Эканамічны суд Мінска запланаваў на 2 траўня пасяджэнне на падставе пазову Мінінфармацыі ў дачыненні да аднаго з найбольш вядомых папулярызатараў перакладной сусветнай літаратуры Змітра Коласа.
Зміцер Колас. Фота: сацсеткі
Будзе разглядацца пытанне пра спыненне дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці выдаўца.
Як адзначаецца ў анонсе працэсу на сайце Вярхоўнага суда, прадметам спрэчкі — «прызнанне несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі суб’екта гаспадарання». Заяўнікам пазначана Міністэрства інфармацыі, адказнікам (зацікаўленай асобай) — Колас Дзмітрый Георгіеівіч.
У судовай абвестцы няма тлумачэнняў, на чым грунтуецца незадаволенасць міністэрскага кіраўніцтва вядомым выдаўцом — адным з першапраходцаў-прыватнікаў у гэтай галіне. Дзякуючы менавіта Змітру Коласу кніжны рынак краіны вось ужо тры дзясяткі гадоў насычаецца лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, перакладзенай на беларускую мову.
З абазнаных крыніц Б*л*ру*кай а*ац*яцыі ж*рн*л*ст*ў стала вядома, што падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў ««Вызваленыя» i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакумэнтах беларускiх архiваў».
Гэта ўжо не першае выпрабаванне для Змітра Коласа за апошні час. На пачатку сакавіка яго затрымалі разам з друкаром Алегам Сычовым і наступныя 10 дзён пратрымалі ў СІЗА Камітэта дзяржбяспекі. У выніку выдаўца вызвалілі без прад’яўлення абвінавачанняў.
Пасля гэтага Зміцер Колас са сваім стэндам удзельнічаў у Мінскім міжнародным кніжным кірмашы, і тады ніякіх прэтэнзій на ягоны адрас арганізатары не закідвалі.
Зміцер Колас паходзіць з вядомай сям’і сталічнай інтэлігенцыі. Бацька Георгій Данілавіч — літаратар і тэатральны крытык, старэйшы брат Уладзімір — педагог, рэжысёр-кінадакументаліст.
Ад канца 1980-х Зміцер Колас засяродзіўся на выдавецкай справе. Прыватнае выдавецтва Змітра Коласа вядомае кнігамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі, дзіцячай літаратуры ў найлепшых беларускіх перакладах. Шырокае прызнанне чытацкай аўдыторыі атрымала тэматычная серыя «Паэты планеты» — акурат у апошні дзень зімы ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна адбылася імпрэза з нагоды юбілейнага, 100-га выпуску.