Насуперак устойліваму стэрэатыпу аб «неспартыўнасці» творчай інтэлігенцыі, з аўтараў, якія захапляліся спортам, што пісалі пра яго і нават прыйшлі ў літаратуру дзякуючы яму, можна скласці сімвалічную «зборную ўсіх часоў». І гэтая літаратурна-спартыўная All stars будзе ўнікальнай і разнапланавай. Smartpress.by вырашылі паглядзець, што звязвае нашых літаратараў са спортам. Пачнем з класікаў беларускай літаратуры.
Цётка: «інструктар па фітнесе»
Алаіза Пашкевіч
Неверагодна, але факт: першы беларускі літаратар, які меў прамое дачыненне да спорту, — жанчына! Алаіза Пашкевіч, больш вядомая пад псеўданімам Цётка, з ранніх гадоў не лічыла сваім прызначэннем хатнія клопаты. Але толькі ў сталыя 26 гадоў вырашылася ўліцца ў студэнцкія шэрагі і ў 1902-м паступіла на «Курсы выхавальніц і настаўніц фізічнай культуры» (Вышэйшыя курсы Лесгафта). Для ўраджэнкі не заможнай шляхецкай сям’і немалаважна была іх агульнадаступнасць: год навучання абыходзіўся ў некрытычныя 30 рублёў. У той жа час выпускнікі атрымлівалі дыплом інстытуцкага ўзору і веды па анатоміі, матэматыцы, фізіцы, хіміі, навыкі чарчэння і маляванні. І кожны дзень паглыблена займаліся тэорыяй і практыкай фізічных практыкаванняў, гімнастыкай, дадаткова — фехтаваннем. А ў зімовы перыяд асвойвалі канькабежны спорт. Менавіта на базе гэтых курсаў у 1919 годзе ўжо ў савецкай Расіі адчыніць дзверы знакаміты Дзяржаўны інстытут фізічнай культуры імя П.Ф. Лесгафта.
Алаіза Пашкевіч
Праўда, захопленая рэвалюцыйнай барацьбой, феміністычнымі ідэямі і творчасцю Алаіза адвучылася на лесгафтаўскіх курсах толькі два гады з належных трох. Аднак атрыманыя ў Біялагічнай лабараторыі, а таксама на лекцыях і практыкумах Пятра Лесгафта веды па анатоміі, фізвыхаванні, асновах медыцыны спатрэбіліся Цётцы ў будучыні. У львоўскай эміграцыі Пашкевіч працавала масажысткай. А ў гады Першай сусветнай вайны ў палявых умовах дапамагала вайскоўцам як сястра міласэрнасці.
Янка Купала і Якуб Колас: сябры-«гросмайстры»
Янка Купала і Якуб Колас
Вядома, што некаторыя супрацоўнікі першай нацыянальнай перыядычнай газеты «Наша ніва» бавілі свой вольны час не толькі за творчасцю і палітыкай. Так, Іван Луцкевіч трэніраваў цела гірамі і штангай. А Аляксандр Уласаў у паўсядзённым жыцці ўвесь час катаўся на ровары.
Зрэшты, на той час гэта былі хутчэй выключэнні. Нават не спрабуйце ўявіць будучых зорак белліта, якія забіваюць ў лужыну футбольную «кулю» ці што выпісваюць «карункі» на коўзанцы. Спартыўны максімум Змітрака Бядулі, Каруся Каганца, Алеся Гаруна — шахматы. Роўна як і мастадонтаў айчыннай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы. Самыя народныя класікі пазнаёміліся ў 1912 годзе. І за 30 гадоў моцнага сяброўства нямала вечароў бавілі за клеткавай дошкай. Пад гэтую справу Купала нават набыў інкруставаны ўральскімі дыяментамі антыкварны шахматны столік.
Янка Купала
Купала гуляў круцей за Коласа. Але і паводле характару быў куды больш імпульсіўны ды вельмі не любіў прайграваць. Ходзіць байка, як аднойчы пасварыліся Іван Дамінікавіч з Канстанцінам Міхайлавічам. Неяк падчас нявыгаднай партыі Купала на эмоцыях абазваў саперніка «мужыком». Колас у адказ укалоў таварыша «шляхцюком». Тады «шляхетны» паэт зрабіў «кітайскую нічыю» — проста перавярнуў дошку з фігурамі. Нам гэтым партыя скончылася. І таварышы пайшлі «кульнуць па чарцы».
А аднойчы Іван Дамінікавіч ненаўмысна падставіў сябра, калі яны ўжо былі вядомымі людзьмі. Купала за шахматамі меў звычку нешта напяваць. У тым ліку вулічныя песенькі. Адну з такіх падслухаў сын Коласа Юрась і потым выканаў у класе прама на ўроку: «Дайце мне за руб з палцінай дзевіцу з агнём...». Уяўляеце выраз твару настаўніцы, калі хлопчык растлумачыў ёй: «Гэта дзядзька Янка Купала майму тату такое спявае. ..»
Якуб Колас
У біяграфіі Якуба Коласа ёсць яшчэ цікавыя факты, ускосна звязаныя са спортам. Калі пісьменнік адбываў у Пішчалаўскім замку (цяперашняя «Валадарка») турэмнае зняволенне за арганізацыю нелегальнага настаўніцкага з’езду і ўдзел у ім, дзякуючы сукамернікам ён пазнаёміўся з гімнастычнай методыкай Ёргена Петэра Мюлера — культавага дацкага спартсмена і выкладчыка фізвыхавання. Пазней гэта знайшло адлюстраванне ў апісаннях турэмнага побыту на старонках трылогіі «На ростанях».
Мала хто ведае, але Якуб Колас рэальна паспрыяў развіццю ў рэспубліцы водных лыжаў, вяслярнага і паруснага спорту. Мінскае мора ўзнікла менавіта па хадайніцтве пісьменніка: замарожаны калісці праект найбуйнейшага вадасховішча Колас асабіста прасунуў на прыёме ў тагачаснага сакратара беларускай кампартыі Мікалая Патолічава. І ва ўсіх сэнсах як у ваду глядзеў...
Аркадзь Куляшоў: заўзятар, гарадошнік, шахматыст
Аркадзь Куляшоў
Сярод літаратурных карыфеяў савецкай Беларусі пасляваеннага часу ў захопленасці спортам не было роўных Аркадзю Куляшову. З субратаў па пяры, па сутнасці, толькі ён сістэмна наведваў стадыёны. У 1945 годзе, ужо на чацвёртым дзясятку, народны паэт БССР пабываў у Лондане на футбольным матчы «Чэлсі» і маскоўскага «Дынама», які скончыўся феерычнай нічыёй 3:3. Пасля такога ўзрушэння Куляшоў раптоўна ператварыўся ў зацятага заўзятара і заўсёдніка мінскай арэны «Дынама».
Дынама-Чэлсі 1945. Футбалісты маскоўскага «Дынама» выходзяць на поле стадыёна «Стэмфард Брыдж» перад гульнёй з «Чэлсі».
Іншыя нашы класікі не заўзелі на трыбунах, але дзеля простых забаваў часта збіраліся цэлымі тусоўкамі. Для такіх выпадкаў у Доме творчасці пад Мінскам у асартыменце меліся і гарадкі, і більярд, і нават наборы для бадмінтона. Той жа Куляшоў быў вялікім майстрам у гарадошных прамудрасцях і актыўна «падсаджваў» на гульню калег.
А яшчэ Аркадзь Аляксандравіч лічыўся ў літаратурным асяроддзі галоўным спецыялістам па шахматах. У шахматы на лецішчах і ў рэдакцыях рубіліся многія: Петрусь Броўка і Пятро Глебка, Іван Шамякін і Андрэй Макаёнак, Генадзь Бураўкін і Васіль Зуёнак. Але толькі Куляшоў меў дарослы разрад. Распавядаюць, што, будучы ў складзе дэлегацыі на сесіі ААН у ЗША, народны паэт прапусціў усе экскурсіі — адшукаў на рэсэпшане гатэля моцнага апанента і ўвесь вольны час праседзеў з ім за клеткавай дошкай.
Дома меш змогі гуляць з сябрамі ўсю ноч, а раніцай прыйсці ў рэдакцыю «Літаратуры і Мастацтва» ў пошуках новай «ахвяры». Нядзіва, што Аркадзь Куляшоў уваходзіў у кіраўніцтва шахматна-шашачнай секцыі пры спорткамітэце БССР. А ў 1950-х заняў 2-е месца на рэспубліканскім шахматным спаборніцтве, атрымаўшы ў якасці ўзнагароды паляўнічую стрэльбу.
Максім Танк: кароль прэферанса
Максім Танк
А вось тытулам караля прэферанса безальтэрнатыўна валодаў Максім Танк. Ягоны сын узгадваў, што бацька мог на грошы рэзацца ў карты з Кандратам Крапівой, Максімам Лужаніным, не выходзячы на двор па трое содняў. Невядома, ці было ў калодзе Танка дзевяць тузоў. Але ён амаль заўсёды выйграваў — часам па сто і болей рублёў, немалую па тых часах «капейчыну». Жонка паэта не раз казала: «Табе больш выгодна ў карты гуляць, чым вершы пісаць». Танк часам падазраваў, што жонка не жартуе.