“Чайка” ў Купалаўскім тэатры – класічная п’еса ў нацыянальным тэатры. І гэтага дастаткова, каб прэтэндаваць на падзею года. Але ў гэтым сезоне спектакль Мікалая Пінігіна аказаўся ў жорсткай канкурэнцыі. Восенню на “ТЭАРТ” прывозілі “Чайку” Оскараса Каршуноваса, які вельмі і вельмі ўразіў мінскую публіку і крытыку. Зімой адбылася прэм’ера ў Маладзёжным тэатры расійскага рэжысёра Іскандэра Сакаева, якая таксама атрымала шмат станоўчых водгукаў.
Мікалай Пінігін зрабіў цікавае размеркаванне (напрыклад, на ролі дзвюх суперніц Аркадзіну і Зарэчную былі прызначаныя маці і дачка – Зоя Белахвосцік і Валянціна Гарцуева), запрасіў сцэнографа спектакля “Дзяды” Марыюс Яцоўскіс, і даўно вядомага кампазітара Андрэя Зубрыча. І чаканні ад спектакля асабіста ў мяне былі менавіта такія, што гэта будзе тэатральная гісторыя, часткова спавядальная, на манер “Сымона-музыкі”. Гэта п’еса Чэхава ў меншай ступені абцяжараная сацыяльнымі рэферэнцыямі. Чэхаў-грамадзянін (калі паўтараць формулу Трыгорына з “Чайкі”) у значна большай ступені праяўляецца ў іншых п’есах, а ў “Чайцы” праяўляецца самы галоўны яго талент – стварэнне псіхалагічна верагоднага канфлікту.
Рэжысёр, аднак, пайшоў па тым шляху, каб псіхалагічны канфлікт паміж героямі п’есы абагульніць у метафару разладу паміж людзьмі ўвогуле. Гэта не Трэплеў сварыцца з маці, а чалавек не можа дамовіцца з чалавекам і пры першай жа магчымасці хапаецца за зброю (у спектаклі героі страляюць адзін у аднаго пальцамі, але стрэлы сапраўдныя).
Канфлікт паміж персанажамі становіцца гіпербалай, выходзіць далёка за межы асабістых высвятленняў стасункаў. Але найбольш выразна гэта выяўлена ў знакамітым маналогу Ніны Зарэчнай. Трэплеў запускае на ноўтбуку кароткі ролік з запісам канца свету, і пасля яго ў безжыццёвай постапакаліптычнай прасторы гучыць словы пра “Вечную душу”, якая засталася ад усяго сусвету. Гэты маналог у выкананні Валянціны Гарцуевай – безумоўная творчая ўдача актрысы, нават кпіны Аркадзінай ў бок п’есы сына здаюцца недарэчнымі.
Мы часта жалімся, што беларускі тэатр местачковы, што ў ім не ўзнімаюцца важныя для сучаснага грамадства пытанні. І з гэтага пункту гледжання, “Чайка” Мікалая Пінігіна з’явілася вельмі своечасова. Згадкі пра канец свету, якія пару гадоў таму здаваліся смеху вартымі, пасля эскалацыі канфлікту недалёка ад нашых межаў, успрымаюцца ўсур’ёз. “Чайка” становіцца такім спектаклем-папярэджаннем. Жорсткі фінал у духу хутчэй кіно Таранціна, чым чэхаўскай традыцыі, толькі ў гэтым выпадку робіцца апраўданым.
На маю думку, у спектаклі ёсць страты. У такой трактоўцы, напрыклад, творчы канфлікт паміж Трэплевым і Трыгорыным, Аркадзінай і Зарэчнай адышоў на другі ці нават трэці план. Пасля спектакля Трыгорын у выкананні Рамана Падалякі нават спрабуе абараніць твор Трэплева, а знакаміты маналог пра прыроду творчасці Зарэчная здымае на відэа, што яшчэ больш зніжае эмацыйнасць.
Не да творчасці, быццам бы, кажа рэжысёр.
Спектакль разыграны ў модным безасабовым павільёне, а манера артыстаў схіляецца хутчэй да традыцыйнай псіхалагічнай, з вялікай колькасцю дробных дэталяў. З ансамбля вылучаецца Вікторыя Чаўлытка, чыя глухая, абыякавая інтанацыя гучыць кантрапунктам да ўжо пазнавальных інтанацый купалаўцаў. Гэта выклікае імгненную рэакцыю залі, і ўзнікае цікавы эфект, адначасова драматычны і камічны. Маша і ў п’есе выбіваецца з шэрагу персанажаў “Чайкі” (хаця ў нечым усе героі гэтай п’есы такія самыя), а тут гэтая самота ўвасабляецца ў канкрэтнай паставе персанажа. Я думаю, што ў звычайным навамодным спектаклі па гэтай п’есе такая работа адбываецца над усімі персанажамі, прынамсі ўжо названы спектакль Каршуноваса быў зроблены менавіта так.
Пабачанае мне найбольш нагадала спектакль “Translations”, дзе вага тэмы настолькі цяжкая, што трушчыць звыклыя сувязі артыстаў між сабой.
Зрэшты, прэм’ерныя паказы спектаклі не далі адказу на ўсе пытанні. Вельмі цікава, як будзе асвойвацца ў новым тэатры Ігар Сігоў? Якім Трыгорын атрымаецца ў Паўла Харланчука, які праз хваробу ў прэм’ерах не ўдзельнічаў? У тэатры абвешчана, што спектакль паедзе ў Маскву, вельмі цікава, як самая лірычная п’еса Чэхава ў самай жорсткай трактоўцы пройдзе менавіта там. Таму спектакль, безумоўна, чакае цікавае творчае жыццё.
Аляксей Стрэльнікаў