10 кастрычніка ў Вільні распачнецца VII Міжнародны фестываль Pradmova, далей яго падзеі працягнуцца ў Празе, Познані і Варшаве. У гэтым годзе Pradmova адбудзецца пад лозунгам «Птушкі без гнёздаў», які адсылае да асобы Ларысы Геніюш як сімвала нязломнасці і вернасці сваім ідэалам. Прадстаўніца Аргкамітэту фестывалю Лілія Ільюшына распавяла Budzma.org пра сёлетнія навінкі праграмы, асаблівасці выбару гарадоў, аўдыторыю і агулам як гэта — рабіць міжнародны фестываль у часы перамен.
Лілія Ільюшына. Фота Аляксандра Драгавоза
— Распавядзі, калі ласка, што новага і цікавага чакаць у гэтым годзе ад «Прадмовы»? Ці ёсць нейкія адрозненні ад мінулагодніх падзеяў фестывалю?
— Асабіста важна для мяне, і я гэта паўтараю кожны год — што «Прадмова» адбываецца. Складанасці праекта можна пералічваць да бясконцасці. У нас вельмі файная каманда, але задачы вымагаюць вельмі шмат рэсурсаў.
Мы па-ранейшаму захоўваем наш фармат правядзення фестывалю ў чатырох гарадах. У камандзе часам абмяркоўваецца, ці не спыніцца нам у адным горадзе, але кожны раз прымаецца рашэнне захаваць фармат вандроўнага фэсту. Таму ў нас заўсёды з навінак — новая пляцоўка, у гэтым годзе гэта Прага.
Таксама мы імкнемся да высокай арыгінальнасці імпрэзаў. У мінулым годзе іх колькасць склала 75 адсоткаў ад усёй праграмы, я думаю, сёлета мы яе падвысім. Агулам, для мяне кожная імпрэза файная, цікавая, кожную чакаеш.
Фестывальная праграма распачнецца з Вільні, тут напрацягу трох дзён у нас адбудзецца больш за 40 падзей. Сярод іх, напрыклад, імпрэза, якую мы даўно марылі рэалізаваць — выступ клезмер-бэнда. Лічу, гэта вельмі крута і натуральна для Вільні, каб была рэпрэзентавана і габрэйская, памежная культура. Вельмі цікавай будзе прэзентацыя нон-фікшна «Яблык у валізцы» ад культавага музыкі Уладзіслава Наважылава Lesley Knife.
Што тычыцца іншых пляцовак — спадзяемся, што ў варшаўскай праграме возьме ўдзел вядомая фінская аўтарка Сафі Оксанен. І так можна бясконца распавядаць пра кожную імпрэзу з праграмы кожнага горада.
Калі казаць пра «Прадмову» як пра вялікі праект, то з новага старога — гэта калабарацыі. Сёлета гэта супрацоўніцтва з летнім фестывалем беларускай культуры Letucień у Кракаве, фестывалем беларускай кнігі Lorem Ipsum у Познані.
— Якім чынам выбіраюцца гарады для правядзення фестывалю?
— Мы глядзім на рэсурсы, якія маем, на магчымасці ўдзельнікаў прыехаць у пэўны горад у пэўныя даты. Сёлета Варшава і Вільня былі выбраныя як гарады з найбольшай канцэнтрацыяй беларускай дыяспары. Адзін горад мы выбіралі праз зварот да партнёраў у індывідуальным парадку — каму цікава, хто гатовы прыняць, такім чынам абралі Прагу. Было яшчэ некалькі файных варыянтаў, спадзяюся, надалей у нас з гэтымі гарадамі будзе добрае супрацоўніцтва.
Святлана Алексіевіч, Андрэй Хадановіч, Альгерд Бахарэвіч на фестывалі Pradmova ў Берліне, 2024 год. Фота: Фэйсбук фестывалю Pradmova
Вядома, нам важна, каб гарады змяняліся, але істотна, каб у лакацыі, дзе будуць праходзіць падзеі фестывалю, была актыўная беларуская дыяспара, вырашальная лагістыка. Напрыклад, мы не першы год заглядаемся на Паўночную Амерыку — ЗША ці Канаду, альбо на Вялікабрытанію, але пакуль нас стрымлівае складанае візавае пытанне, таму мы абмежаваныя краінамі Еўразвязу.
І яшчэ адзін горад выбіраецца галасаваннем падпісантаў нашых сацсетак. Мы прапаноўваем некалькі гарадоў, а далей ідзе галасаванне. І вось другі год запар перамагае Познань, чаму мы вельмі радыя. У мінулым годзе тут было вельмі файна, сёлета мы яшчэ пашырылі праграму.
І яшчэ вельмі важны для нас момант — у нас няма падыходу, што варшаўская праграма — цэнтральная, а ўсе астатнія — як будзе. Кожны горад робіцца, сыходзячы з максімальных магчымасцяў для кожнай праграмы. Таму, я думаю, будзе цікава ва ўсіх гарадах, праграмы вельмі файныя і вельмі адрозныя.
— Якой ты зараз бачыш аўдыторыю фестывалю? Ці адчуваецца абмежаванасць дасягу для аўдыторыі з Беларусі? Ці ўплывае падзеленасць Беларусі на тых, хто застаўся, і хто выехаў?
— У «Прадмовы» ёсць афлайн і анлайн аўдыторыі. Ясна, што мы не маем фізічнай магчымасці праводзіць фестываль у Беларусі, таму нашая афлайн аўдыторыя з Беларусі надзвычай абмежаваная. Пры гэтым пераважная большасць нашай анлайн аўдыторыі — акурат з Беларусі.
Увогуле вызначыць аўдыторыю, якая прыходзіць на імпрэзы — гэта складанае пытанне. Я ўпэўнена, што зараз усе беларускія ініцыятывы за мяжой спрабуюць знайсці на яго адказ, бо людзі моцна змяніліся за апошнія гады. Калі казаць абцякальна, аўдыторыя «Прадмовы» — гэта беларусы, бо, хоць частка падзеяў і перакладаюцца на мову тых краінаў, дзе яны адбываюцца, але ўсё ж большасць імпрэзаў — на беларускай мове.
Прэзентацыя кнігі перакладаў Чэслава Мілаша на беларускую мову на фестывалі Pradmova ў Варшаве. Раса Рыміцкайтэ, Адам Паморскі, Андрэй Хадановіч і дырэктар выдавецтва Gutenberg, у якім выйшла кніга, Андрэй Бандарэнка. Фота: Pradmova
Другі момант — наш фестываль не забаўляльны. Сюды прыходзяць людзі, якія маюць выражаны культурны запыт. Думаю, з адукацыяй, альбо якія яе зараз набываюць, студэнты. І мы, у сваю чаргу, імкнемся, каб фестываль быў шырэйшым — гаварыць пра літаратуру, але пра кнігу ў любым яе фізічным абліччы і медыуме, як кніга ці тэкст канвертуюцца ў іншае. Адсюль у нас было і застаецца важнай часткай — спалучэнне музыкі і літаратуры, літаратуры і кіно, тэатра і гэтак далей.
Што тычыцца анлайн аўдыторыі, тут два моманты.
Першы момант — падзеленасць Беларусі, бо шмат людзей выехалі і ўладкоўваюцца ў розных краінах. Відавочна, гэта і наступствы 2020-га года, але гэта далёка не першая хваля эміграцыі. У замежжы шмат людзей жыве ў эміграцыі, шмат дыяспар, гэта даволі натуральны працэс для грамадстваў, які, на жаль, у Беларусі ў апошнія гады звязаны з ціскам і іншымі палітычнымі праблемамі.
Другі момант, натуральна, звязаны з тым, што сама «Прадмова» ездзіць па гарадах і мае адрозныя імпрэзы. Таму мы заўсёды імкнемся, каб у гледачоў была магчымасць альбо далучацца анлайн, альбо пасля паглядзець запісанае відэа. Спадзяюся, што атрымаецца працягнуць гэты фармат і сёлета.
— Як паўплывала на «Прадмову» тое, што зараз арганізатары знаходзяцца ў Еўрапейскім звязе, бачаць прыклады еўрапейскіх фестываляў, шмат вандруюць?
— Мы сапраўды імкнемся павышаць стандарты, бо ў Еўразвязе адбываецца шмат фестываляў — ад невялічкіх рэгіянальных, да галоўных сусветных падзей тыпу міжнароднага кніжнага кірмаша ў Франкфурце. Ёсць магчымасць параўноўваць, глядзець, як усё робіцца, і не заўсёды ў вучнёўскім сэнсе.
Ёсць рэчы, якія на «Прадмове» робяцца лепш, у тым ліку і з тэхнічнага боку.
Але рэсурсы «Прадмовы» не сувымерныя з рэсурсамі еўрапейскіх фестываляў, якія маюць падтрымку з самых розных крыніц. Вядома, калі людзі бываюць на еўрапейскіх фэстах, яны пачынаюць раўняць па іх, і, адпаведна, да нас ідзе запыт. Кожны год у нас усё больш патрабаванняў ад удзельнікаў — да праграмы, узроўню мерапрыемстваў, тэхнічнага складніку. Складана вытрымліваць гэту канкурэнцыю. Таму кожны год мы задаемся пытаннем, ці выцягнем мы добры ўзровень фестывалю, ці, магчыма, прыспеў час спыніцца.
Але ясна, што адзін з найвялікшых плюсаў наведвання міжнародных фестываляў — добрыя кантакты з аўтарамі. Так, напрыклад, кантакт з Сафі Оксанен — з літаратурнага фэсту ў Таліне.
— Выказванне, якое зараз часта узгадваюць — самае цяжкое — жыць у часы перамен. Як гэта ўвогуле — рабіць такі фестываль у еўрапейскіх краінах у выгнанні ў часы перамен?
— Я адкажу метафарай. Уявіце, што вы ў адкрытым моры-акіяне, ваш карабель пайшоў на дно, а вы ледзьве плывеце на плыце, і вам яго ўвесь час трэба рамантаваць. Прыкладна вось такі стан. І засада не толькі ў тым, што перамены нон-стоп ідуць і ўвесь час штосьці адбываецца. Самае складанае, што вялікая частка твайго досведу вельмі часта перастае быць актуальнай, настолькі хутка змяняюцца ўмовы. І вось гэта крыўдна. Ты потам і крывёю здабываеш свае веды, каб яны абнуліліся цягам сезона.
Але ёсць новае і прыемнае ў пераменах. Атрымалася захаваць касцяк арганізатараў, прыходзяць новыя актыўныя зацікаўленыя людзі, а тыя, якія сыходзяць — працягваюць быць лаяльнымі да «Прадмовы». Складана, што выгараюць тыя, хто даўно ў фестывалі, але гэта агульная нашая бяда зараз.
— За гэты час было шмат цяжкіх момантаў, але якімі момантамі ты ганарышся, што дае моц рухацца далей?
— Я маю улюбёны момант, калі разумею, што жыццё не марнае і сапраўды ўсё гэта мае сэнс. Ты прыходзіш на фестываль, пачынаюцца імпрэзы, і на сцэне сядзяць і размаўляюць два-тры разумных чалавекі. Размаўляюць пра зусім небанальныя, складаныя, часам праблематычныя, інтэлектуальныя рэчы, трымаюць высокую планку рэфлексіі. Людзі зацікаўлена слухаюць, задаюць пытанні. Паралельна ідзе кніжны кірмаш, наведвальнікі набываюць кнгі, і «Прадмова» становіцца пляцоўкай для сустрэчаў. Людзі прыязджаюць з розных краінаў-гарадоў, выходзяць са сваіх дэпрэсій і складаных жыццёвых сітуацый, каб патрапіць на імпрэзу — і сустракаюцца тут, размаўляюць. Паралельна выдаўцы, якія, нягледзячы ні на што, знаходзяць у сабе рэсурсы, каб выдаваць кнігі — сустракаюцца і распавядаюць пра новыя выданні, раяць іх наведвальнікам.
І вось гэты гук жыцця — інтэлектуальнай размовы, перамоваў людзей, якія даўно не бачыліся — галоўнае, што адбываецца. Вельмі асабісты для мяне момант.
Кнігі беларускіх выдавецтваў на фестывалі Pradmova ў Вільні. Фота: Pradmova
— Ці мае фестываль патрэбу ў дапамозе на месцах правядзення падзей, напрыклад, у валанцёрах?
— Так, вядома, мы шчыра запрашаем далучацца валанцёраў!
Нам патрэбная дапамога ў самых розных накірунках. І яшчэ мы шукаем фатографаў, будзем вельмі радыя, калі хтосьці адгукнецца, і мы зможам пафатаграфаваць «Прадмову» ва ўсіх гарадах.
А ўвогуле я хачу падзякаваць камандзе «Прадмовы», людзям, якія працуюць над праграмамі, над бачнасцю фестывалю, над лагістыкай і перамовамі з удзельнікамі. Падзякаваць людзям, якія прыходзяць, бо для нас гэта галоўная зваротная сувязь. На жаль, у нас вельмі абмежаваная магчымасць атрымліваць гэту зваротную сувязь, таму, калі вы прыходзіце на фестываль, наведваеце імпрэзы, набываеце кнігі — гэта вельмі вялікая для нас каштоўнасць.
Пра падзеі «Прадмовы» можна прачытаць на сайце, у тым ліку — пра анлайн-частку фестывалю, і ў сацыяльных сетках — Facebook і Інстаграм.
Далучыцца да каманды фестывалю ў якасці валанцёра ці фатографа можна праз пошту pradmova@gmail.com альбо пакінуўшы паведамленне ў афіцыйным Instagram фестывалю.
Аляксандра Дварэцкая, Budzma.org