Крамбамбуля – Drabadzi-drabada, West Records, 2011

Лявон разам з сваёй прадусаркай і жонкай Ганнай Вольскай працягваюць мысьліць канцэптуальна. Гэтым разам яны сабралі дванаццатку вядомых і ня надта (у нас) песьняў народаў Эўропы ды перааформілі іх у “крамбамбульнай” эстэтыцы з дапамогай наноў набранага складу музыкаў. Загарнуты матэрыял належным чынам. Альбом уяўляе зь сябе двайнік – на адным дыску песьні па-беларуску, на другім – на мове арыгіналу. Мэта ясная і годная – пазнаёміць замежнікаў з нашымі песенькамі, а беларусаў – з творамі іншых дружалюбных народаў (дзіва, але чамусьці абмінулі ўвагай украінцаў). Усё добра, акром аднаго: падаць усю гэту прыгажосьць вырашана было чамусьці ў стылістыцы спарахнелага поп-панку.

Альбом “Крамбамбулі”, мусіць, прыязна сустрэнуць прыхільнікі Вольскага, хоць творы зь яго наўрад ці пойдуць у народ. Улічваючы майстэрства Лявона пераўвасабляцца, рашэньне падаць багаты і разнастайны матэрыял у адзіным музычным рэчышчы выглядае крыху дзіўна. Альбом выйшаў аднастайным, і гэта ідзе не на карысьць праекту. Ня ведаючы прыналежнасьці твораў, можна падумаць, што Вольскі запісаў не найлепшым чынам прадуманы альбом балканскага фольку. А мэта ж была ўзяць шырэй. Ня выйшла – адметнасьці абраных кампазыцый згубіліся ў гэтай поп-панкаўскай віхуры. Найбольш адрозьніваецца ад усіх трэкаў “Сівы конь”, і ён тут па-за канкурэнцыяй. Песьню гэтую безумоўна можна ўключаць у сьпіс самых удалых балядаў у выкананьні Вольскага. Дзеля гэтага можна вытрываць усё. Нават неахайную ў выкананьні “Зьнікні прэч, туга” (Whiskey in the Jar). Не давайце сьпяваць гітарыстам, а тое чаго добрага потым ім закарціць заняць вашае месца.

Ідэя: 9

Выкананьне: 5

Тэксты: 7

Запіс: 7

Аздабленьне: 9

Сяргей Будкін