Віталь Рыжкоў. Аўтатэрапія ў рэжыме гібернацыі

Паэт, перакладчык і хіп-хоп творца Віталь Рыжкоў выпраўляецца ў тур з паэтычным стэндапам «Прэзентацыя». Першы паказ монаспектакля — ужо 2 кастрычніка ў Вільні, потым будуць Коўна і Клайпеда, далей на мапе выступаў — гарады Польшчы, Германіі, Чэхіі, Аўстрыі, Нідэрландаў, Эстоніі, Кіпра, Швецыі, Нарвегіі і Даніі.

Паразмаўлялі з Віталём пра тое, чаго чакаць наведнікам ягонага паэтычнага стэндапу, а таксама пра адчуванне сябе па-за Беларуссю, тэрапію і аўтатэрапію творчасцю ды падрыхтоўку новай кнігі і новага альбома.

vital-ryzkou-02.jpgВіталь Рыжкоў. Фота: johnny_cosmic

Віталь Рыжкоў — лаўрэат шэрагу прэстыжных літаратурных узнагарод, лічыцца адным з вядучых галасоў свайго пакалення. Ягоныя вершы ў сваёй творчасці выкарыстоўваюць такія артысты як Зміцер Вайцюшкевіч, Lear, Nizkiz і Dziecuki.

У 2010-м Віталь Рыжкоў «выбухнуў» дэбютным зборнікам «Дзверы, замкнёныя на ключы», а потым, як ён сам піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, «сышоў у, скажам так, андэрграўнд, працягваючы займацца тым, што мне было цікава ў літаратуры, а таксама заняўся хіп-хопам».

 «Здаецца, гэтага часу было дастаткова, каб мяне забыць (ці не даведацца пра мяне наогул). Але. Здаецца, прыйшоў час знаёміцца нанава... Прыходзьце на мае бліжэйшыя выступы, якія адбудуцца ў некалькіх гарадах Еўропы», — піша пра тур «Прэзентацыі» Віталь Рыжкоў.

У размове з Budzma. org Віталь Рыжкоў кажа, што для вялікага тура «супалі дзве прычыны».

— Па-першае, ведаеце, неяк так прырода ачысцілася і ачысціла ўнутры мяне ўсё ў выгнанні/эміграцыі, што захацелася ратаваць сябе старым юначым спосабам. Калі ты не разумееш, як тваёй душы адшукаць замірэння ў гэтым свеце, дзе ты апынуўся, які асэнсоўваеш, то мне з гэтым з самага юнацтва дапамагала творчасць. Праз час, выгараючы на працах, на нейкіх праектах, я зноў заняўся творчасцю, нават не разлічваючы, што з гэтага атрымаецца нейкае мастацтва яшчэ, а пераследуючы мэту аўтатэрапіі. Гэта вельмі важная функцыя творчасці для чалавека.

Па-другое, вельмі ўдзячны арганізатаркам і арганізатарам, якія самі выходзілі з прапановай дзесьці штосьці зладзіць, пачытаць вершы і сольна, і ў нейкіх кампаніях. Не тое, каб, скажам, па гэтым я згаладаўся, але ж прыгадаў, што сёлета ўвесну якраз 20 гадоў з таго дня, як я са сваімі вершамі ў першы раз выйшаў на сцэну. Ведаеце, такі, у 19 гадоў, баючыся, на няцвёрдых нагах, вельмі няўпэўнены ў сабе, счырванелы, у пінжаку з выпускнога і ў туфлях, імаверна, з той жа імпрэзы. І не тое, каб я надта ўжо хацеў адзначаць гэта, але прыгадалася такая штука, што раней паэты так рабілі, вось, напрыклад, савецкі грузін Уладзімір Маякоўскі рабіў выставу на дваццацігоддзе дэбюту, якая, калі не памыляюся, правалілася. Мне захацелася — і як перакладчыку Маякоўскага ў тым ліку — укласці штосьці сваё ў гэтым сэнсе.

vital-ryzkou-05.jpg
Віталь Рыжкоў падчас свайго першага выступлення, 2005 год. Фота з асабістага архіва Віталя Рыжкова

Мы 25 красавіка зладзілі імпрэзу ў варшаўскім кінатэатры «Atlantic», пісалі, што на маёй імпрэзе запоўненасць залі была большая, чым на прэм’еры фільма «The Last Showgirl» з Памэлай Андэрсан у суседняй залі. Не мог гэта спраўдзіць асабіста, але ў любым разе выступаць было камфортна. Былі на гэтым важным для мяне выступе беларусы з Вільні, з розных гарадоў Польшчы, з Беларусі прыязджалі, і нават з Нямеччыны быў чалавек. І адразу паўстала ідэя пасля лета паспрабаваць аднавіць гэтую дзейнасць і паказаць гэты монаспектакль, альбо, паводле маркетынгу, «паэтычны стэндап», для тых, хто не даехаў да Варшавы, прывезці яго ў іншыя гарады, дзе ёсць беларусы, якія ведаюць, хто я, альбо, можа быць, не ведаюць, але захочуць пазнаёміцца.

vital-ryzkou-04.jpgВіталь Рыжкоў. Фота: johnny_cosmic

— То-бок мы ўбачым абкатаную ў кінатэатры «Atlantic» пастаноўку, альбо будуць нейкія змены, імправізацыі для розных пунктаў тура?

— Не-не, монаспектакль не абкатаны. Я, прынамсі для Літвы і Падляшша, падрыхтаваў мікраблокі, якія звязаныя з гэтымі мясцінамі ці з людзьмі з гэтых месцаў, з літоўскімі ды падляскімі паэтамі і паэткамі. Ды й не вельмі мне самому будзе цікава паўтараць жарты, якія можна ўжо было прачытаць у справаздачы з «Atlantic» альбо пабачыць у кагосьці ў Reels. Мне ўсё-такі важна будзе дадаць штосьці новае і самому цікавей будзе праверыць нейкія блокі з новай аўдыторыяй. Пагатоў, я ведаю, што ў Вільні дакладна будуць тыя, хто прыйдзе другі раз на маю прэзентацыю пасля таго, як ужо прыязджалі ў Варшаву. І хочацца, каб і для іх было хоць крышачку чагосьці новага ў маім маналогу, у маёй прамове.

— Верш 2025 года «Мы ніколі не вернемся...» уключаны ў стэндап, але ж ці не занадта безнадзейна для тэрапіі ці аўтатэрапіі?

— Гэты верш я нават цалкам не чытаў падчас прэзентацыі, цягам гэтай двухгадзіннай дзеі гучыць усяго толькі дзесяць вершаў, значыць, хвілін 20-25 ад усяго часу. Па-мойму, з гэтага верша я прадэкламаваў толькі першую страфу.

Але пяройдзем да гэтага тэксту. Ён паўстаў з пэўнага такога рацыяналісцкага падыходу да псіхалогіі. Я з’яўляюся чалавекам, які кіруецца вось такім: «канечне, ты не вер, але надзею дзесьці ў душы трымай, крышачку надзеі, такую не надта вялікую».

Лепей не чакаць, бо чаканне дастала, як мы ўсе памятаем, але трошкі спадзявацца. Бо калі вельмі-вельмі спадзяешся, вельмі-вельмі хочаш, вельмі-вельмі накручваеш сябе, то нават часам пазітыўны вынік, дасягненне таго, чаго ты так чакаеш, можа цябе і не так ужо задаволіць. Умоўна кажучы, купляючы латарэйны білет, не трэба думаць, куды ты патраціш джэк-пот. Проста дзеля таго, каб псіхіка не была расхістаная гэтымі чаканнямі ды надзеямі.

Мне падумалася, што вельмі шмат песень і вершаў я ўжо пачуў, пачынаючы яшчэ ад 2021 года, пра тое, як усе вернуцца, як дарогі будуць у такіх корках, што чакаць давядзецца шмат гадзін, як паедуць усе-ўсе, у некаторых творах былі нават дакладныя прагнозы: вернемся яшчэ да Калядаў, ці вернемся яшчэ да Дня Волі. Шмат гуртоў, выканаўцаў, паэтаў напісалі пра гэта, вельмі прыгожа напісалі, таленавіта, гэтыя творы даюць надзею. А мне падумалася, што ва ўсім гэтым шматгранным абнадзейванні саміх сябе і людзей, у гэтай сублімацыі нашых спадзеваў не хапае нейкага вось такога рацыяналісцкага падыходу з такой, можа быць, крышачку жорсткай, але праўдай у вочы.

vital-ryzkou-03.jpgВіталь Рыжкоў. Фота: johnny_cosmic

Там у вершы, канечне, ёсць невялічкі падман. У апошнім радку раскрываецца, што я маю на ўвазе: «ніколі не вернемся сабою ранейшымі». То-бок нейкая надзея ўсё ж застаецца. Але агулам інтанацыя і гучанне верша, безумоўна, па першым радку ўспрымаюцца адназначна — пра тое, што нікому мы тут не патрэбныя, але не патрэбныя і дома. Я пісаў гэты верш і думаў: «Я мушу гэта зрабіць, я мушу гэта сказаць, прамовіць — і хай я не буду мець рацыі, хай я не буду тым чалавекам, які потым скажа — а я ж вам гаварыў...» Ёсць яшчэ такая фраза — не зачароўвайся, то і расчаравання не будзе. Гэта пра наш час ад часу завышаны ўзровень чаканняў ад чагосьці — ад фільма, ад новай песні, ад верша, ад паэтычнага стэндапа ў рэшце рэшт.

— Як вам сёння па-за Беларуссю? Вы — вымушаны выгнаннік, эмігрант, экспат?

— Я адчуваю сябе ў дастаткова (не ведаю, дзе і ў каго былі калі такія камфортныя ссылкі) камфортным выгнанні. Не без жыццёвых траблаў, не без думання, дзе зарабіць грошай, не без думання пра тое, як дорага каштуе якая-небудзь паслуга ці як складана бывае патрапіць да лекарскіх паслуг... Проста ў такім рэжыме чакання, калі не расчароўваешся, але і не надта спадзяешся, як я ўжо сказаў вышэй.

Я б гэта яшчэ параўнаў, як аматар навуковай фантастыкі, з рэжымам гібернацыі, калі табе ў космасе кудысьці далёка-далёка трэба даляцець, то ты проста кладзешся ў нейкую капсулу і як бы жывеш, але ў той жа час і проста спіш, проста чакаеш, калі прыляціш да пункту прызначэння.

vital-ryzkou-002.JPGВіталь Рыжкоў. Фота: klacayu_po_fotiku

— Ці чакаць новы паэтычны зборнік?

— Новы зборнік пакрысе пішацца. Але тут не ўсё так проста. Зборнік чалавеку, які працуе з тэкстамі, зрабіць нібыта і нескладана.

Галоўнае пытанне — гэта ўнутраная матывацыя, бо трэба, каб гэтыя ненадрукаваныя вершы проста, ведаеце, выпальвалі шуфляду, каб яна проста дымілася, каб тыя вершы прасіліся быць надрукаванымі.

Бо ўсё ж такі друк кнігі — гэта выдаткі найперш мае як пісьменніка. Гэта не прынясе табе сёння грошай, нават які-небудзь адносна прыстойны наклад у тысячы дзве асобнікаў не выцягне цябе з фінансавай ямы, калі ты там.

Гэта аб’ектыўная рэчаіснасць — твой рукапіс будзе ацэнены ў вельмі смешныя грошы. Значыць, гэта мусіць быць унутраным пакліканнем. Каб вершы сабраліся ў нейкія нізкі, раздзелы, у зборнік — і выйшлі пад адной назвай і пад нейкай стылёвай вокладкай. Але новыя вершы сапраўды пішуцца. Я прадэманструю ўсё-такі парачку ў Вільні, клікаю гледачоў і слухачоў на два-тры абсалютна новых, не чытаных яшчэ публічна.

У ранніх сваіх інтэрв’ю, у 20 з нечым гадоў казаў, што планую напісаць за ўсё жыццё тры кнігі. І гэта мусяць быць тры кнігі трох розных мяне. Вось з выхаду першай кнігі мінула 15 гадоў — і я набліжаюся да таго моманту, калі сёння ў гэтым узросце я ўжо крыху не я таго перыяду.

— Новыя музычныя альбомы?

— Адзін — сольны ад Angst — застопарыўся праз фінансавае пытанне пакуль што, усё-такі гэта патрабуе грошай, і немалых, хоць хіп-хоп — адносна танны жанр у параўнанні з рок-музыкай ды нават і поп-музыкай. А другі альбом — ён з маім калегам Zeman нашага гурта Belaroots (створаны беларускімі хіп-хоп творцамі Zeman, Angst і Kontra ў 2016 годзе, у 2017-м выйшаў першы альбом «Аднакарэнныя». — Budzma) — у працы. Мы завяршылі пісаць уступны першы трэк і намацваем, як рухацца далей. Усё павольна і ўсё ў працэсе, але альбом робіцца.

Рыгор Сапежынскі, Budzma.org