СОЮЗ — гэта гурт-эксперымент і пастаянны пошук новага гучання. За апошнія гады праект, які пачынаўся як беларускае трыо, ператварыўся ў сапраўды міжнародную каманду з удзелам польскіх музыкаў.
У гэтым інтэрв’ю Лёша Чумак, Мікіта Арлоў, Альберт Карх і Ігар Вішнеўскі расказваюць КЛІК пра змены ў складзе, новы альбом, канцэртны досвед і тое, як іх музыка знаходзіць водгук у розных краінах. Самыя ўважлівыя знойдуць запрашэнне на бясплатнае шоу ў Варшаве.
СОЮЗ. Фотасесія для медыя КЛІК
К: Раскажыце пра новых удзельнікаў гурта СОЮЗ.
Лёша: Ігар — гітарыст. Альберт — бубнач. Мы пазнаёміліся паўтары гады таму і амаль адразу пачалі працаваць над новай лайв-праграмай. Нашае першае выступленне адбылося ў Парыжы праз месяц пасля знаёмства.
К: А з чаго пачаліся змены ў складзе?
Лёша: Мы прыехалі ў Варшаву ў 2022 годзе і гралі ўтрох з Мікітам і Антонам. У нейкі момант мы сутыкнуліся з праблемамі легалізацыі ў Польшчы, і з-за гэтай бюракратыі Антон доўга не мог з намі турыць. Прыйшлося шукаць яму замену на час, пакуль ён не мог выязджаць з Польшчы. Пачалі знаёміцца з мясцовымі музыкамі, пашыраць кантакты. Так і сустрэлі Альберта і Ігара.
Але ў рэшце рэшт Антон пакінуў групу, і мы ўзялі хлопцаў у гурт як пастаянных удзельнікаў і перапрацавалі матэрыял пад квартэт.
К: Альберт, раскажы пра сябе. Граў калі-небудзь штосьці падобнае на музыку СОЮЗ?
Альберт: Музыка заўсёды займала велізарную частку майго жыцця, і я на сваім шляху бачыў і чуў шмат чаго. Ці граў я раней падобнае на СОЮЗ? Не, хоць вельмі хацеў. Таму быў рады прапанове граць з хлопцамі, хоць бы таму, што мне было цікава бліжэй пазнаць іх творчасць. Тое, як яны эксперыментуюць з рознымі гукамі — сапраўды ўнікальна.
Альберт Карх, бубнач СОЮЗ. Фотасесія для медыя КЛІК
К: Цяжка было адаптавацца?
Альберт: Вядома! Спачатку было складана зразумець, як наогул праходзяць рэпетыцыі. Мікіта і Лёша настолькі доўга граюць разам, што паміж імі ўжо сфарміравалася ментальная сувязь — яны бяз слоў разумеюць адзін аднаго і ведаюць, што і калі рабіць. Я ж да гэтай сувязі адносін не меў, таму было няпроста. Але гэта натуральна. Звыкаў, аднак, не я адзін. Новыя ўдзельнікі заўсёды ўносяць штосьці сваё ў звыклы гук гурта. Таму адаптавацца прыходзілася ўсім.
К: А як вы з Ігарам даведаліся пра СОЮЗ?
Альберт: Аднойчы мы трапілі на іх канцэрт. Маёй першай думкай было тое, што мы б з імі класна сыграліся. А потым Лёша мне напісаў у Instagram і прапанаваў папрацаваць. Хто б мог падумаць? смяецца
Ігар: Я памятаю, як людзі вакол абмяркоўвалі «новы гурт з незвычайным гучаннем». Асабліва людзей зачароўваў менавіта бас. Так грувава яшчэ ніхто не граў на басу. Увогуле, у Варшаве шмат эксперыментальнай музыкі і імправізацый. Але так змешваць жанры, як СОЮЗ, не мог ніхто.
Альберт: Шчыра кажучы, я не здзіўлюся, калі за гэтыя тры гады СОЮЗ у Варшаве лакальныя музыкі проста пачалі капіяваць гэтае гучанне.
СОЮЗ. Фотасесія для медыя КЛІК
К: А як вы ставіцеся да таго, што ваш стыль спрабуюць капіяваць?
Лёша: «Капіяваць» — не вельмі дакладнае слова. Я б сказаў, што людзі натхняюцца. Вядома, мне прыемна, калі людзі ў сваёй творчасці адлюстроўваюць нашыя музычныя перавагі. Праз уласную прызму, натуральна. Таму часцей я чую не канкрэтны ўплыў СОЮЗ, а музыкі, любоў да якой мы падзяляем.
К: Ігар, раскажы пра сябе. Як трапіў у гурт?
Ігар: Мы з Альбертам шмат гадоў працавалі разам — ён яшчэ гадоў шэсць таму прадзюсаваў музыку майго першага гурта. Праз шмат гадоў мы з СОЮЗ сустрэліся на сцэне. Гэта было спецыяльнае шоу, дзе хлопцы гралі свой першы і другі альбом. Нам тады прыйшлося вучыць шмат матэрыялу, але гэта сапраўды дапамагло ў перспектыве.
Тады я знаходзіўся ў сваім музычным патоку і не збіраўся станавіцца поўнапраўным удзельнікам групы. Але пасля некалькіх канцэртаў з хлопцамі я зразумеў, што мне гэта падабаецца. Гэта той гук, які я магу і хачу граць.
Ігар Вішнеўскі, гітарыст СОЮЗ. Фотасесія для медыя КЛІК
Лёша: І гэта выдатна. Таму што не ўсю старую музыку СОЮЗ можна сыграць утрох. Ігар жа не проста дайграе партыі — ён робіць гэта па-свойму грувава і ўнікальна.
З’яўленне чацвёртага ўдзельніка зрабіла мяне больш упэўненым на сцэне. Часта, каб перадаць у выступе як мага больш музычнай інфармацыі з арыгінальных аранжыровак, мне прыходзілася адначасова граць даволі складаныя партыі на некалькіх клавішных і спяваць. Вядома, я да гэтага часу гэта раблю, але цяпер Ігар здымае з мяне частку гэтага цяжару, і я магу адчуваць сябе больш расслабленым. Дзякуй табе за гэта!
К: Ігар, а што было самым цяжкім у момант адаптацыі ў гурце?
Ігар: Напэўна, фіксаваныя партыі. Гэта калі інструменты гучаць у адным тэмпе, рытме. Я звык граць больш эксперыментальную, пост-інструментальную музыку. Зараз увогуле граю пост-панк. Таму ў СОЮЗ мне было складана прывыкнуць да такіх сінхронных партый. Але ў мяне атрымалася.
СОЮЗ. Фотасесія для медыя КЛІК
К: У вас выходзіць новы альбом. Раскажаце падрабязней?
Лёша: Так. Мы з Альбертам у мінулым годзе ездзілі ў Сан-Паўлу, Бразілію. Там мы запісалі большасць матэрыялу. Зараз мы заканчваем працу над альбомам тут, у Варшаве. Нядаўна запісалі струнныя і флейты. Але працы яшчэ шмат. Рэліз плануем у гэтым годзе. Больш сказаць не магу — яшчэ зарана.
К: Альбом стане для нас чымсьці новым?
Лёша: Так. Я заўсёды імкнуся дадаць у кожную новую працу штосьці свежае і адметнае ад папярэдніх.
СОЮЗ. Фотасесія для медыя КЛІК
К: Пагаворым пра жывыя выступы. Хто ваша аўдыторыя на канцэртах?
Лёша: З таго, што я бачу, нас прыходзяць паслухаць людзі ўсіх узростаў. Ад вельмі маладых да сталых. Мне падабаецца, што мы аб’ядноўваем гэтыя два сусветы. Маладыя захопліваюцца, таму што яны такога яшчэ не чулі. Больш дарослыя слухачы адчуваюць у нашай музыцы рэферэнсы, і гэта іх захоплівае па-свойму.
Узрост аўдыторыі залежыць ад пляцоўкі. Напрыклад, нядаўна мы выступалі ў Цюрыху. На канцэрт прыйшло шмат маладых студэнтаў мясцовай кансерваторыі. Наступны канцэрт быў у горадзе Шорндорф, Германія. Там, як мне здавалася, аўдыторыя была старэйшая — 30 — 40+.
К: У якой краіне вас больш за ўсё слухаюць?
Лёша: Ужо шмат гадоў на першым месцы ЗША. На другім — Вялікабрытанія. Потым ідуць краіны Заходняй Еўропы, Канада, Аўстралія, Бразілія.
Леша Чумак. Франтмэн СОЮЗ. Фотасесія для медыя КЛІК
К: А чаму так, на ваш погляд?
Лёша: Думаю, таму што гэта галоўны музычны рынак. Ну і, вядома, у ЗША шмат аматараў музыкі падобных стыляў. Нас пачалі слухаць там, і па ўсім свеце ў цэлым, пасля рэлізу другога альбома. У асноўным, сыгралі ролю алгарытмы стрымінгаў. Праз пару гадоў мы выдалі наступны альбом на брытанскім лэйбле, які таксама моцна дапамог з дыстрыбуцыяй.
К: Крута! А Беларусь дзе-небудзь у спісе ёсць?
Лёша: Так. На 21 месцы па статыстыцы Spotify.
К: Як думаеце, чаму беларусы радзей слухаюць такую музыку?
Мікіта: Статыстыка толькі Spotify, вядома, недакладная. Ёсць і іншыя пляцоўкі. Але так ці інакш, Беларусь нідзе не ўваходзіць у топ-10 краін па праслухоўваннях. Прычына, на мой погляд, у тым, што ў СОЮЗ з пункту гледжання музычных густаў/рэферэнсаў значна больш агульнага са слухачамі з топ-10 краін.
Лёша: Але ўсё ж часам мне мама прысылае відэа з менскіх завядзенняў, дзе грае нашая музыка. Гэта прыемна.
К: А ваша замежная аўдыторыя ведае, што вы з Беларусі? Ці пазіцыянуеце вы сябе як «беларускі гурт»?
Лёша: Так, гэта заўсёды маецца на ўвазе. Акрамя таго, краіна паходжання ўказана ў апісанні гурта на стрымінгах. Мы ніяк не хаваем, што мы беларусы. Аднак зараз палова групы — палякі, а мы самі жывем у Польшчы. Напэўна, цяпер будзе сумленна сказаць, што СОЮЗ — беларуска-польскі праект?
Альберт: Міжнародны!
Лёша: Дакладна. Так нават цікавей.
СОЮЗ. Фотасесія для медыя КЛІК
К: Які канцэрт вам больш за ўсё запамятаўся?
Лёша: Апошні тур быў вельмі класным. Я адчуў гэты пераход на новы прафесійны ўзровень. Яшчэ неверагодна крута сыгралі ў Варшаве са струнным квартэтам і флейтамі ў Jassmine. Гэта быў надзвычайны вопыт.
Мікіта: Я б адзначыў выступ у Стакгольме. Я прахварэў амаль увесь тур і змог далучыцца да гурта толькі ў Швецыі. Было вельмі класна. Выступ у Jassmine, пра які казаў Лёша, таксама быў, безумоўна, неверагодным.
К: Як замежныя слухачы рэагуюць на тое, што вы з Беларусі?
Мікіта: Я памятаю, як пасля аднаго з фэстаў у Германіі да нас падышоў мужчына гадоў 50 і сказаў, што, як толькі даведаўся, што мы з Беларусі, зразумеў, што абавязаны прыйсці. Маўляў, гэта дакладна будзе нешта асаблівае. Напэўна, такая рэакцыя была проста таму, што беларусы рэдка пішуць такую музыку.
Лёша: А еўрапейцы ў цэлым больш адкрытыя да новага і непазнанага. Я заўсёды стараюся на афішах канцэртаў групы захоўваць назву кірыліцай. Па-першае, гэта выглядае крута. Па-другое, гэта дадатковая ўвага ад замежнай аўдыторыі.
Увогуле, мне вельмі падабаецца, калі «СОЮЗ» напісана кірыліцай. Слова быццам зроблена з кругоў, а паміж імі падзельнік — лінія ад літары «Ю». Я, як графічны дызайнер, знаходжу ў гэтым нейкае задавальненне.
К: Лёша па-за гуртом — графічны дызайнер. Астатнія — фултайм музыкі?
Мікіта: Можна і так сказаць. Я спрабаваў працаваць на «нармальнай працы», але я так ці інакш вяртаюся да музыкі і разумею, што гэта справа майго жыцця. Акрамя непасрэднай практыкі, я вучу людзей граць на інструментах, прадзюсаванню, музычнай тэорыі, працы з праграмамі.
Альберт: Я ўсё жыццё займаюся музыкай. Граў з самымі рознымі праектамі. Але асноўнай працай, хутчэй, было прадзюсаванне. Цяпер я больш як кампазітар-аранжыроўшчык. Таксама я кірую біг-бэнд ансамблем.
Ігар: Я іграю з некалькімі групамі і адначасова кірую пляцоўкай Ladom. Арганізоўваю музычныя фестывалі і выступы авангардных пост-джазавых артыстаў. На Ladom выступаюць не толькі польскія музыкі — у гэтым годзе прыедуць артысты з іншых краінаў.
СОЮЗ. Фотасесія для медыя КЛІК
Дарэчы, 28 чэрвеня мы будзем святкаваць 7-годдзе нашага першага альбома. У гонар гэтага зробім шоў на Ladom і зыграем старыя трэкі СОЮЗ. Вядома, аранжыроўкі будуць новыя. Івент будзе адкрыты, за данаты. Запрашаем!
Лёша: Хлопцы, на фоне вас я адчуваю сябе самым немузычным (смяецца).
Мікіта: Хоць ты робіш для СОЮЗ больш за ўсіх.
Лёша: Я ніколі асабліва не сумяшчаў некалькі музычных праектаў. Заўсёды больш канцэнтраваўся на сваёй музыцы. Хоць, часам, магу зрабіць струнныя ці флейтавыя аранжыроўкі для іншых музыкаў. Напрыклад, з 2019 года ў такім фармаце я супрацоўнічаю з музыкам Sessa, маім сябрам з Бразіліі. У гэтым годзе ў яго выйдзе ўжо другі альбом з маім удзелам, на якім я зайграў на электрапіана і сінтэзатары, а таксама напісаў некалькі аранжыровак. Так што, можна сказаць, я паступова стаю фрыланс-музыкам.
СОЮЗ. Фотасесія для медыя КЛІК
К: Мікіта, ты часта тусаваўся і граў з беларускімі андэграўнднымі музыкамі ў Варшаве. Што за гэтым стаіць?
Мікіта: Мая сяброўка таксама задавала гэтае пытанне. Яе вельмі дзівіла, што я да гэтага часу граю з лакальнымі андэграўнд-артыстамі. Але я не разумею гэтага здзіўлення. Я звязаны з беларускай сцэнай занадта доўга і моцна. Я, у пэўным сэнсе, лічу іх сваёй сям’ёй.
Такія выступы з беларусамі сапраўды дапамагаюць мне адчуваць сябе лепш. У гэтыя моманты я быццам злучаюся з домам.
Мікіта Арлоў. Басіст СОЮЗ. Фатасесія для медыя КЛІК
К: Калісьці Дуся Шукшына асудзіла СОЮЗ за песню на беларускай, а потым у яе з Applepicker (сольны праект Мікіты Арлова) выйшаў сумесны трэк. Як гэта адбылося?
Мікіта: Па-першае, на фіт мы дамовіліся да гэтага выказвання. *смяецца* Па-другое, мне проста было цікава з ёй папрацаваць. Тая крытыка апошняга трэка — гэта яе асабістае меркаванне. Хоць я з ім не згодны, яна мае на яго поўнае права.