30 год таму ў нарвежскім Лілехамеры стартавала зімовая Алімпіяда. У лютым 1994-га яна ўпершыню пачала праводзіцца не ў адзін год з летнімі Гульнямі.
Адметнасць гэтай падзеі для Беларусі ў тым, што зборная нашай краіны дэбютавала на алімпійскіх гульнях у якасці самастойнай нацыянальнай каманды. Гэта была першая і апошняя (пакуль) Алімпіяда для беларускай дэлегацыі пад бел-чырвона-белым сцягам. «Салiдарнасць» прыгадвае знакавую падзею з дапамогай лічбаў і фактаў.
Дагэтуль беларускія спартоўцы выступалі на Алімпіядах у складзе зборнай СССР (1952-1988 гг.) і аб’яднанай каманды краінаў СНД (1992). Дэбют у якасці суверэннай зборнай у Лілехамеры стаў гістарычнай падзеяй для нашай краіны.
***
Беларуская дэлегацыя ў алімпійскім Лілехамеры налічвала 59 чалавек: 33 спартоўцы, 17 трэнераў, 7 афіцыйнаых асобаў і 2 рэпарцёры.
***
Гонар несці дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг выпаў біятланісту Яўгену Рэдзькіну, залатому прызёру Абервіля-1992. У Лілехамеры ўраджэнец Ханты-Мансійска выступіў няўдала, апынуўшыся ў выніку на 53-м месцы. Але ў гісторыю Беларусі і яе спорту ўсё адно ўвайшоў.
***
Святлана Парамыгіна (злева) на п’едэстале ў Лілехамеры
Беларусы на тых Гульнях узялі два срэбра. Адзначыліся канькабежац Ігар Жалязоўскі і біятланістка Святлана Парамыгіна. Абое заваявалі срэбра.
***
Ігар Жалязоўскі
Жалязоўскі саступіў «залатому» суперніку 0,29 секунды. Парамыгіна абыйшла суперніцу з Украіны ў змаганні за «срэбра» на 0,1 секунды.
***
Двух срэбраных медалёў беларусам хапіла, каб заняць 15-е месца. Усяго у Алімпіядзе спаборнічалі 1700 спартоўцаў з 67 краін свету. Медалі здолелі заваяваць 22 краіны. Уявіце сабе, у медальным заліку беларусы былі наперадзе кітайцаў, брытанцаў, французаў і фінаў.
***
***
Тая Алімпіяда стала дэбютам і для спартыўнага каментатара Уладзіміра Навіцкага, які разам з карэспандэнткай «Фізкультурніка Беларусі» Аленай Данільчанка асвятляў падзеі ў Лілехамеры.
Для яго гэта былі не толькі першыя Гульні ў кар’еры, але і серыя відэасюжэтаў, зробленых ім на аматарскую відэакамеру без дазволу арганізатараў — Беларусь тады не набыла адпаведныя правы. Вынікам сталі тры выпускі спецрэпартажа «Рэха Алімпіяды».
***
Медальны поспех зімовых алімпіядаў быў палепшаны толькі ў 2010-м у Ванкуверы, дзе ў беларусаў нарэшце з’явілася «золата».
***
Срэбраны медаліст Лілехамера Ігар Жалязоўскі пайшоў з жыцця ў чэрвені 2021-га, яму было 58 гадоў.
***
Сёння дзяржаўная прапаганда любіць параўноўваць першыя гады незалежнасці і нашы дні. Маўляў, тады быў суцэльны заняпад, спорт ледзь ліпеў. А цяпер ён толькі расце і развіваецца. У якасці прыклада ў тым ліку прыводзіцца памер прызавых: у 1994-м за «срэбра» Парамыгіна і Жалязоўскі атрымалі ў 25 разоў меней, чым маглі б атрымаць сёння.
Параўнаем і мы. У 2018-м у Пхёнчхане беларусы заваявалі два «золата» і адно «срэбра», вынік — усё тое ж 15-месца ў медальным заліку. Выглядае, што мала проста ўзняць у дзясяткі разоў прэміі за медалі.
Больш за тое, праз трыццаць год Беларусь не можа выступіць на чарговай Алімпіядзе паўнавартаснай зборнай, беларусы змогуць паехаць на яе выключна ў статусе нейтральных спартоўцаў. Разам з расейцамі.