Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, Budzma.org падкажа. Выставы, велапрабегі, канцэрты, гістарычныя лекцыі ды фэст самаразвіцця ў Батанічным — выбірайце мерапрыемствы ў сваім горадзе і на свой густ!
Беларусь
Мінск і Мінская вобласць
У Батанічным садзе — фэст самаразвіцця і здаровага ладу жыцця MY WAY FESTIVAL
My Way Festival 2022. Фота: mywayfest.by
Заўважылі выгаранне, здараюцца панічныя атакі, саслаб імунітэт ці проста здаюць нервы? Можа быць, мноства лакацый і актыўнасцей дадуць рады:
Зона ёгі, дзе кожны зможа пазнаёміцца са светам ёгі, паспрабаваць папрактыкаваць, пагутарыць з прафесіяналамі і атрымаць кансультацыі абсалютна бясплатна.
Зона спорту ад фітнэс-клубаў горада, якія прадставяць свае спартыўныя праграмы.
На галоўнай сцэне фестывалю выступяць спікеры ў галіне медыцыны, ментальнага здароўя, ёгі, медытацыі, псіхалогіі.
Зона адпачынку
Chill Out — гэта прастора, дзе кожны зможа расслабіцца пад медытатыўную музыку і не толькі.
Акрамя таго, на фестывалі будуць працаваць маркет; фудкорт; дзіцячая і сямейная зоны; зона ароматэрапіі; гарошак-маркет і шматлікае іншае.
На тэрыторыі парку будзе ўсталяваны астравок дапамогі бяздомным жывёлам.
Дата: 15 і 16 ліпеня
Час: з 10.00 да 20.00
Месца: Батанічны сад, вул. Сурганава, 2б, Мінск
Кошт квітка на адзін дзень — 17 рублёў для дарослых і 10 рублёў для школьнікаў, бацькоў шматдзетных сем’яў і пенсіянераў. Праграма — тут.
Выстава рэпрадукцый «Рэнуар. Магія колеру»
Працягваецца выстава рэпрадукцый карцін «Рэнуар. Магія колеру».
У галерэі «Арцель» прадстаўлены рэпрадукцыі самых вядомых карцін Рэнуара. Кожная рэпрадукцыя суправаджаецца апісаннем сюжэту і гісторыяй стварэння твора.
П’ер Агюст Рэнуар быў адным з заснавальнікаў імпрэсіянізму — мастацкага напрамку, які характарызуецца яскравымі фарбамі, лёгкасцю і дынамікай выяваў.
Праект «Арт-тэрапія Сярожы Савіча» — два тыдні летніх івэнтаў мастака і яго каманды
Сярожа Савіч. Фота: 34mag
Праект Сярожы Савіча адкрываецца ў чацвер у прасторы «Вершы».
Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з новымі работамі мастака Сярожы Савіча, паслухаць лекцыі, паглядзець кіно, памаляваць і паразмаўляць. Таксама можна будзе набыць карціны і мерч — футболкі, сцікеры і паштоўкі.
Першы івэнт ужо ў пятніцу, 14 ліпеня — творчая сустрэча ўласна з мастаком Сярожам Савічам.
Месца: прастора «Вершы», вул. Кастрычніцкая, 19, Мінск
Час: 13 — 27 ліпеня
Уваход на сустрэчу — donation ад 5 рублёў, рэгістрацыя не патрэбна.
Прэзентацыя альбома Дусі Шукшыной «Огонь простит»
Дуся Шукшына абяцае зладзіць 15 ліпеня «сінці-поп падарожжа па кутках душы» на вялікім канцэрце з нагоды свайго новага альбому.
Дуся Шукшына, Facebook
Дата: 15 ліпеня
Час: 19.00
Месца: Modul Art Platform, Кастрычніцкая 16/3 (уваход з боку Кастрычніцкая 10б), Мінск
Квіткі: абмежаваная партыя для ранніх птушачак — 10 рублёў. Калі рэпосніце афішку да 20.00 14 ліпеня — 20 рублёў. На ўваходзе і без увагі да канцэрта — 30 рублёў.
Брэст і Брэсцкая вобласць
15 ліпеня 4roomclub кліча на бясплатныя квэставыя пакатушкі!
Час: 12.00 — збор каманд, 12.30 — старт
Месца збору: каля супермаркета «Санта», Партызанскі пр-т, 13 (раён Усход), Брэст
Усё, што вам трэба для паспяховых пакатушак, — гэта добры настрой і зараджаны на 100% тэлефон з выхадам у інтэрнэт. І ровар, вядома!
Рыхтуйцеся перамяшчацца на роварах па горадзе, разгадваючы заданні на логіку і збіраючы новыя цікавосткі пра горад!
Каманда — да 5 удзельнікаў. Можна з дзецьмі! Падрабязнасці і даведкі па нумары +375 33 699 52 87.
Віцебск і Віцебская вобласць
У суботу і нядзелю, 15 і 16 ліпеня, музыка і даследчык фальклору Іван Кірчук дае адразу тры канцэрты ў прасторы «Upgrade»! Два — для дарослых і адзін — для дзетак!
15 ліпеня прыходзьце слухаць круцецкую праграму «Кветка Перуна» з песнямі і найгрышамі з новага альбома «Варажбіт», які ўвабраў у сябе вялізны даследчыцкі досвед Івана Кірчука і магію забытых вёсак.
Дата: 15 ліпеня
Час: 18.00
Месца: арт-прастора «Upgrade», вул. Кастрычніцкая, 2, Віцебск
Таксама спадар Іван прэзентуе кнігу «Кветка Перуна», дзе сабраныя сцэнарыі абрадаў, святаў, казак, гульняў і тэатралізаваных прадстаўленняў, распрацаваных на аснове беларускага фальклору.
Калі не паспееце ў суботу, не сумуйце — у нядзелю, 16 ліпеня, спадар Іван паўтарае праграму ў 16.00.
Дата: 16 ліпеня
Час: 16.00
Месца: арт-прастора «Upgrade», вул. Кастрычніцкая, 2, Віцебск
Кошт — 20 рублёў, а для навучэнцаў — 15 рублёў.
Дзіцячы канцэрт Івана Кірчука «Ад чароткі да дуды»
16 ліпеня апоўдні Іван Кірчук грае ў Віцебску канцэрт для дзетак «Ад чароткі да дуды».
Дата: 16 ліпеня
Час: 12.00
Месца: арт-прастора «Upgrade», вул. Кастрычніцкая, 2, Віцебск
Музыка распавядзе пра незвычайныя музычныя інструменты і прылады, якія выкарыстоўвалі дарослыя і дзеці ў старадаўнія часы. Дзеткі пачуюць беларускія народныя інструменты: акарыну, жалейку, дуду, ліру і іншыя.
Квіткі — 15 рублёў. Для маці/бацькі + дзіцяці — 20 рублёў.
Выстава Рышарда Мая ў Чаросаве на Лепельшчыне
У гэтыя выходныя завяршаецца выставы мастака і настаўніка Рышарда Мая. Экспазіцыя працавала ад 27 траўня ў вясковай майстэрні мастачкі Лоры Паўлавай.
Месца: майстэрня Лоры Паўлавай, вул. Азёрная, 2, в. Чаросава, Лепельскі р-н, Віцебская вобл.
Тут можна пабачыць 20 твораў рознага часу, у тым ліку апошніх гадоў. Калі ласка, загадзя ўзгадніце свой візіт па нумары +375296998915 (спадарыня Лора).
Гомель і Гомельская вобласць
Майстар-клас па гарлячках у Ветцы
16 ліпеня Веткаўскі музей (той, каторы ў Ветцы) запрашае навучыцца рабіць традыцыйнае неглюбскае жаночае ўпрыгожванне — гарлячку!
Гарлячка — гэта шыйнае ўпрыгожванне з бісеру. Такі сабе неглюбскі чокер. Гарлячка была штодзённым упрыгожваннем, якое яшчэ ў першай палове 20 стагоддзя насілі амаль усе жанчыны любога ўзросту.
На майстар-класе кожны пачне рабіць сваю гарлячку. Не даробіце там, але будзеце ведаць тэхналогію і лёгка зможаце скончыць упрыгожванне дома.
Бісер для ўпрыгожвання дадуць. Але калі вы хочаце ўзяць пэўны з сабой, то спатрэбіцца бісер 2-х ці 3-х колераў — па два пакецікі кожнага колеру.
Акрамя майстар-класа будзе і экскурсія па выставе «Тканы космас». Даведаецеся пра сакральныя сэнсы, якімі атачалі сябе і насілі на сабе нашы продкі.
Час: 12.00
Месца: Веткаўскі музей, Красная плошча, 5, Ветка, Гомельская вобласць
Кошт — 12 рублёў. Запісвайцеся загадзя па нумары +375 (2330) 4-27-49.
Гродна і Гродзенская вобласць
Працягваецца выстава «Пейзажная лірыка Вітольда Бялыніцкага-Бірулі»
З 12 ліпеня у музеі гісторыі рэлігіі працуе файная выстава «Пейзажная лірыка Вітольда Бялыніцкага-Бірулі» з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея.
Месца: музей гісторыі рэлігіі, вул. Замкавая, 16, Гродна
Прыходзьце паглядзець на кранальныя і магічныя краявіды і нацюрморты выбітнага беларускага мастака.
Польшча
Беласток
Трэці Фестываль абуджаных «Тutaka»
Фэст ладзіць аднайменная беластоцкая фундацыя на пляцоўцы, дзе з 1990 года праходзіла знакамітае «Басовішча», ва ўрочышчы Барык каля Гарадка Падляшскага ваяводства.
Што чакае гасцей фэсту 14 і 15 ліпеня?
Усебеларускі пікнік — можна прыехаць з намётам, спыніцца ў маляўнічым лесе і адпачываць на возеры.
Музычны і тэатральны фестываль — 2 дні жывой музыкі ад вядомых беларускіх музыкаў на вялікай сцэне (лайнап будзе агучаны неўзабаве), спектаклі для дзяцей і дарослых.
Сямейны адпачынак — майстар-класы, чытанні, гульні, заняткі для ўсёй сям’і.
Бізнес-канфэрэнцыя — дыскусія аб праблемах і магчымасцях рэлакаваных беларускіх бізнесменаў і тых, хто хоча заняцца сваёй справай у Еўрасаюзе.
Кірмаш — беларускія сувеніры і мерч ад любімых і вядомых майстроў.
Выстава беларускіх ініцыятыў — магчымасць прэзентаваць сябе і наладзіць карысныя міжнародныя сувязі.
А яшчэ — гэта вольныя пляцоўкі для тых, хто жадае паказаць сябе, онлайн-трансляцыя на ўвесь свет, сустрэчы, знаёмствы, энергія і супольнасць!
Сустрэчы з беларускімі зоркамі:
Маргарытай Ляўчук, Крысцінай Дробыш, Маляванычам, Андрэем Саўчанкам, Кацяй Сныцінай і іншымі.
Адна з запланаваных падзей — сустрэча з Святланай Ціханоўскай.
Заграюць:
Дай Дарогу!
НОЧЫ
BOTANIC PROJECT
Dzieciuki
Uladzimir Puchač (J:MORS)
Papa Bo Selektah
Dlina Volny
КРВАДЗІКІ
Поўная праграма двух дзён фэсту — тут.
Украіна
Кіеў
Майстар-клас па тайскім боксе ад Віталя Гуркова
15 ліпеня шматразовы чэмпіён па тайскім боксе і кікбоксінгу, вольны спартовец Віталь Гуркоў пакажа сваё майстэрства.
Дата: 15 ліпеня
Час: 12.00 (час мясцовы)
Месца: вул. Олександра Довженка, 3, Кіеў
Кошт — 500 грн.
Месцаў абмежавана. Запісвайцеся па нумары + 38 (093) 170 06 61 альбо праз дырэкт спартыўнага клуба.
Грузія
Тбілісі
Гістарычны клуб абмяркуе Грунвальдскую бітву
15 ліпеня новая сустрэча беларускага гістарычнага клуба.
Лічыцца, што крыжацкае войска складала 27 тысяч байцоў, польска-ліцвінскае — 31 тысячу. Тэўтоны былі разбітыя ўшчэнт: уратавацца ўдалося крыху больш чым тысячы чалавек, рэшта загінула ці была ўзятая ў палон.
Прыходзьце даведацца:
Якую хітрасць прымянілі войскі харугвы Вітаўта, каб перамагчы крыжакоў.
Гаспадарчае значэнне Грунвальдскай бітвы для нашага краю.
Ці была гэтая бітва апошняй паміж ВКЛ і крыжакамі, і пра што маўчаць беларускія падручнікі.
Вядоўца — спадар Раман, выкладчык гісторыі Беларусі.
Уваход вольны — рэгіструйцеся па спасылцы.
Дата: 15 ліпеня
Час: 19.00 (час мясцовы)
Месца: 500 м ад плошчы Свабоды (адрас дашлюць зарэгістраваным), Тбілісі
Нідэрланды
Амстэрдам
Працягваецца выстава «Момант укаранення»
Выстава трох мастачак — Алены Давідовіч, Юліі Мекес і Ташы Арловай — ставіць на мэце прыцягненне ўвагі шырокай аўдыторыі да культуры Беларусі, а таксама да тэмы захавання ўласнай ідэнтычнасці ўдалечыні ад дома.
Праект — калабарацыя трох мастачак беларускага паходжання, кожная з якіх па-свойму нанова адкрывае свае карані ў сувязі з іміграцыяй, беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі ў самой Беларусі і жудаснай вайной у суседняй Украіне.
Месца: Arti et Amicitae, Rokin 112, 1012 LB Amsterdam
Выстава будзе працаваць па 21 ліпеня
Уваход бясплатны.
Германія
Берлін
Нефармальная беларуская сустрэча «Берлінск»
15 ліпеня беларусы Берліна збіраюцца на летнія беларускія пасядзелкі ля вогнішча.
Час: 18.00 (час мясцовы)
Месца: унутраны дворык Haus der Statistik, Otto-Braun-Straße 70-72, Берлін
Ежу і напоі захапіце з сабой! (І не забудзьцеся пра правіла «напой для сябе і для паплечніка»).
Абяцаюць добрае надвор’е, файны настрой і прыемны нэтворкінг — усё як мы любім!
Уваход вольны.
Больш беларускіх падзеяў шукайце ў нашай Афішы.
Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».
Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!
Карыстацца ім вельмі проста: выбірайце той ці іншы горад або ўсю краіну, падпісвайцеся асобна на ўсе анлайн-мерапрыемствы ці выбірайце варыянт all inclusive — усе беларускія падзеі свету (у тым ліку і анлайн-мерапрыемствы). А пасля — сачыце за беларускім дзвіжам і далучайцеся!
А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў. Больш беларускіх падзеяў шукайце ў нашай Афішы.