Культурна-асветніцкая ўстанова «Гродзенскі рок-клуб» з 23 ліпеня знаходзіцца ў стане ліквідацыі. Так вырашыў Гродзенскі гарвыканкам, паведамляе Новы Час.
Культурна-асветніцкая ўстанова «Гродзенскі рок-клуб» была зарэгістравана Гродзенскім гарвыканкамам 23 траўня 2014 года. Яго дырэктарам быў Ігар Банцар. Цяпер ён адбывае «хімію».
Ігару Банцару 41 год. Ён — лідар гарадзенскага стрыт-панк-гурта Mister X. жанаты, трое дзяцей. Вегетарыянец, антыфашыст, стрэйтэйджэр.
Ігара затрымалі 20 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцыянтам 5 верасня. Ігара заключылі пад варту, трымалі ў адзіночнай камеры, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Мінск, змяшчалі ў карцэр.
Суддзя Наталля Козел 19 сакавіка прызнала Ігара Банцара вінаватым у хуліганстве і прысудзіла яму 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З улікам знаходжання пад вартай Ігару засталося адбыць восем месяц пакарання. Ён адбывае іх у Віцебску.
Рок-клуб развіваў некамерцыйную мастацкую творчасць, падтрымліваў Аматарскае мастацтва і творчую ініцыятыву. Накіраваны ён быў на міжнароднае супрацоўніцтва. У прыватнасці, арганізоўваў выступленні замежных гуртоў у Беларусі і дапамагаў беларускім групам выязджаць за мяжу, каб там прадставіць сваю творчасць.