Касцёльны камітэт парафіі атрымаў заяву адпаведнага зместу ад ксяндза-каноніка Уладзіслаў Завальнюка.
«Паколькі ў сувязі з тым, што з моманту інцыдэнта ўзгараня ў захрыстыі Касцёла Святога Сымона і Святой Алены прайшло два месяцы, і касцёл зачынены, а парафіяльная дзейнасць прыпынена, то я як пробашч парафіі не маю магчымасці праводзіць Багаслужэнні. Таму, каб я мог прыносіць карысць парафіі, прашу дазволіць мне з 21 лістапада 2022 выконваць абавязкі дворніка для ўборкі тэрыторыі вакол Чырвонага касцёла, якая на дадзены момант не прыбіраецца».
Тэрыторыяй вакол Чырвонага касцёла сапраўды ўжо амаль два месяца ніхто не апекуецца, таму касцёльны камітэт схіляецца да таго, каб вынесці станоўчае рашэнне паводле заявы Уладзіслава Завальнюка.
Фота: katolik.life
Нагадаем, у ноч на 26 верасня ў храме здарыўся загадкавы пажар. Гэта стала нагодай для таго, каб зачыніць Чырвоны касцёл і перастаць пускаць туды вернікаў. аксама вернікам нельга збірацца і маліцца каля касцёла, бо гэта будзе расцэнена як масавае мерапрыемства.
Касцёл св. Сымона і св. Алены ў Мінску, больш вядомы ў народзе як Чырвоны касцёл. Храм знаходзіцца на пл. Незалежнасці, побач з Домам урада і з’яўляецца адным з сімвалаў сталіцы Беларусі. Будынак касцёла, пабудаваны ў 1910 годзе на сродкі мецэната Эдварда Вайніловіча, пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці не быў перададзены абшчыне, але знаходзіўся ў яе бязвыплатным карыстанні. У 2013 г. храм быў замацаваны на праве гаспадарчага ведання за КУП «Мінская спадчына». Менавіта гэтая арганізацыя апавясціла абшчыне вернікаў аб скасаванні дамовы карыстання.