Гурт «Крама» рыхтуе да выданьня свой восьмы нумарны альбом. Працу плянуецца скончыць вясной.
У пакуль безназоўны дыск каманды ўвойдуць песьні, ужо вядомыя з канцэртнага выкананьня: «Дзякуй Богу, мы ідзем дамоў», «З Новым годам», «Дзяўчынка», а таксама зусім новыя рэчы. «На альбоме будзе ня больш за 10 песень, ужо запісаныя рэчы зараз перазводзіць гукаапэратар Аляксандар Папроцкі, зь якім мы пісалі нашы самыя першыя рэчы больш за 20 год. А над новымі творамі мы якраз зараз працуем, думаю што да вясны пасьпеем», – паведаміў Tuzin.fm лідэр каманды Ігар Варашкевіч. Зараз у працы песьні пад працоўнымі назвамі «Вышэй за дахі» і «Рок-н-рол».
Новы альбом «Крамы» выйдзе праз шэсьць год пасьля папярэдняга дыску «Усё жыцьцё – дзіўны сон». Са слоў гітарыста гурта Сяргея Трухановіча, яго гучаньне будзе больш драйвовым і энергічным за ўсе папярэднія працы: «Дзіўна было б чакаць ад нас рэзкіх зьменаў, элементаў гіп-гопу, гранжу ці нечага яшчэ. Але скажу дакладна, што наш альбом будзе больш рок-н-рольным».
Шэраг песень з новага альбому «Крамы» прагучыць на іх бліжэйшым канцэрце 15 студзеня ў менскім клюбе «Графіці». Менавіта на гэтым выступе музыкі зьбіраюцца сыграць упершыню зусім новы трэк – «Вышэй за дахі».
SB, «Тузін Гітоў»