарэлкі, закусваюць півам, каб хутчэй разбачыць гэты свет.

Альшаны — вёска. Белае віно, прыемная размова.

І не трэба лозунгаў і абяцанняў, ніхто нічога ў дзяржавы, акрамя зямлі, і не просіць. Людзі забяспечваюць сябе самі — з паветра, з нуля.

Сэрца, якое адлічвае грашовы пульс Альшан, — “агурочны” рынак. У радыусе 50-100 км ён дазваляе зарабіць усім, хто хоча працаваць. Наш суразмоўца, жыхар Полацка, увесь сезон працуе на развозе агуркоў па маршруце Альшаны — Мінск. Купляе іх па аптовай цане ў вёсцы, здае ў Ждановічах. Арыфметыка простая: на момант напісання артыкула “ў закупцы” агуркі былі па 2500-3000 рублёў, у Ждановічах можна было здаць па 3500-4000 р. Адна тона дае прыбытак мільён, узяў тры тоны — у дзень атрымалася тры мільёны мінус мільён на транспартныя выдаткі. Усяго два мільёны ў дзень.

— Не, няправільна лічыш: мы ж гаворым, бізнес не пухнаты. Бывае так, што прывёз, а ў Ждановічах цана ўжо такая ж, як у Альшанах. Часта “ходкі” атрымліваюцца ў мінус, але калі працаваць кожны дзень, то заробіш у месяц добра. Пра што шкадую? Што яшчэ раней са “стабільнай” зарплаты ў 500 даляраў не сышоў…

Ужо зайздросціце? Ні сабе, ні сям’і перавозчык не належыць: прачнуўся ў 5.30 (жыве ў сезон недалёка ад Альшан), з’ехаў у 6.00, загрузіўся, Мінск, Ждановічы, дадому вярнуўся ў найлепшым выпадку каля 20.00. Гадзіну на сям’ю, лёг спаць — і заўтра такі ж дзень. Так увесь сезон. Без усялякіх камер, таму што чалавек працуе на сябе.

На прыкладзе Альшанаў добра бачна, што такога, каб зарабляць і не працаваць, не бывае.

— Ты ў Мінску перадай, што ў нас тут да лістапада агуркі, капуста, памідоры, буракі — усё ёсць, хай прыязджаюць оптам купляць! Па цане дамовімся.

Зразумела, што да бізнес-працэсаў па куплі-продажы на рынку падключыліся прадстаўнікі сонечнага Каўказа. Па чутках, увесь буйны опт у Маскву і Пецярбург ідзе праз іх. Інакш…

— Думаеш, чаму той чалавек сваю фуру прадае? Вось прывязеш ты грузавік агуркоў у Маскву на рынак, думаеш, іх у цябе возьмуць? Там сваякі альшанскіх каўказцаў — і міма іх не праедзеш, згніюць твае агуркі ў Маскве, толькі грошы страціш.

Каўказцы прымаюць агуркі і ў нядзелі, калі альшанцы не працуюць. Увогуле, нічога страшнага: канкурэнцыя ў чыстым выглядзе.

У Альшанах людзі літаральна кідаюцца на машыны, каб перахапіць партыю дробнааптовага агурка. І гэта зусім не падобна да “Я на тураўскі малочны не пайду, там жа камеры ўсюды, там працаваць трэба…”

Рынкавая эканоміка ў кожным выхоўвае каваля свайго шчасця, і калі пры гэтым не піць, верыць у Бога, нараджаць дзяцей — мы атрымаем вёску Альшаны, дзе маладых больш, чым старых, а колькасць аўтамабіляў роўная колькасці жыхароў вёскі.

Мараль маёй байкі такая: “Я буду маліцца і сэрцам і думамі”, каб мая краіна пайшла дарогаю В’етнама і Кітая, дзе пры захаванні моцнай вертыкалі людзі атрымалі абсалютную свабоду на месцах, калі камуністычная партыя імкнецца проста людзям не перашкаджаць.

Без усякай тэорыі можна вывучыць вопыт Альшан і паспрабаваць даць людзям свабоду і працу на месцах. Зразумела, што працэс балючы і доўгі, але зноў цытую намесніка старшыні калгаса: “Не ведаю, хто пасля нас працаваць будзе. Нам да пенсіі гадоў пяць засталося…”

А мы вяртаемся да прычэпаў, у Тураў. Тураў, як заўсёды, выдатны — але альшанскай энергіі ў ім няма. Магчыма, таму, што ў малочным камбінаце і ў Шруба трэба папрацаваць, а на іншай працы можна і паспаць.

 

Невялікае відэа пра тое, які Тураў цудоўны летнім днём. Турыстам на заметку.

Дарэчы, знакаміты тураўскі луг згарэў. Тэлефаную ў пажарную частку, у горад Жыткавічы.

— У Тураве луг гарыць! Вядомае месца гнездавання птушак! Помнік прыроды!

— У які бок гарыць, ад горада або ў горад?

— Ад горада.

— Тады нястрашна, туды машына ўсё роўна не можа праехаць …

Калі агонь падышоў да дубровы, не вытрымліваю, тэлефаную ў міліцыю, трапляю зноў у Жыткавічы.

— Алё, у Тураве луг гарыць, пажарныя не хочуць ехаць, можа, у вас ёсць участковы? Сабраў бы людзей, грамадой можна патушыць, вёдры, рыдлёўкі і чалавек дзесяць вырашаць пытанне.

— Участковы займаецца сямейнымі скандаламі, а не пажарам, нічым не зможам вам дапамагчы.

Луг у Тураве згарэў.


Ёсць у нашай краіне што мяняць — і ў першую чаргу, напэўна, стаўленне да жыцця. З такімі думкамі наш караван з’язджае з Палесся.

Падпампоўваем усе шэсць колаў на АЗС “Беларуснафта” і едзем далей.

Нас чакае Цэнтральная Беларусь, шпіёны, перастрэлкі, кантрабандысты — сачыце за “Краінай”!

Тэкст: Дзмітрый Навіцкі
Фота: Антон Шаўковіч

Партнёры праекта:

Інфармацыйныя партнёры:

autotut1