Лідскі райвыканкам палічыў непатрэбным перайменаванне вуліцы Дзяржынскага ў Лідзе. Чыноўнікі спаслаліся на недастатковую абгрунтаванасць ініцыятывы. Адказ на зварот грамадзян за подпісам намесніка старшыні Лідскага райвыканкама Генадзя Уладыкі даслалі 16 ліпеня, піша hrodna.life.
Фелікс Дзяржынскі. Крыніца: nr2.ru
У Лідскім райвыканкаме палічылі недастаткова абгрунтаванай прапанову змяніць назву вуліцы. Маўляў, аўтары зварота спасылаюцца на факты біяграфіі Дзяржынскага з артыкула на сайце расійскага інфармацыйнага агенцтва «Рустим», а гэта не аўтарытэтная крыніца.
Аўтары зварота: вуліцы не павінна быць з-за біяграфіі Дзяржынскага
Гараджане падрыхтавалі петыцыю ў чэрвені 2024 года. Яе стваральнікі вывучылі біяграфію Дзяржынскага і прыйшлі да высновы, што «яго імя не павінна быць ушанавана на карце Ліды». Аўтары зварота, пад якім падпісаліся 53 чалавекі, прасілі перайменаваць вуліцу Фелікса Дзяржынскага ў вуліцу Станіслава Шушкевіча або Тадэвуша Касцюшкі. У адказе чыноўнікі звярнулі ўвагу, што ў Лідзе ўжо існуе вуліца ў гонар Касцюшкі.
Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі (1877−1926) — савецкі рэвалюцыйны і палітычны дзеяч родам з Беларусі, адзін з ідэолагаў «чырвонага тэрору» (палітыка застрашвання, арыштаў і знішчэння ворагаў рэвалюцыі па прынцыпе іх класавай прыналежнасці). Заснавальнік і кіраўнік Усерасійскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (ВЧК) і Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС — карных органаў камуністычнага рэжыму, якія папярэднічалі КДБ. Працаваў у тым ліку і над барацьбой з дзіцячай беспрытульнасцю, і над сістэмай канцлагераў у СССР. Атрымаў мянушку «Жалезны Фелікс».
Пакуль ідзе перайменаванне наадварот
Пакуль жа ў Беларусі ідзе адваротны працэс. У 2022 годзе ў гонар Дзяржынскага назвалі гродзенскую гімназію № 6. Яна стала першай у Гродне, якая атрымала імя ў рамках праграмы па перайменаванні ўстаноў адукацыі ў Гродзенскай вобласці ў гонар вядомых людзей. Да гэтага ў гімназіі ўжо стаяў бюст Дзяржынскаму, адрэстаўраваны ў 2018 годзе. Спонсарам рэстаўрацыі стаў КДБ.
У чэрвені 2024 года імя Фелікса Дзяржынскага прысвоілі ліцэю БДУ ў Мінску. У 2020 годзе выкладчыкі і выпускнікі ліцэя падтрымалі пратэсты. Адзін з выпускнікоў назваў перайменаванне «адкрытай помстай».
Яшчэ з савецкага часу ў Гродне ёсць вуліца Дзяржынскага, у Мінску — праспект Дзяржынскага. Вуліцы і праспекты, названыя ў гонар ідэолага «чырвонага тэрору», ёсць і ў астатніх абласных цэнтрах Беларусі, а таксама ў іншых гарадах. Найвышэйшы пункт Беларусі — гара Дзяржынская (да 1958 года — Святая гара), ёсць горад Дзяржынск (да 1932 года — Койданава, Койданаў). Бюст Дзяржынскаму стаіць насупраць будынка КДБ у Мінску.
Глядзіце яшчэ: