Лідар Re1ikt запісаў гучнае відэа пра беларускую гісторыю (Відэа)

10.11.2017 Музыка

Бубнач мінскага фолк-рок-гурта Re1ikt Аляксандр Дземідзенка адмыслова да дня барабаншчыка выпусціў відэа, у якім моваю музыкі паспрабаваў распавесці пра самыя значныя падзеі з гісторыі Беларусі.

Aliaksandr_Dzemidzenka_Re1ikt_2

У кампазіцыі “Naša Historyja” слухач праходзіць шляхам стагодзяў ад часоў Полацкага княства да нашых дзён і ўсё гэтае падарожжа выяўляецца з дапамогай складаных рытмаў і незвычайных мелодый.

“Трэк выйшаў такім, якімі, як мне падаецца, былі падзеі беларускай мінуўшчыны: эклектычным ды поўным кантрастаў, — распавядае музыка. — Лёгкія кавалкі раптоўна пераходзяць у інтэнсіўныя і напружаныя, змяняюць адзін аднаго нестандартныя памеры”.

На думку музыкі, людзі, якія граюць на ўдарных, асабліва рок-барабаншчыкі, часта застаюцца, так бы мовіць, у ценю калег па сцэне — гітарыстаў і вакалістаў. Таму Аляксандр вырашыў зрабіць свой унёсак у разбурэнне стэрэатыпу і паспрабаваў прадэманстраваць, што на мове барабанаў можна пабудаваць разгорнуты наратыў.

“На жаль, прыхільнікаў нетрывіяльнай музыкі ў Беларусі няшмат, але я спадзяюся, што ў тым ліку і мае сціплыя намаганні паспрыяюць развіццю прагрэсіўнай сцэны, а таксама абудзяць цікаўнасць і дазволяць па-новаму зірнуць на ўдарныя інструменты”, — працягвае лідар Re1ikt. — Нездарма ж з пракаветных часоў гук барабанаў суправаджаў жыццё людзей і часам нават меў на яго сапраўды магічны ўплыў”.

У СНД Дзень барабаншчыка пачалі адзначаць у прафесійным асяродку ў 2011 годзе, калі дата 11 лістапада склалася ў камбінацыю 11.11.11, якая нагадвае барабанныя палачкі. Што тычыцца іншых рэгіёнаў, дык, прыкладам, у ЗША Нацыянальны дзень барабанаў святкуюць 15 лістапада.

“Апроч выпуска відэа, я планую адзначыць Дзень барабаншчыка выпіўшы кубак кавы з эксклюзіўным пернікам-барабанам, набуду новыя палачкі, нацягну новы пластык і пазаймаюся ў барабаннай праграме, якую мы распрацавалі ў кампаніі, дзе я працую”, — рэзюмуе Аляксандр Дземідзенка.

Re1ikt — гурт, які cпалучае традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. Апроч стандартных электрагітары, бас-гітары і бубнаў музыкі выкарыстоўваюць шмат разнастайных перкусійных інструментаў: рататомы, кахон, тамбурын, шэйкеры, трашчотку, дарбуку, джэмбэ ды іншыя. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.