Позву Міністэрства інфармацыі ў дачыненні да выдаўца Змітра Коласа, які пачаў сваю дзейнасць яшчэ за савецкім часам, судовая інстанцыя пачала разглядаць 2 траўня. У сваёй заяве кантрольнае ведамства патрабавала ануляваць выдадзенае раней пасведчанне аб рэгістрацыі. Напярэдадні, 10 траўня, такая просьба была задаволеная, паведамляе Б**.
Як вынікала з анонса працэсу, у сваёй позве Міністэрства інфармацыі настойвала на «прызнанні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі суб’екта гаспадарання» ў асобе індывідуальнага прапрымальніка Змітра Коласа.
Пры гэтым у матывіровачнай частцы адсутнічалі ўцямныя тлумачэнні, на чым грунтуецца незадаволенасць выдаўцом-прыватнікам з боку дзяржавы.
Суддзя Аляксей Русецкі пазоў задаволіў. Такім чынам, пасля амаль 35 гадоў у выдавецкай сферы Зміцер Колас вымушаны згарнуць дзейнасць. Праўда, ёсць яшчэ час, каб падаць апеляцыю і тым самым адтэрмінаваць уступленне прысуда ў сілу — засталіся ўзятыя раней абавязкі на выпуск шэрагу кніг.
У працэсе судовага разбору высветлілася, што фармальнай падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў «„Вызваленыя“ i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускiх архiваў». У выходных дадзеных выдаўцом пазначаны Зміцер Колас, на якога заднім чыслом «павесілі» парушэнне забароны на распаўсюд.
Сёлета 6 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў апублікаваныя дакументы «экстрэмісцкімі матэрыяламі» — нягледзячы на тое, што практычна ўсе яны паходзяць з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі і Дзяржаўнага архіва грамадскіх арганізацый Гродзенскай вобласці.