Аўтарка больш за тысячы малюнкаў беларускіх палітзняволеных — Ксіша Ангелава — апынулася ў цяжкім становішчы і мае патрэбу ў дапамозе, піша reform.news.
Мастачка распачала сваю серыю малюнкаў беларускіх палітвязняў пасля 2020 года і працягвае яе ствараць, бо рэпрэсіі ў Беларусі не спыніліся. Серыя аформілася ў выставу «Мартыралог Беларусі», якая аб’ездзіла шмат краін, прыцягваючы ўвагу да сітуацыі ў краіне.
Паміж тым у творцы ёсць свая бяда — з 2011 года Ксіша Ангелава змагаецца з ракам. Мастачка перанесела шмат аперацыяў, але нядаўна хвароба вярнулася — і зноў патрабуе хірургічнага ўмяшальніцтва.
Ксішу Ангелаву, якая зараз жыве ў Польшчы, запісалі на аперацыю ў дзяржклініцы, але па прычыне таго, што няма месцаў, дата будучай аперацыі прапанавана на 2026 год. Таму мастачка звярнулася па дапамогу, бо ў яе сітуацыі выйсце — платная медыцына, якая дазволіць не чакаць так доўга. Таксама ў збор уключаны і бытавыя выдаткі.
«Працягваю маляваць, каб свет не забываўся пра наш боль, — распавяла яна больш падрабязна сваю гісторыю на BYSOL. — Калі бачу, як замежнікі рэагуюць на мае выставы, пачынаюць уключацца ў наш кліч, то вельмі радуюся. Гэта дазваляе працягваць, не паддавацца спакусе спыніцца і прызнаць, што нічога не працуе, а людзі ўсё яшчэ там».
Малюнкі Ксішы Ангелавай. «Беларускі Мартыралог». Фота: facebook/IPNBrno
«Такую творчую дзейнасць цяжка сумяшчаць з працай, асабліва чатыры гады запар, — працягвае Ксіша Ангелава. — Я малюю за свой рахунак — і матэрыялы, у вольны час. І не магу ўладкавацца на сталую працу з-за выставаў: вельмі часта запрашаюць у розныя галерэі. Але гэта звычайна толькі білет, у рэдкім выпадку — нейкая сціплая ежа. Таму некалькі гадзін на тыдзень працую з беларускімі дзецьмі, а таксама з польскімі са СДВГ, бо ў мяне педагагічная адукацыя. Гэтага хапае толькі на кватэру, у якой мы жывем з дачкой.
Па ежу даводзіцца звяртацца па дапамогу — выратоўвае нядаўна створаная група харчовай дапамогі для беларусаў на чале з Сяргеем Мельянцам. Час ад часу мне дапамагаюць купіць матэрыялы, нядаўна падарылі сканер, каб я магла архіваваць свае працы. Але рэсурсаў зусім не застаецца».
Ксіша Ангелава. «Беларускі Мартыралог». Фота: facebook/IPNBrno
На дадзены момант Ксенія Ангелава чакае аперацыю на стрававод:
«У 2011 годзе я захварэла на анкалогію, перанесла шэраг аперацый. У тым ліку выдаленне малочных жалез і жаночых органаў. У мінулым годзе лекары занепакоіліся, што я выйшла з рэмісіі і паклалі мяне ў лякарню. Выдалілі міндаліны і зрабілі аперацыю на звязках, а потым я паўгода правяла на хіміятэрапіі. Але гэта не канец: патрэбна яшчэ адна аперацыя на страваводзе».
Дапамагчы мастачцы можна тут.