Пра гэта паведамляе chyrvony.by.
«Наш пробашч — ксёндз-канонік Уладзіслаў — перажывае зараз не толькі «чорныя» дні, але таксама і «белыя», — напісала парафія і апублікавала фоты, як святар прыбірае снег.
Раней ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк сам напісаў заяву, каб яму дазволілі даглядаць тэрыторыю храма, якой ўжо амаль два месяцы ніхто не апякуецца.
Нагадаем, у ноч на 26 верасня ў храме здарыўся загадкавы пажар. Гэта стала нагодай для таго, каб зачыніць Чырвоны касцёл і перастаць пускаць туды вернікаў.
Касцёл св. Сымона і св. Алены ў Мінску, больш вядомы ў народзе як Чырвоны касцёл. Храм знаходзіцца на пл. Незалежнасці, побач з Домам урада і з’яўляецца адным з сімвалаў сталіцы Беларусі. Будынак касцёла, пабудаваны ў 1910 годзе на сродкі мецэната Эдварда Вайніловіча, пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці не быў перададзены абшчыне, але знаходзіўся ў яе бязвыплатным карыстанні. У 2013 г. храм быў замацаваны на праве гаспадарчага ведання за КУП «Мінская спадчына». Менавіта гэтая арганізацыя апавясціла абшчыне вернікаў аб скасаванні дамовы карыстання.