Рашэннем праўлення і назіральнай рады Украінскай кінаакадэміі Сяргей Лазніца быў выключаны з Украінскай кінаакадэміі. Пра гэта паведамляецца на старонцы арганізацыі ў Фэйсбуку.
Кінаакадэмія нагадвае, што ва ўмовах, калі Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны і Украіна абараняецца на ўсіх франтах, у тым ліку і на культурным, асаблівая адказнасць ускладаецца на спецыялістаў крэатыўных індустрый, якіх добра ведаюць за мяжой. Іх пазіцыя павінна быць яснай і недвухсэнсоўнай.
«Рэжысёр Сяргей Лазніца неаднаразова падкрэсліваў, што лічыць сябе касмапалітам, „чалавекам свету“. Аднак цяпер, калі Украіна з усіх сіл адстойвае сваю незалежнасць, ключавым паняццем у рыторыцы кожнага ўкраінца павінна стаць яго нацыянальная ідэнтычнасьць. І тут не можа быць ні кампрамісаў, ні паўтонаў», — адзначае Украінская кінаакадэмія.
Кінаакадэмія нагадвае, што фільмы Сяргея Лазніцы нядаўна былі ўключаныя ў праграму фэстывалю расійскага кіно ў французскім Нанце пад назвай «Ад Львова да Уралу». «Падчас крывавай поўнамаштабнай вайны, якую вядзе Расея» Украінскя кінаакадэмія лічыць гэта абсалютна недапушчальным.
Украінская кінаакадэмія ўжо заклікала сусветную кінасупольнасць байкатаваць расійскае кіно і заклікала ўвесь свет адрозніваць украінскую і рускую культуры і не атаясамліваць іх.
«Звяртаемся да сусветнай супольнасці з просьбай не пазіцыянаваць Сяргея Лазніцу як прадстаўніка ўкраінскай культурнай сферы», — гаворыцца ў заяве Украінскай кінаакадэміі.
Сам Сяргей Лазніца яшчэ 27 лютага на сваёй старонцы ў Фэусбуку напісаў адносна вайны ва Украіне:
«Развязаная Расіяй вайна супраць Украіны — самазабойчы і вар'яцкі акт, які непазбежна прывядзе да краху злачыннага расійскага рэжыму. Увесь свет стаў сведкам Бітвы Дабра са Злом, Праўды з Хлуснёй, бітвы біблейскага маштабу. Перамога будзе за Украінай!»
Сяргей Лазніца — ураджэнец Баранавічаў, рэжысёр дакументальных і мастацкіх фільмаў. Аўтар фільмаў «Шчасце маё», «У тумане» (паводле аповесці Васіля Быкава), «Данбас», «Блакада», «Цуд святога Антонія», «Ліст», «Майдан», «Аўстэрліц», «Дзень перамогі», «Працэс», «Дзяржаўнае пахаванне» і іншых. Двойчы ягоныя працы станавіліся прызёрамі Канскага кінафестывалю — «У тумане» (прыз FIPRESCI) і «Данбас» (прыз за рэжысуру).