16 мая спаўняецца два гады з дня трагічнай гібелі беларускага грамадскага дзеяча, кнігавыдаўца, аднаго з заснавальнікаў «Белага Легіёну», камандзіра падраздзялення батальёна «Волат» Палка Каліноўскага Міраслава «Мыша» Лазоўскага. Міраслаў загінуў, прыкрываючы адыход пабрацімаў ва ўкраінскім Бахмуце.
Кім быў Міраслаў Лазоўскі і чаму немагчыма вымераць ягоны ўнёсак у беларускі нацыянальны рух, нагадваем у нашым артыкуле з нагоды дня памяці.
Міраслаў Лазоўскі
Міраслаў Лазоўскі нарадзіўся 10 ліпеня 1973 годзе ў Мінску. Ягоная маці родам са Слуцка, бацька — з-пад Магілёва. Міраслаў атрымаў інжынерную адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі. У першай палове 90-х рабіў карыкатуры і шаржы для газеты «Свабода». Праз сваю зацікаўленасць гісторыяй у пачатку 90-х гадоў далучыўся да беларускага патрыятычнага руху, у 1995-м увайшоў у Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, з моладзевага крыла якога з часам паўстала арганізацыя «Белы легіён». Міраслаў стаў адным з лідараў гэтай арганізацыі.
Узнагароды Міраслава Лазоўскага. Фота Стаха Войтава
Людвіка Кардзіс, сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, уручае Ніне Шыдлоўскай, былой жонцы і паплечніцы Міраслава, Ордэн Жалезнага рыцара з кавалерскім крыжом. Вільня, 16 траўня 2024 г. Фота Стаха Войтава
Журналіст, кнігавыдаўца, заснавальнік беларускай бібліятэкі «Камунікат» Яраслаў Іванюк:
«Мірык удзельнічаў таксама ў розных мітынгах беларускай апазіцыі, у тым ліку вясной 1999 года ў Маршы Свабоды, пасля якога яму прысудзілі суткі. У 2000-м яго судзілі, як першага бадай, за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Прысудзілі на штраф. Пасля гэтага ён вельмі актыўна ўключыўся ў дзейнасць незалежных беларускіх арганізацый, найперш Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», пазней кампаніі «Будзьма беларусамі», з 2012 года заняўся таксама кнігавыдавецкай дзейнасцю, распаўсюдам літаратуры, стаў супрацоўнікам выдавецтва «Беларускі кнігазбор». Быў падазраваны па справе выбуху ў метро, пазней быў фігурантам «Справы патрыётаў» — яму падкінулі ў багажнік машыны зброю, абсалютна сфабрыкаваная справа, меўся быць гучны паказны працэс, які, на шчасце, не адбыўся. Пасля выхаду з СІЗА Міраслаў Лазоўскі яшчэ больш заангажаваўся ў выдавецкую дзейнасць, быў удзельнікам 7-га З’езда беларусаў свету.
Увосень 2021-га, калі пачалася зачыстка беларускага трэцяга сектару, калі ліквідаваліся многія незалежныя арганізацыі, Мірык вырашыў эвакуявацца ва Украіну. Калі пачалася вайна, ён адразу захацеў уступіць у шэрагі байцоў, якія змагаліся з расейскай агрэсіяй. Гэта не было простай справай — Мірык не меў віду на жыхарства, проста беларускі пашпарт. Але атрымалася. Неўзабаве пачалі ўзнікаць беларускія вайсковыя адзінкі, у тым ліку батальён імя Кастуся Каліноўскага, які пазней пераўтварыўся ў полк. Мірык быў адным з камандзіраў групы ў батальёне «Волат», змагаўся пад Кіевам, Херсонам, Лазавым, Бахмутам. Да 16 траўня 2023 года, калі загінуў, прыкрываючы эвакуацыю параненых байцоў сваёй групы».
Кіраўніца ЗБС «Бацькаўшчына», каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алена Макоўская:
«Выдатнае пачуццё гумару, вельмі эрудзіраваны, начытаны, у яго прысутнічала і іронія, і самаіронія, дапытлівы розум, крытычнае мысленне — гэта ўсё рабіла гутаркі і дыскусіі з ім вельмі цікавымі. Іх было шмат, бо шмат было і працоўных вандровак — па Беларусі і па замежжы. І гэта былі часам гарачыя дыскусіі. Але самымі захапляльнымі для мяне, напэўна, былі ягоныя аповеды пра гісторыю Беларусі. Гэта было і з гумарам, гэта было і сур’ёзна — ты нібыта пагружаўся ў гэты час, бачыў гэтых людзей, Мірык заўсёды мог падаць гэтыя гістарычныя падзеі з нейкага такога незвычайнага ракурсу, што да гэтага і падумаць не магла, што наша гісторыя можа быць такой захапляльнай, такой цікавай.
Яшчэ ён быў вельмі надзейным, на яго можна было разлічваць у самыя цяжкія моманты. Пра такіх людзей кажуць: соль зямлі. З ім можна было смела ісці, прыкладам, у грыбы — і губляцца там смела, бо Мірык заўжды знойдзе і выведзе. Ён умеў сябраваць і гуртаваць вакол сябе людзей, у яго было вельмі шмат сяброў, якія любілі і паважалі яго.
Я вельмі шкадую, што ўвесь ягоны патэнцыял не мог быць — як і шмат каго з нашага пакалення — зрэалізаваны ў Беларусі і ў тыя часы, і тым больш у сённяшняй. Але што мог — ён рабіў, яго жыццё было сапраўдным служэннем. Дзе б ён ні працаваў, што б ён ні рабіў — шмат сіл, часу ён аддаваў сваёй краіне, яе светлай і незалежнай будучыні. І тое, што ён пасля выбраў Украіну і вырашыў тым самым змагацца за Беларусь — гэта лагічнае, паслядоўнае рашэнне яго жыцця. І ягоная смерць падчас ратавання таварышаў — гэта таксама тое, што гаворыць, кім быў па сутнасці Мірык. Нашым героем, беларускім волатам, тым, хто зараз трымае вось гэта беларускае неба над намі».
Літаратуразнавец Ціхан Чарнякевіч:
«Ён быў чалавекам, які прымае іншы пункт погляду, паважае чалавека як асобу, але ў той жа час ні на міліметр ад свайго не адступіць. Ён вельмі прынцыповы, вельмі цвёрды ў сваіх перакананнях, такі не сыдзе, не адступіць. І для яго тая праца, якую ён рабіў у «Кнігазборы», была таксама такой дзейнасцю для Беларусі ў тым разрэзе, які на той момант яму быў даступны, магчымы — і ён з яе выціскаў усё, што толькі можна было выціснуць. Ён быў заўсёды накіраваны на вынік: знайсці пісьменніка, які будзе рабіць кнігі, якія будуць прадавацца; прадаць сёння 10, а заўтра 50, а паслязаўтра 100 кніг; зрабіць 5, 50, а потым 150 прэзентацый, каб кніга пайшла па ўсёй Беларусі, каб яе было больш, каб у яе чытачоў было больш, каб гаварылі больш па-беларуску.
Ён мог быць вельмі шмат у якіх прафесіях патрэбны, неабходны Беларусі, быць вельмі яркай асобай — ён проста вось як зорка свяціў так горача, што грэў усіх, хто яго ведаў.
Вельмі шмат успамінаецца добрага, таму што нічога кепскага не магу ўспомніць пра гэтага чалавека. Чалавек дабрыні, чалавек сілы, моцы і жыццядзейнасці, які, напэўна, ніколі больш мне ў такім вось уцялесненні не сустракаўся. Светлая памяць яму. Дзякуй, што ён з намі быў, ёсць і будзе».
Былы баец Палка Каліноўскага Аляксандр «Кусь» Клачко:
«Мала нарадзіцца беларусам, складаней заставацца ім да канца жыцця. Вось Міраслаў «Мыш» Лазоўскі нарадзіўся і да канца жыцця заставаўся беларусам. І для мяне ён — і герой Украіны, і герой Беларусі адначасова».
Журналіст «Радыё Свабода», былы палітзняволены Алег Груздзіловіч:
«Гэта быў першы для мяне чалавек, які так прыгожа малюе і так з гумарам ілюструе падзеі. Потым нашы шляхі разышліся, і я раптам убачыў яго ў ахове нейкай акцыі. Здзівіўся. А потым яшчэ больш здзівіўся, калі даведаўся, што Міраслаў узначальвае «Белы легіён». І потым я як журналіст стаў ужо рыхтаваць з Міраславам матэрыялы. Кожны журналіст марыць пра такія крыніцы інфармацыі: спакойны, дасведчаны, кампетэнтны, гатовы заўсёды нешта расказаць. (...) «Справа патрыётаў» — і зноў прагучала імя Міраслава. Канечне, было нават здзіўленне, калі Міраслаў выйшаў адтуль (СІЗА) і сказаў: «Усё нармальна». То бок чалавек яшчэ раз даказаў, што ён здольны ўсе цяжкасці пераадолець. Канечне, я не ведаў, што ён там, ва Украіне, але думаў, што ён там акажацца. Я сядзеў у турме і неяк разважаў пра гэта. А калі ўжо выйшаў, то добраахвотнік, з якім кантактаваў, расказаў, што ў яго ёсць камандзір, вопытны і аўтарытэтны, якога ён называў «Генерал». Не казаў, хто ён, але я неяк для сябе вырашыў, што гэта, пэўна, Міраслаў. А потым я пачуў, што беларускі добраахвотнік пайшоў у безнадзейную сітуацыю, пайшоў і загінуў. І зноў я падумаў, што гэта можа быць Міраслаў. Бо ён бы не ўседзеў, а пайшоў ратаваць сваіх малодшых сяброў. І ўжо праз некалькі дзён я даведаўся, што так — гэта ён, Міраслаў».
Журналіст, гісторык Алесь Кіркевіч:
«Міраслаў найперш для мяне рыцар, настаўнік, прыклад і вялікі сябар. Ведаю, што для вялікай колькасці людзей Міраслаў быў найлепшым сябрам, прыкладам, я сустракаю людзей, якія так і кажуць: «Міраслаў мяне вучыў». Мірык стварыў такую вось сетку людзей агромністую — і кожнаму нешта даў, з кожным камунікаваў. Мірык быў такім, я б сказаў, недаацэненым інтэлектуалам у Беларусі, абшар ведаў і глыбіня гэтых ведаў часам проста зашкальвалі. Шырыня разумення — ён бачыў усю карціну і гатовы быў пра яе распавесці. Разам з тым, ён быў у сілу прыроднай сціпласці чалавекам непублічным. (...) Запавет ад яго: трэба рабіць тое, што трэба рабіць, што ты ўжо выбраў на сваім шляху, у што ты верыш і бараніць тое, што любіш.
Старшыня Рады ЗБС «Бацькаўшчына», каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі» Ніна Шыдлоўская, былая жонка і паплечніца Міраслава:
«Мне, відаць, пашанцавала найбольш — я вельмі добра ведаю Мірыка з 1995 года. Ізноў жа пашанцавала больш, чым каму — я яго ведала з розных бакоў. Як чалавека эрудзіраванага, які энцыклапедычнымі ведамі рознага роду проста жангляваў — яго можна было сярод ночы падняць штосьці запытаць і пачуць адказ. Ці, напрыклад, ён заснуў, расказваючы пра нешта, а прачнуўшыся — працягвае тэму:) Я ведала яго як чалавека, ведала як дзеяча, ведала як аднаго з легіянераў. Нас Бог адарыў пачуццём, якое намнога большае, намнога больш каштоўнае і глыбокае, чым каханне, якое не знікае ні пры якіх варунках. І якое дазваляла, спыніўшы асабістыя стасункі, працягваць глыбіню чалавечых стасункаў.
Мірык быў вельмі розны, вельмі розны ў розных сітуацыях, і з гумарам, і... Ой, як жа ён умеў злавацца! Ён рабіў шчыра і з глыбінёй душы ўсё. Абсалютна ўсё.
Спадзяюся, памяць дазволіць напісаць пра яго, пра шмат якія жыццёвыя сітуацыі... Без яго апусцеў свет — гэта слаба сказаць. Параіцца — з Мірыкам, зверыць каардынаты — з Мірыкам, сарыентавацца, ці правільна ты інтэрпрэтуеш тую ці іншую падзею — гэта з Мірыкам. Гаворачы з ім, я сама пачынала лепш разумець падзеі, свет, людзей. У людзях — не памыліўся ніколі. Мірык натхняе і будзе яшчэ натхняць на стварэнне твораў, на стварэнне фільмаў, артыкулаў і г.д. Спадчына ад яго будзе яшчэ прарастаць дзесяцігоддзі наперад і даваць нам гэты грунт, і для мяне і для многіх нашых сяброў зверку каардынат — ці правільным шляхам мы ідзем.
Гэта насамрэч адзін з тых, на каго абапіраецца наша Беларусь, да якой мы, спадзяюся, хутка дойдзем».
17 траўня з Вільні а 10.00 па адрасу Bokšto, 4 адбудзецца Літургія ў памяць спачылых Ніны Маргаевай, Ганны Кандраценкі, Міраслава Лазоўскага. Запрашаюць ўсіх жадаючых далучыцца за малітвы-памяці.
Budzma.org