Купала і Мулявін, «Радыё Свабода» і «Алеся»: топ-10 песень на вершы паэтаў

Юбілейны 50-ты выпуск на канале CHADANOVIČ. Пагаворым пра няпростую дарогу ад вершаванага радка да музычнай фразы, пра выбітныя тэксты беларускіх паэтаў, якія ператвараюцца ў культавыя песні. Топ-10 песень ад Андрэя Хадановіча.


maxresdefault.jpg

У новым выпуску:

— як песня «Рушнікі» дапамагла Зянону Пазняку абрацца ў Вярхоўны Савет;

— чаму паэзія Рыгора Барадуліна не ператваралася ў музычныя хіты;

— як «Песняры» зрабілі адну з сваіх самых вядомых песень з двух вершаў Янкі Купалы;

— чаму «П’янка» Уладзіміра Някляева — гэта больш за сумны анекдот;

— як паэт Фелікс Аксёнцаў стварыў светлую версію рамана «1984»;

— чаму песня «Казка» на словы Уладзіміра Караткевіча ёсць, а тэкста ў зборніках класіка з такой назвай няма;

— у чым заключаецца містыфікацыя ў вершы Аркадзя Куляшова «Бывай...» і як «Песняры» зрабілі тэкст знакамітай «Алесяй»;

— чаму Генадзь Бурўкін — «кароль» беларускай высокай эстрады;

— ці быў аўтар песні «Пра Нёман» Анатоль Астрэйка падвойным партызанам;

— як Яўгенія Янішчыц пакінула ў адным з тэкстаў свае «ініцыялы».

Вось некалькі думак з відэа:

Беларускі паэт з Ванкуверу Фелікс Аксёнцаў — аўтар тэксту «Радыё Свабода» гурта Ulis. Што ў гэтым вершы цудоўнага? Аўтар не проста карыстаецца глыбокай літаратурнай традыцыяй, пагружая нас праз песню ў атмасферу рамана «1984», але і перакульвае з ног на галаву слынную антыўтопію Оруэла: досыць змрочныя яго высновы, пераакцэнтоўваючы, выводзячы на светлае.

Мне здарылася размаўляць пра песню «Жар-птушка» з Бураўкіным і зрабіць яму камплімент. Генадзь Мікалаевіч фізічна паморшчыўся і кажа: «Што яны зрабілі з апошнім радочкам:
Павуцінка ў тваіх і маіх валасах
Хіба ж я мог сказаць каханай жанчыне пра сівізну ў ейных валасах? Канешне, мой верш заканчваўся толькі маімі павуцінкамі».

Усё б нічога, каб не гісторыкі, якія пільна слухаюць песню «Пра Нёман» і кажуць, што Анатоль Пятровіч Астрэйка быў значна большым партызанам, чым пішацца ў яго савецкіх біяграфіях. У Другую сусветную на берагах Нёмана не вялося амаль ніякіх ваенных дзеянняў, а вось у верасні 1920-га польская армія на берагах Нёмана дала адлуп Чырвонай арміі. Настолькі, што Беларусь уздыхнула свабодней, што ў той жа год стаўся магчымым Слуцкі збройны чын і паход Булак-Балаховіча на Мазыр. Вось і чытаем уважліва:

Магілаю ворагам цеснай
Не раз твае хвалі былі.

Ключавыя словы «не раз».

Чытаем беларускую паэзію, спяваем беларускую музыку і глядзім новае відэа Андрэя Хадановіча!