Панк-гурт “План Ламаносава” ў асноўным вядомы дзякуючы свайму лідару Аляксандру Ільіну, які запомніўся многім па ролі Сямёна Лабанава ў тэлесерыяле “Інтэрны”. 28 верасня гурт, які набірае ўсё большую папулярнасць, выступіў у магілёўскім клубе Cuba. Многія магілёўцы прыйшлі ў клуб у гэты вечар: хтосьці – проста паглядзець на Аляксандра Ільіна, а хтосьці – адарвацца пад любімыя песні.
Прыхільнікаў у гурта аказалася нямала. Многія выдатна ведалі амаль усе песні, чым вельмі здзівілі Ільіна. А пад сцэнай была сапраўдная мешаніна. Супрацоўнікам клуба нават давялося ахоўваць сцэну ад ашалелых панкаў. Праўда, Ільін тут жа папрасіў вярнуць пад сцэну хоць бы дзяўчат, а то сумна выступаць.
Шмат хто ў гэты вечар быў у майцы з лагатыпам групы, фанаты трымалі нават расцяжкі, а ўжо аўтограф Аляксандра Ільіна марыў атрымаць кожны другі глядач.
На сцэне “Лабанаў” аказаўся шмат у чым такім жа, як і на тэлеэкране: грубаватым, насупленым і відавочна нападпітку. У песнях нельга было разабраць амаль ні слова – так надрыўна Ільін крычаў у мікрафон. Але, здаецца, натоўп пад сцэнай гэта зусім не бянтэжыла – тыя, хто ведаў словы, апантана падпявалі, а тыя, хто не ведаў… Ну, здаецца, ім наогул было ўсё роўна, якія там словы.
У Магілёве гурт выступіў упершыню – у рамках свайго тура па Беларусі. Зрэшты, зусім хутка многія зноў убачаць Аляксандра Ільіна. Праўда, цяпер не паўголага і потнага, а звыкла панурага і тупаватага – з 6 кастрычніка стартуе новы сезон серыяла “Інтэрны”.
Марыя Гілёва