Ласунак ад чумы і халеры. Гатуем салодкі ласунак з «варварскім» начыненнем

Звычайна салодкія ласункі з цеста начыняюць ягадамі або садавіной, але нашыя продкі выкарыстоўвалі ў якасці начынення і травяністую расліну — рабарбар. Яшчэ пару стагоддзяў таму аптэкары лічылі, што ён ратуе ад розных хваробаў. Гэтая расліна мае салодка-кіслы смак і расце амаль у кожным беларускім агародзе. Прапануем прыгатаваць разам пірог з рабарбарам і даведацца, чаму расліну лічылі «варварскай».


Чаму раней расліну лічылі варварскай?

Радзіма расліны з незвычайнай назвай — Цэнтральны Кітай. Там упершыню гэтая расліна была апісаная яшчэ за 27 стагоддзяў да нашай эры! У Еўропе яна была вядомая здаўна, прарастала ў кожнай краіне, у тым ліку на нашых землях, але доўгі час лічылася «дзікай» — таму яе і называлі варварскай.

Гэта пацвярджаецца і лінгвістычнымі данымі. У большасці еўрапейскіх моў расліна мае падобную назву: rhubarb — англійская, rhubarbe — французская, rhabarber — нямецкая, ruibarbo — іспанская, у польскай — rabarbar, і так жа па-беларуску — рабарбар. Агульны корань «barbar», які прыйшоў з антычнасці, азначае «варвар», або «чужы». Так што рабарбар існаваў у Еўропе задоўга да адкрыцця шляху ў Індыю.

Rheubarbarum Verum
 Rheubarbarum Verum

Сродак ад чумы, халеры і ліхаманкі

З ХVІІІ стагоддзя расліну пачалі шырока выкарыстоўваць менавіта як аптэчную. Лічылася, што рабарбар зніжае крывяны ціск, выцвярэжвае, стабілізуе сэрцабіццё, пазбаўляе ад вар’яцтва. Ім таксама спрабавалі змагацца з чумой, халерай, краснухай і ліхаманкай.

А ў Расійскай імперыі прыватным асобам строга забаранялася гандляваць ім. У 1735 годзе нават выйшаў указ, у якім гаварылася, што за ўвоз і продаж кораня рабарбара чалавека пазбаўлялі маёмасці. Праз некалькі дзён выдалі іншы ўказ, у якім прапісвалася яшчэ больш строгае пакаранне — смяротнае.

У хуткім часе рабарбар пачынаюць ужываць і ў кулінарыі. Рабарбар пэўны час лічыўся сыравінай для вытанчаных страваў. Пра гэта сведчыць выдадзеная ў Англіі ў 1792 годзе ў Лондане кніга «Universal Cook and City and Country Housekeeper».

Vokladka anhlijskaj kulinarnaj knihi
Вокладка англійскай кулінарнай кнігі

У кнізе ёсць рэцэпт, які называецца «пірог з рабарбарам»: «нарэзаць сцябліны рабарбара на кавалачкі памерам з ягаду агрэста і спячы пірог так, як гатуецца пірог з агрэстам».

На нашых землях з рабарбару варылі ўзвары, сочыва, начынялі ім стравы з цеста, нават спрабавалі рабіць з яго піва!

Прыгатуем і мы пірог з рабарбарам, толькі па больш падрабязным рэцэпце.

Як прыгатаваць пірог з рабарбарам?

Для пірага спатрэбяцца:

• Рабарбар — 250 грамаў

• Мука пшанічная — 250 грамаў

• Кефір — 200 мілілітраў

• Цукар — 130 грамаў

• Яйка — 3 штукі

• Разрыхляльнік — 12 грамаў

• Соль і цынамон — па смаку

Pradukty

Спелае сцябло рабарбару (трэба выбіраць з чырвоным адценнем) ачысціце ад лупінаў і нарэжце кубікам.

Pradukty

У посуд убіць яйкі, усыпаць муку, дадаць разрыхляльнік, цукар па смаку, шчопаць солі, пры жаданні цынамон і цытрыну, уліць кефір.

Pradukty

Узбіць да стану аднароднай масы. Для гэтага можна скарыстацца міксерам.

Pradukty

Усыпаць нарэзаны рабарбар і яшчэ раз добра перамяшаць.

Pradukty

Дно формы для выпечкі засцяліць пекарской паперай, вышмараваць алеем і выліць цеста.

Pradukty

Паставіць у разагрэтую да 180-190 градусаў духавую шафу на 30-40 хвілін.

Гатоўнасць пірага праверце драўлянай шпажкай. Калі цеста не наліпае — гатова!

Piroh

Пры падачы пірог можна пасыпаць цукровай пудрай і пакласці мяту, яна надасць ласунку яшчэ больш апетытны водар. Смачна есці!

Piroh

А. М., Budzma.org

Чытайце яшчэ:

Што рабіць з кабачкамі? Гатуем летняе рагу з гародніны

Сезонны сакавіты пірог с клубніцамі