Стала вядома, што на Рэспубліканскім савеце па гістарычнай палітыцы збіраюцца разгледзець пытанне аб транслітарацыі геаграфічных назваў вуліц і населеных пунктаў з выкарыстаннем рускай мовы, у тым ліку на беларускую лацінку, піша «Новы час».
Дзяржаўнае агенцтва «БелТА» паведаміла пра гэта са спасылкай на словы кіраўніка згаданай адміністрацыі Ігара Сяргеенкі. Як адзначае ў сваім «экстрэмісцкім» канале блогер-«экстрэміст» Антон Матолька, навіна з’явілася 8 снежня а 11:43.
Пазней, у 14:25, прапагандысты апублікавалі і пост у сваім тэлеграм-канале з цытатай Сяргеенкі.
Са слоў чыноўніка вынікала, што на пасяджэнні будзе разглядацца менавіта лацінская транслітарацыя назваў вуліц, гарадоў і іншых населеных пунктаў у Беларусі. Цяпер яны перадаюцца лацінкай з беларускага арыгінала. Па словах Сяргеенкі, будзе разглядацца выкарыстанне надалей рускай мовы. «Цяпер паступаюць звароты грамадзян па гэтым пытанні, і мы вырашылі разгледзець яго і ўнесці яснасць, як далей выкарыстоўваць рускую мову ў назвах вуліц, населеных пунктаў, у транспарце», — заявіў чыноўнік.
Аднак каля 15:00 стала вядома, што гэта пасяджэнне ўжо скончана і ніякай інфармацыі наконт рашэння апублікавана не было.
Крыху пазней, а 15:19, «БелТА» выдаліла пост з інфармацыяй аб абмеркаванні прапановы выкарыстоўваць рускую мову пры транслітарацыі назваў вуліц.
Больш таго, цытата Сяргеенкі была выдалена і з ранішняй навіны аб правядзенні пасяджэння.
Ці азначае гэта, што тэму адрынулі альбо засунулі ў доўгую шуфлядку? Выглядае, што не.
Бо якраз сёння — нібыта лыжка да абеду — на старонках выдання «СБ.Беларусь сегодня» пра лацінку з прарасійскіх пазіцый выказаўся кіраўнік Магілёўскага гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка.
«Гэтая транслітарацыя беларускай мовы лацінскім алфавітам, прычым з выкарыстаннем якіх-небудзь знакаў, зусім чужых беларускай мове, для мяне як жыхара ўсходняй Беларусі з’яўляецца незразумелай. Думаю, жыхары Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей з цяжкасцю разумеюць, пра што там ідзе гаворка.
Разгойдванне сітуацыі вакол лацінізацыі пачалося не сёння, а яшчэ з дзясятак гадоў таму. Але тым не менш акцэнт на тое, што без гэтай лацінкі немагчыма пражыць, а з рускай мовы па-беларуску ці па-англійску немагчыма перадаць якія-небудзь гукі, не мае пад сабой сур’ёзнай асновы. І вось гэта выкарыстоўваюць нашы нацыянальна афарбаваныя "таварышы", спрабуючы прывесці гэты момант у наша жыццё. Думаю, мы павінны даць гэтаму адпаведную ацэнку», — сказаў Барысенка.
На трывожную сітуацыю звярнула ўвагу аўтарка кнігі «Мова 404» Аліна Нагорная. На сваёй старонцы ў фэйсбуку яна ініцыявала напісанне зваротаў у абарону транслітарацыі на лацінку з беларускай, а не з рускай мовы.
Каб захаваць беларускую мову на вулічных шыльдах і ў транспарце, Аліна Нагорная папрасіла карыстальнікаў скапіяваць і даслаць у дзяржустановы наступны тэкст:
«Самым адметным і нязменным, што ёсць у Беларусі і ў беларусаў, з’яўляецца беларуская мова. Гэта наша гісторыка-культурная і духоўная спадчына, якую мы абавязаны берагчы згодна з арт. 54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Разам з тым на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь з’явілася наступная інфармацыя: "Будет рассмотрен и вопрос транслитерации в географических названиях улиц и населенных пунктов с использованием русского языка. Сейчас поступают обращения граждан по этому вопросу, и мы решили рассмотреть его и внести ясность, как дальше использовать русский язык в названиях улиц, населенных пунктов, в транспорте"
ПРАШУ:
1. Пакінуць "Інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта" ў рэдакцыі ад 24 ліпеня 2006 года. Улічваючы, што Інструкцыя ў дадзенай рэдакцыі была ўзгоднена з Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам культуры, Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа пры НАН Беларусі;
2. Прывесці ўсе існуючыя надпісы геаграфічных аб’ектаў у адпаведнасць з "Інструкцыяй па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта" (у рэдакцыі ад 24 ліпеня 2006 года);
3. У адпаведнасці з Законам "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" адказаць на мой зварот у вызначаны законам тэрмін».
Супраць беларускай лацінкі ўжо даўно змагаюцца рознага кшталту праўладныя актывісты, духоўна блізкія да Вольгі Бондаравай. Адна з такіх, мінская бухгалтарка Юлія Дударэнка (раней працавала ў МУС), у жніўні актыўна прасоўвала змаганне супраць лацінкі ў сацсетках, дзе, у прыватнасці, пісала: «Я хачу бачыць рускую мову, а не пшэцкую лацінку».
Тая кампанія змагання супраць «пшэцкага» напісання назваў вуліц, гарадоў і іншых тапонімаў нічым не скончылася. Магчыма, зараз мы назіраем за новым этапам.