Нацыя хоча фільмаў. Пра сябе любімую/нелюбімую/непаўторную. Каб было чым пахваліцца перад суседзямі. Каб самім сабе давесці: “Хочам! Можам! Пераможам!” Каб пераканаць усіх, што ўсё было недарэмна і наша найноўшая гісторыя можа зацікавіць не толькі яе непасрэдных ахвяраў. Каб было бачна, што мы яшчэ ёсць. Хочацца адразу ўсяго. Стужкі прыгожай, кранальнай, лаяльнай. І пра нас, гаротных, мяцежных ды бліскучых. Шукалі сябе ў бульба-хорары Кудзіненкавай “Масакры” і пафаснай рыторыцы “Жыве Беларусь!”. Потым – у шызе “ПартыZан-фільма” і эстэцкай меланхоліі “Душ мёртвых”. Не знайшлі. На чарзе – авантуры 90-х. Найноўшы хайп вакол фільма Дар’і Жук “Крышталь” – гэта не пра кіно, а пра прагу (самаза)кахання.
Варта крыху прыгасіць шчаслівы лямант “Нарэшце маем роднае кіно! Можна паказаць еўрафрэндам! Кінафэсты ў захапленні!” і паспрабаваць разабрацца, што адбылося.
Пачнём з відавочнага: “Крышталь” тэхнічна – прадукт замежнага паходжання і знешняга фінансавання. Шараговы міжнародны малабюджэтны (кажуць, дзесьці 400 тысяч еўра) індзі-праект. Залётная гульня на нашай пляцоўцы. Аўтарскае фестывальнае кіно з усімі папулярнымі маркёрамі: праблемнай сацыялкай, адчайнай дзевачкай-гераіняй (уключаем гендар!), экзатычнай постсавецкай фактуркай (музей Азгура – чысты must!), прынцыпова някідкай карцінкай, размоўкамі-дэкларацыямі і далікатным хатнім гвалтам.
Сумарны вынік – сціплы сігнал з “трэцяга свету”. Небездакорны. Часам марудны. Дзіўнавата складзены (шэраг эпізодаў падаецца залішнім). З аператарскай працай на мяжы арт-хаўзу і хоўм-відэа плюс раптоўныя дронаўскія “віды зверху”. З няроўнай акторскай працай у дыяпазоне ад дэкаратыўнай “вясковасці” да гратэску. Дзіўным адчуваннем, што на кінакалендары дагэтуль 1989-ы, а найбліжэйшы сусед у рэпертуарным раскладзе – “Мяне клічуць Арлекіна”. Сарамлівай “чарнухай”. Квазісавецкімі мантрамі аб “Вялікай Айчыннай”. Стоадсоткавай адсутнасцю тагачаснага агіткантэксту (хапіла б проста ўключыць у хаце тэлевізар з навінамі). Нязменна млявым лялечным тварам галоўнай гераіні. І безумоўнай перамогай атмасферы над драматургіяй – з фіналам няўцямным і раптоўным, як летні дождж.
Лакальнай фактуры – акрамя як бы трасяначнай гаворкі ды непазбежнага чырвона-зялёнага – амаль няма. Затое маюць месца ўніверсальныя правінцыйныя атракцыёны. Алка-свята-бойка-клабінг-паці. Звычайнае абы-што. Нязбыўнае шчасце блакітнавалосай Мальвіны.
Вельмі лёгка ўявіць штосьці падобнае, рэтра-посткамуністычнае, зробленае на іншых ускраінах Еўропы. Скажам, у Румыніі, Балгарыі ці Сербіі. Тое ж шэрае наваколле. Праблемнае мінулае. Аналагічны культурны ландшафт. Бюракратычны ідыятызм. Тая ж прага свежага паветра. Адзінае што за кадрам лірычна плакалі б не “Песняры”, а які-небудзь Мікі Яфрэмавіч. Больш за тое: я абсалютна ўпэўнены, што такія стужкі існуюць. І таксама перамагаюць на кінафэстах.
Што ж робіць “Крышталь” – як крычаць банеры ў мінскім метро – тутэйшым “фільмам-сенсацыяй”? Культурны голад. Лянота сэрца. І адсутнасць альтэрнатыў.
Не было анічога – а цяпер ёсць. Самі не здолелі – а нам зрабілі. Зараз будзем прадаваць як беларускае кіно.
А што? Аўтарка як бы наша. Выказалася шчыра, годны прафесійны ўзровень. Ласкава прыбрала з пракатнай версіі нязручны “чарнобыльскі” фінал. І не пакрала дзяржаўных сродкаў.
Большага ніхто і не просіць. Ад шалёных 1990-х засталіся хаўз-мюзік, вулічныя барахолкі ды чырвоныя калготкі? Акей! Стужка ізноў трызніць пра дурное жыццё дзівацкай краіны з адключаным GPSам, галоўны рухавік сюжэту – падманы ды здрады, а падставовы мэсідж – традыцыйнае “тут мазы няма, трэба валіць”? Дык хто супраць! Не замінайце святкаваць. У нас тут вечарынка “Свае дзевяностыя”.
Вуліцы пазнавальныя. Ленін як учора зроблены. Шыза родная. Безнадзейнасць як была, так і засталася. Гарэлка як вада, цячэ куды хоча.
Усё сваё. Хоць вайскоўцаў шэрагамі заганяй, хоць на міжнародныя фэсты вязі. Нарэшце атрымалася канвертаваць айчынную нягегласць у міжнародны поспех.
“Крышталь” – гэта дыягназ. Дыягназ спрошчанага самаразумення значнай часткі генерацыі, выгадаванай на рэштках чырвонай імперыі. На мяжы 1980-х і 1990-х. Глабальныя казкі пра светлае заўтра лёгка разменьваліся на вясёлае сёння. На самаробнае замежжа – “Марс” са “Снікерсам”, палёны Armani, гугнявае відэа і дваровае дыска. У адсутнасці ўцямнай сістэмы ўніверсальных сэнсаў руліць пачынала аператыўная памяць з яе харэаграфіяй уцёкаў, манеўраў ды хістанняў. Жыццёвы фрыстайл вырабляў ментальных дыджэяў і сёрфераў – здольных лавіць не плыні, а фішкі, міксаваць што заўгодна і класціся на кожную хвалю. Час ідэйнага супрацьстаяння незваротна саступіў эпосе бадзёрага прагматызму і агрэсіўнай аўтапрэзентацыі.
Вось чаму дыджэйка Вэля, вакол якой будуецца фільм Дар’і Жук, ёсць такой як ёсць. Мабільнай. Жвавай. Цынічнай. Хлуслівай. Хісткай.
Яна – рэха. Не аб’ект, а эфект. Як, зрэшты, і сам “Крышталь” – рэха дзіўнага альянсу эмігранцкіх сантыментаў, тэхнічнай капрадукцыі, жорсткага піяру і адміністратыўнага рэсурсу.
Са сціплага дэбюту лоўка ладзяць падзею. Як было з пярэстымі стужкамі Курэйчыка, аднамернай прозай Марціновіча, наіўнымі вандроўкамі Ромы Свечнікава, баявымі прыпевамі Brutto і лірычнымі нататкамі Андруся Горвата.
Прыбярыце ўсе ваў-эфекты, адключыце ваш настальгічны Instagram – і “Крышталь” застанецца сумным і самотным.
Як пустая шклатара, калі дагнацца ўжо няма чым і ўсе cышлі паліць.
Максім Жбанкоў
Фота Ігара Чышчэні