Што такое КООВ і які лёс музычнага праекта Dee Tree? Ці можна зарабіць музыкай у Нямеччыне? Ці абавязкова творца ў эміграцыі застаецца «беларускім творцам», які грае ў камандзе з беларусамі? Зацікавіць еўрапейца беларускім прадуктам — дзе сакрэт?
Вялікая гутарка з Лерай Дэле.
Лера Дэле. Фота: Hanna Shot
Ужо тры гады спявачка і экс-лідарка гурта Dee Tree жыве ў Берліне. Пераезд прыпаў акурат на восень 2020-га. Лера кажа, што заўжды разумела, што не будзе заставацца ў Беларусі. Занадта «нізкая столь» для развіцця. А Берлін — гэта новыя магчымасці, вучоба і — адкрыты свабодны свет.
Але пра ўсё па чарзе.
Я была з тых, хто кажа: «Я чалавек свету!..»
— Ці лёгка далося рашэнне пра пераезд?
— Лёгка. Музыка, якая мне падабаецца, выклікала мала цікавасці. Маленькая краіна. Ведала, што з’еду некалі, каб ісці далей. У Нямеччыне паступіла ва ўніверсітэт. Гэта адна з нешматлікіх краінаў ЕС, дзе ёсць бясплатная вышэйшая адукацыя. Раней я сустракала шмат немцаў падчас вандровак. Менталітэт, як яны думаюць, размаўляюць, колькі маюць павагі адно да аднаго — усё гэта мне падабалася.
— Пераезд — палітычны ці творчы выбар у Вашым выпадку?
— Ад пачатку — творчы. Але па выніку 2020-ты апынуўся самым жорсткім годам ці не ва ўсёй гісторыі Беларусі... І гэта ўпершыню прымусіла мяне адчуць сувязь з краінай паводле маёй нацыянальнасці. Бо я была з тых людзей, якія кажуць: «Я чалавек свету, я вандрую!». З Беларусі, так. Але гэта нічога не значыць.
Пасля пратэстаў я зразумела людзей, якія казалі: «Гэта важна, што я адсюль, гэта мая культура...» Бо раней мяне цікавіла хіба народная музыка. Па выніку ж я адчула, што за культуру можна і трэба змагацца. Адчула, што для мяне гэта — каштоўнасць.
Лера Дэле. Фота: by mysticpizzajoe1
— Чым прыцягальны Берлін у музычным і культурным плане?
— Улётны горад! Сталіца адной з найбуйнейшых эканомік Еўропы. Калі эканоміка добрая, то і культура добрая. Звычайна, не заўсёды. Але ў гэтым выпадку — напэўна. Тут ёсць проста ўсё! Вельмі вялікая талерантнасць да любых уяўленняў пра культуру. Культура тут не служка да эканомікі, каб людзей весяліць. І рухаецца яна часта на простым жаданні ствараць.
Выступленне КООВ у якасці пераможцы конкурсу маладых джазавых выканаўцаў Sparda Jazz Award у межах джазавага раллі Schauinsland-reisen у Дзюсельдорфе (травень 2023). © Stiftung der Sparda-Bank West Photo by Anne Orthen
Прыходзіш на мерапрыемства і думаеш: хто і калі дадумаўся нешта такое рабіць?! Як гэта магчыма?.. А людзям цікава. Яны адкрытыя да ўсяго новага. Таму і культура — квітнее. А яшчэ ў Беларусі я не бачыла аж так шмат даверу да людзей, якія не ёсць тваёй сям’ёй ці бліжэйшым колам. Тут гэты давер прысутны: часам нават у даволі экстрэмальных формах.
«КООВ — тое, што ідзе знутры. Я так хачу. Усё»
— У Беларусі Вы займаліся праектам Dee Tree, зараз — KOOB. Гэта новы праект ці «перазагрузка» папярэдняга?
— Не, КООВ — мой сольны праект, і гэта нешта новае. Нешта паміж авангардным джазам і «соўл». Усё пачыналася як праект, дзе я магу пісаць і запісваць песні, якія мне падабаюцца, але не падыходзяць для Dee Tree. Зараз я вучуся ў джазавым універсітэце, і мне вельмі цікавая гэтая тэма. Гэта не пра традыцыйны джаз, але пра імправізацыю.
КООВ ужо далёка адышоў ад Dee Tree, але нават у назве апошняга альбому ёсць «пасхалка»: That Tree. Унутры нешта засталося. Калі коратка: з Dee Tree мы бачылі тое, што вакол нас, і адчувалі: нечага не хапае. Стваралі тое, чаго не хапала. Але яно прыходзіла звонку і так нараджалася. А КООВ — гэта тое, што ідзе ў мяне знутры. Я так хачу. Усё.
Выступленне КООВ у якасці пераможцы конкурсу маладых джазавых выканаўцаў Sparda Jazz Award у межах джазавага раллі Schauinsland-reisen у Дзюсельдорфе (травень 2023). © Stiftung der Sparda-Bank West Photo by Anne Orthen
— Ці праўда, што ў КООВ няма беларусаў, толькі немцы?
— Беларусаў няма, але і немец — адзін. Наша «банда»: швед, славак, аўстраліец, немец... і я. Разумееце, я не хачу быць этнаспявачкай, хоць вельмі паважаю гэтую традыцыю.
Не хачу заўжды пазіцыянаваць сябе як чалавека, які прадстаўляе беларускую музыку ў Нямеччыне. Мая музыка — гэта я. І раблю яе з тымі, з кім мне падабаецца граць.
— КООВ — гэта праект «для душы» ці сродак заробку?
— Гэта заробак, прафесія. Зарабляю тым, што езджу з канцэртамі. Нямеччына, Польшча, Аўстрыя, Італія... Тут не Беларусь, калі сыграўшы ў Мінску, можна яшчэ заруліць у Гародню. У Нямеччыне мегаразвітая сетка клубаў у невялікіх гарадах. Ездзіць можна бясконца.
«Справа не ў Беларусі, а ў прадукце. Узровень маркетынгу + якасць»
— Беларуская дыяспара — Ваша мэтавая аўдыторыя?
— Мая музыка індывідуалістычная. Толькі для тых, каму непасрэдна ГЭТАЯ музыка цікавая. І яна можа падацца крыху сумнай для беларусаў замежжа, якія прыйшлі пачуць нешта знаёмае, прыемнае. А чуюць незнаёмае і не заўжды прыемнае. З дыяспарай мы супрацоўнічаем. Раней я спявала на мітынгах. Часам са сваёй вялікай сяброўкай Веранікай Кругловай. Але КООВ ні ў якім выпадку не замыкаецца на беларускай дыяспары.
— Ці заўважалі Вы, што ў беларусаў замежжа больш настальгічны запыт на музыку? Паслухаць тое ж, што ў Беларусі? Не новае.
— Лагічна. Незнаёмае асяроддзе. Людзі хочуць адчуваць сябе больш камфортна. Таму трэба нешта, што нагадвае пра старыя часы, калі вакол усё сваё-звыклае. «Запыт на настальгію» ёсць, але яго ўжо менш. Людзі прызвычайваюцца. Сам запыт будзе існаваць столькі ж, колькі існуе дыяспара.
Наогул той факт, што існуе «беларуская дыяспара» як канцэпт — вельмі крута. Шмат якія супольнасці не існавалі раней, да 2020-га. А зараз можна прыехаць куды заўгодна, набраць у чаце «беларусы ў ...» — і дадаць назву горада. І знойдзеш! Гэта кранальна і прыемна. Менавіта ў замежжы шмат хто наноў адкрывае для сябе беларускую культуру.
Напрыклад, мая сяброўка па школе пераехала ў ЗША. Ніколі не мела сантыментаў да мовы і — хоп! — перайшла. Бо эміграцыя, бо сумуе, бо 2020-ты. І гэта прыемная тэндэнцыя.
Лера Дэле. Фота: Maxim Shumilin
— Публіцы ў Нямеччыне цікавы культурны прадукт з Беларусі?
— Справа не ў тым, Беларусь цікавая або не. Справа канкрэтна ў прадукце: што гэта, наколькі якаснае, ці чапляе? Калі чапляе, то людзі спрабуюць дазнацца, «адкуль яно», і адкрываюць для сябе краіну паходжання.
Падобна было з песняй і кліпам «Не чапай». Там адгукаюцца падзеі 2020-га. Мне неяк пазваніла прадстаўніца партыі «Зялёных» у Нямеччыне: папрасіла дазволу на публічны паказ. У іх было мерапрыемства, прысвечанае Усходняй Еўропе. Ім цікава. Але, паўтаруся: поспех любога культурнага прадукту — гэта пра ўзровень маркетынгу + якасць.
«У Беларусь мне было б цікава прыехаць у 50-60 гадоў»
— Палітызаванасць шкодзіць культуры, ці гэта цалкам норм?
— На маю думку, апалітычнасць — гэта калі ёсць вялікая стабільнасць у эканоміцы і палітыцы. Або — прыгнечанасць.
Бо культура, якая ў сабе не мае ані каліва палітыкі — гэта эскапізм ці стагнацыя. Культура харчуецца напружаннем. Не абавязкова вайной, але нейкімі выбухамі, усплёскам! Таму, думаю, палітычнасць у культуры — норм.
І гэта я кажу як чалавек, які зусім не цікавіўся палітыкай, жывучы ў Беларусі. Тады я рабіла Dee Tree — праект, цалкам адарваны ад беларускага кантэксту.
— Ці было б Вам цікава вярнуцца ў Беларусь у пазітыўнай перспектыве? Часова або назаўжды?
— Думаю, Беларусь будзе вельмі цікавым месцам, калі пачнуцца змены. І шмат хто захоча прыехаць, каб у гэтых зменах паўдзельнічаць. Мне таксама было б цікава прыехаць і нечым займацца... нават палітыкай. Але гадоў праз 20-30, калі мне будзе 50-60. Вось тады магу сабе гэта ўявіць.
Фотаздымкі прадастаўлены Лерай Дэле
Гутарыў Алесь Кіркевіч, budzma.org