У 2000-м у Мінску з’явілася плошча Францішка Багушэвіча. Адкрываў яе топавы чыноўнік, ураджэнец Тулы, Уладзімір Замяталін. Мінуў час, і плошча Багушэвіча, бацькі беларускага нацыяналізму, стала станцыяй метро — Plošča Franciška Bahuševiča, паводле транслітарацыі той мовай, якой пісаў сам Багушэвіч. Катарсіс!
Транслітэрацыя беларускай лацінкай у мінскім метро
Падобныя цуды, якія перыядычна здараліся пасля 1994 года, штораз давалі надзею: з беларускай дзяржавай не ўсё так дрэнна, гэта хваробы росту. А патрыятычнае ядро гэтай сістэме наўпрост неабходнае, каб не зліцца з Расіяй. Бо інакш — навошта ўсё гэта робіцца?
Зараз часы іншыя. Зусім не Замяталін, які ў 2000-м кіраваў Адміністрацыяй прэзідэнта, а нейкі Барысенка, кіраўнік «вайкова-патрыятычнага клуба» з Магілёва, падае ў галоўнай афіцыйнай газеце краіны сваю экспертную візію: лацінку трэба прыбраць з публічнай прасторы. Чаму? Бо ён яе не разумее.
А яшчэ, там ёсць знакі, «чужыя беларускай мове»: š,č, ž, ć, ł. Як быццам ёсць знакі не чужыя, а пэўная пісьменнасць стваралася пад патрэбы беларускай мовы. Што лацінка, што кірыліца стартавалі зусім у іншых рэгіёнах і задоўга да беларускай мовы: яны ніяк не могуць быць «сваімі». Гэта пытанне ўзаемнай адаптацыі мовы і алфавіта.
Што трэба ведаць пра беларускую лацінку?
Лацінка пачала ўжывацца для запісаў старадаўнебеларускай мовай з XVI ст. Вядомы храмавы звон з надпісам лацінкай з вёскі Моладава на Берасцейшчыне яшчэ часоў Баторыя, які зараз захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры пры акадэміі навук.
Лацінка стала папулярнай на досвітку фармавання нацыі — у часы Каліноўскага і Багушэвіча: Jaśko haspadar z pad Wilni ды Maciej Buraczok пісалі і падпісваліся лацінкай. Чаму? Бо лацінскі і кірылічны алфавіты мелі канфесійную прывязку: у рэгіёнах з пераважна праваслаўным насельніцтвам — кірыліца, у каталіцкіх рэгіёнах — лаціна. Адаптацыя мовы пад традыцыю рэгіёна. Тут — пад каталіцкую Заходнюю Беларусь.
Граматыка Тарашкевіча, выдадзеная ў Вільні лацінкай, 1918 год
«Наша Ніва» ад 1906 года выходзіла і кірыліцай, і лацінкай — у дзвюх версіях (як зараз сайты з расйскай і беларускай версіямі). Процьма выданняў «нашаніўскага перыяду», творы Купалы, Коласа, Цёткі выходзілі лацінкай. Адзінай візіі алфавіту пад беларускую мову ўсё яшчэ не было: дзве паралельныя плыні суіснавалі.
Дзве версіі «Нашай Нівы» кірыліцай і лацінкай
Цікава, што нібыта нават Ленін падтрымліваў лацінку! Будучы праціўнікам спадчыны Расійскай імперыі, ратаваў за наданне мовам нацыянальных рэспублік лацінскага алфаіту. Пры Сталіне, які вяртаў імперскасць і перавёў тую ж казахскую на кірыліцу, пытанне было канчаткова вырашанае. Не на карысць лацінкі.
Ад «аўсвайсаў» да NRM
Лацінка жыла паралельным жыццём у Заходняй Беларусі ў 1920-30-х. Як у «левых», арыентаваных на СССР, так і ў «правых» выданнях Станкевіча і Гадлеўскага. Адзіны ў гісторыі выпадак, калі лацінка на кароткі час з’явілася ў справаводстве — часы нямецкай акупацыі. Размова і пра культурніцкія выданні, і пра двухмоўныя нямецка-беларускія жыроўкі ці «аўсвайсы». Зусім не таму, што немцы так хацелі: мову разумелі людзі, вось і ўсё.
У паваенныя часы лацінка ў БССР была пад негалоснай забаронай: пра яе ў прынцыпе стараліся не ўзгадваць. На эміграцыі ж выходзілі выданні на лацінцы: шмат хто з выехаўшых на Захад у 1944-м вучыўся пісаць па-беларуску яшчэ акурат лацінкай! Яшчэ адзін аазіс, дзе зберагалася лацінка, — беларускае Падляшша, але гэта асобная тэма.
Так выглядае верш Купалы лацінкай з выдання «Гусляр»
На пачатку 90-х лацінка перажыла рэнесанс у двух сферах: музычна-культурніцкай ды рэлігійна-касцельнай. Размовы пра пераход дзяржавы і справаводства на лацінку ўжо не было, але вымалёўвалася ніша. Лацінка — частка нашай адметнасці, частка нас.
Праз NRM процьма беларускай моладзі даведалася пра беларускую лацінку
Заўжды прасіць БОЛЬШ, чым хочаш атрымаць
Чаму цікавасць да лацінкі вяртаецца менавіта сёння? Два моманты: практычны і ідэалагічны.
Практычны. Сучасны свет так ці інакш адаптаваны пад лацінскі алфавіт, пад ангельскую мову. Беларуская лацінка аб’ектыўна ўпісваецца ў гэты свет лепш, чым кірыліца. Роўна таксама, як у часы Рэчы Паспалітай, калі ў Еўропе панавала лацінская мова, з-за чаго і паўстаў феномен беларускай лацінкі. Адсюль у наш час і сама неабходнасць транслітарацыі геаграфічных назваў, якія не падабаюцца Барысенку і ягоным сябрам.
Ідэалагічны. Лацінка — гэта адгароджванне, «кітайская сцяна» на мяжы з «рускім светам». Той самы «роў з кракадзіламі», пра які жартуюць у пабліках. Чым далей — тым лепей. Адсюль і шэўроны з надпісамі лацінкай у беларускіх добраахвотнікаў.
Лацінка як з’ява ў нефармальнай пратэстнай культуры 2010-х
А яшчэ гэта феномен раўнавагі: заўжды трэба прасіць БОЛЬШ, чым збіраешся атрымаць. Калі ўкраінцы хочуць цэласную Украіну ў межах пасля 1991-га, варта прэтэндаваць яшчэ і на Кубань. Калі беларусы хочуць беларускамоўную Беларусь, то варта замахвацца адразу на лацінку. Ідэя жыве ў сваіх скрайніх праявах. Скрайнасці — ураўнаважваюць. Без скрайнасцяў не будзе цэнтру і раўнавагі.
PS
Аптымальнае месца беларускай лацінкі зусім не ў музеі, не! Гэта месца нематэрыяльнай каштоўнасці, аднаго з адметных культурных феноменаў. А яшчэ — універсальны масток у міжнародных дачыненнях.
Не бачу нічога кепскага ў тым, каб лацінка стала факультатывам ці асобным блокам у праграме беларускіх школ і гімназій. У сучасным свеце прынята ганарыцца дадатковымі навыкамі ці мовамі, якімі валодаеш, разумееш. Толькі на постсаўку ганарацца тым, чаго не ведаюць ды просяць усё запар «перевести на русский».
Алесь Кіркевіч, budzma.org
Чытайце яшчэ: Беларускай лацінцы і арабіцы нададуць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці?