Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 7-8 кастрычніка

06.10.2023 Культура

Калі вы раптам яшчэ не вызначыліся, як цікава і з карысцю правесці выходныя, мы падкажам. Восеньскі салон у Мінску, PRADMOVA ў Варшаве, а ва Уроцлаве — фестываль беларускай незалежнай культуры. Выбірайце падзеі ў сваім горадзе і на свой густ!


Беларусь

Мінск

Восеньскі салон у Мінску

Чарговы «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» праходзіць у Палацы мастацтваў.

Vosienski-salon.jpg
Праца мастачкі Таццяны Савік. Фота: facebook/osenniysalonbgpb

Работы на выставу мог прынесці любы творца адпаведнага ўзросту, аднак для ўдзелу трэба было прайсці адбор прафесійнага журы. Сёлета ў экспазіцыі можна ўбачыць творы 220 маладых беларускіх мастакоў. Гэта жывапіс, графіка, фатаграфія, скульптура, вырабы дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і інсталяцыі.

Гомель

Майстар-клас па гарлячках і кубках у Гомелі

У суботу, 7 кастрычніка, філіял Веткаўскага музея ў Гомелі паўтарае круцецкі майстар-клас па гарлячках і кубках.

Volia-Etyka.jpg
Гарлячка ад беларускай маcтачкі Вольгі Этыкі. Фота: інстаграм @proekt_etika

Гарлячка — гэта шыйнае ўпрыгожванне з бісеру. Такі сабе неглюбскі чокер. А кубак — гэта дзявочы галаўны ўбор з рознакаляровых стужак, якія трымаюцца ўсяго на адным вузле! У Гомелі навуць рабіць і першае, і другое. 

Польшча

Варшава

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA

7 і 8 кастрычніка ў Варшаве праходзіць адна з самых заўважных культурных падзей гэтай восені.

Pradmova.jpg
Фестываль "Прадмова" ў Батумі

Сёлета фестываль адбываецца ў чатырох гарадах — стартаваў у Батумі, а завяршыцца ў Беластоку. Варшаўская кадэнцыя форуму расцягнецца на 4 дні — з 6 па 9 кастрычніка. Прыедуць пісмьеннікі, творцы, філосафы, выдаўцы і тэатралы з усяго свету.

Беласток

Dzieciuki ў Беластоку

У суботу, 7 кастрычніка, у Беластоку граюць супольны канцэрт беларускі фолк-гурт «Dzieciuki» і польскія панк-рокеры «De Łindows».

Dzieciuki.jpg
Гурт Dzieciuki. Фота: svaboda.org

«Dzieciuki» — панк-фолк гурт з Гродна, створаны ў 2012 годзе з музыкаў розных андэграўндных калектываў. Лідарам групы з’яўляецца Алесь Дзянісаў, добра вядомы і па сваіх іншых праектах — у тым ліку сольных.

Кракаў

Выстава графікі Змітра Шапавалава ў Кракаве

У нядзелю, 8 кастрычніка, у Віле Дэц’юша пачынае працу персанальная выстава беларускага мастака Змітра Шапавалава.

Szapawalau-Zmicier.jpg
Работа Змітра Шапавалава. Фота: pintrest.com

Большасць яго работ — на «сармацкую» тэму, якой ён захапіўся даволі даўно. У адным са сваіх інтэрв’вю распавядаў: «Я працую па тэме ваеннага мінулага нашай Бацькаўшчыны. Мне заўсёды падабалася гісторыя, яшчэ са школы: гартаў падручнікі, разглядаў выявы. Калі прачытаў Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — стала яшчэ больш цікава. Найперш, канечне, прыцягваюць увагу розныя ваенныя аспекты мінуўшчыны».

Уроцлаў

Фестываль незалежнай беларускай культуры ва Уроцлаве

З 2011 года арганізацыяй імпрэзы займаецца фонд «Za Wolność Waszą i Naszą». Сёлетні слоган форуму — «Разам лепей». Бо гэта падзея яднае не толькі беларусаў, а і распавядае пра нашую культуру палякам.

Uroclau.jpeg
Фота з адкрытых крыніц

XI Фестываль незалежнай беларускай культуры распачаўся ўрачыстым спатканнем з лідаркай беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай. Увогуле ж, у гэтым годзе арганізатары падрыхтавалі своеасаблівую і выключна багатую фестывальную праграму.

Чэхія

Прага

LAZARET. Персанальная выстава мастачкі Цемры

LAZARET заваяваў сэрцы публікі ў Варшаве вясной 2023 года і прыехаў у Прагу ў абноўленай і пашыранай форме.

Cemra.jpg
Фота з сацыяльных сетак мастачкі

Гэта самабытная і яшчэ вельмі маладая беларуская мастачка займаецца даследаваннем самых цёмных і балючых аспектаў чалавечай прыроды, якая гіпнатызуе сваёй велічнай раскошай і адгукаецца ў беларусаў фантомным болем — бо ўспрымаецца як нешта жывое, з ранамі і шнарамі, адлюстраванымі з рэалістычнай праўдзівасцю.

Экспазіцыя будзе працаваць да 9 кастрычніка ў пражскай галерэі Beseder і адкрые новую старонку гастроляў праекта па розных краінах.

Германія

Берлін

Дыскусія «nowhere in Belarus. Мастацтва шукае прасторы» ў Берліне

У суботу, 7 кастрычніка, у Берліне адбудзецца панэльная дыскусія, прысвечаная культурным прасторам і перш за ўсё палацам культуры і мастацтваў.

Berlin.jpg

Палацы культуры адыгрывалі цэнтральную ролю ў адукацыйнай і культурнай палітыцы сацыялістычных дзяржаў: як месцы сустрэчы і адукацыі, культуры і спорту яны былі часткай дзяржаўнай сацыялістычнай сацыяльнай інжынерыі. Такія афіцыйныя памяшканні, як Палац мастацтваў у Мінску, больш недаступныя для незалежных беларускіх мастакоў. Аднак альтэрнатыўныя прасторы для незалежнага мастацтва прапануюць рэзідэнцыі мастакоў, выставы і мерапрыемствы за мяжой, а таксама прыватныя рэкалекцыі і Інтэрнэт. Пра гэта і пойдзе размова.

Літва

Вільня

Канцэрт «Botanic project»

7 кастрычніка беларускі гурт «Botanic project» прэзентуе альбом «Музыка сфер».

Botanic.jpg
Фота з сацыяльных сетак гурта

Абяцаюць вялікі канцэрт у найлепшых традыцыях рэггі, песні з новага альбома і старыя хіты батанікаў, танцы, смачныя напоі і шчырыя гутаркі — усё як мы любім. Падтрымае вечарыну прызнаны эксперт у reggae-музыцы DJ Eroott.

ЗША

Чыкага

Прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі»

У нядзелю, 8 кастрычніка, у Чыкага адбудзецца прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі». Гэты найлепшыя тэксты, выдадзеныя Алесем Бяляцкім у розныя гады — успаміны, публікацыі з перыёдыкі, фрагменты інтэрв’ю, цытаты з выступаў на канферэнцыях, прамоў у судах, напісанае ў лістах на волю і ў асабістых блогах.

Bialacki.jpg

Выданне ўбачыла свет літаральна за некалькі дзён да ўручэння Бяляцкаму Нобелеўскай прэміі міру і пабывала ў Осла на цырымоніі ўзнагароджання. Палітзняволены кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» быў тады адзіным лаўрэатам, які не змог прыехаць асабіста і стаў адным з нямногіх людзей у гісторыі, хто атрымаў Нобелеўскую прэмію, знаходзячыся ў турме або пад вартай.

У Нью-Ёрку кнігу прэзентуе адна з яе ўкладальніц Таццяна Нядбай.

Больш беларускіх падзей шукайце ў нашай Афішы.

Калі сярод прапанаваных варыянтаў не знайшлося нічога па душы, раім выправіцца ў вандроўку па Беларусі. Скласці цікавы маршрут дапаможа наша рубрыка «Вандруем разам».

Каб не прапусціць нічога цікавага, раім падпісацца на адмысловы тэлеграм-бот «Будзьма разам!», які дапамагае падпісчыкам незалежна ад месца пражывання даведацца пра беларускія мерапрыемствы ў сваім горадзе, краіне і нават па ўсім свеце!

А па гэтай спасылцы можна знайсці афішу бясплатных мерапрыемстваў.