
Шэраг літаратурна-музычных сустрэч пад дэвізам кампаніі «Будзьма» правялі 20 ліпеня 2010 году на возеры Нарач вядомы беларускі пісьменнік Васіль Якавенка і кампазітар, спявак, кіраўнік гурта «ПЛАН» Андрэй Плясанаў. У Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым лагеры «Зубраня» паслухаць іх сабраліся ў вялікай актавай зале больш за 300 юных асоб. Палымяны аповед пісьменніка пра сучасную беларускую літаратуру і яе ролю ў нацыянальным выспяванні грамадства, пра клопат дзеячаў нацыянальнай культуры ў папулярызацыі набытых народам і нацыяй скарбаў з тым, каб беларусы не страчвалі самаўсведамлення сябе як беларусаў, не страчвалі далей гонару за сваю гістарычную спадчыну і мову, — гэты аповед неаднаразова перарываўся і дапаўняўся музычнымі паўзамі, патрыятычнымі і лірычнымі песнямі А. Плясанава на словы С. Новіка-Пеюна, Н. Арсенневай, Л. Геніюш, В. Мартыненкі. Госці звярнуліся са сцэны да зацікаўленых слухачоў з пытаннямі: 1) Хто раскажа пра беларускіх дзіцячых пісьменнікаў? 2) Хто назаве больш беларускіх пісьменнікаў? 3) Хто адкажа на пытанне, што стаіць за ёмістым і ўдала складзеным зваротам (слоганам) кампаніі «Будзьма!»: «Будзьма беларусамі! Гэта нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі»? Хто з юных душ растлумачыць апошнюю фразу?..

Пытанні і трапныя адказы на іх увянчаліся дружным, мяркуючы па рэакцыі залы, розыгрышам сувеніраў. Пераможцам былі падораныя фірмовыя майкі, торбачкі «Будзьма!», а яшчэ кнігі казак «Чорная ружа», іншыя кнігі і цікавыя рэчы. Узрушаныя ўдзельнікі дыспуту пажадалі сфатаграфавацца разам з гасцямі. І ў гэты момант на ўсю залу з дынамікаў загучала песня А. Плясанава «У горадзе чужых назваў». Яна гучала незалежна ад спевака, і зусім неспадзявана акалічнасць выклікала на твары ў яго шчаслівыя слёзы. Шчаслівым момантам для А. Плясанава было і прызнанне адной з дзяўчат: «Ведаеце, я да гэтага захаплялася ансамблем «Ляпіс Трубяцкой», а цяпер толькі вашыя песні буду слухаць!»

Арганізатар сустрэчы Таццяна Сяргееўна назвала сустрэчу вельмі цікавай і ўдалай і прасіла гасцей прыязджаць у «Зубраня» яшчэ.
На наступнай імпрэзе, у санаторыі «Журавушка», дзе амаль палову негустой публікі складалі слухачы, якія прыехалі сюды адпачываць з Расіі, а двое нават з Літвы, разгарэліся вострыя спрэчкі. Спачатку не было ніякіх пярэчанняў у тым, каб госці вялі гутарку на беларускай мове. Слухалі і разумелі. Але падчас аповеду пра гістарычнае мінулае, якое так ці інакш адлюстраванае ў трылогіі пісьменніка В. Якавенкі «Пакутны век», аднаго з ветэранаў нейкай там працы, таўсцяка, зачапіла і ўразіла парадаксальнае — як ні глядзі на яго — паведамленне: падчас нямецкай акупацыі на Беларусі беларускіх школ было болей, чым раней, іх было столькі, колькі не было ні ў якія іншыя часы!

«Вы что — нацыяналісты?» — кіўнуў на выступоўцаў натапыраны слухач.
«З чаго гэта вы ўзялі?» — пацікавіўся пісьменнік.
«Разговариваете на белорусском, да ёще и фашистов хвалите!»
«Не-е, я толькі пра парадаксальны факт, супраць якога нікуды не папрэш!»
«Мая маці і мая цётка Паўліна Мядзёлка пра гэта таксама расказвалі», — пацвердзіў Плясанаў.

Слова ўзяла даволі сімпатычная і прыязная да беларусаў масквічка:
«Моя жизнь сложилась так, что в пятидесятые годы я училась в Гродно. Там у нас все школы, насколько мне помнится, были на белорусском языке».

«Возможно, — адказаў пісьменнік, — но только в шестидесятые годы эти школы уже стали переводить на русский язык, кстати, не спрашивая об этом желания ни у кого из родителей».
«Правильно! — паднялася з месца беларуска. — Тогда на белорусской мове я окончила три класса, а в четвертом нас уже стали учить на русском».
«Так вот, — працягваў пісьменнік, звяртаючыся да масквічкі, — в Гродно на сегодняшний день нет ни одной белорусской школы. Впрочем, то же положение и в Минске. Была одна школа, так с прошлого года направили в нее работать русскоязычного директора, небось, с целью окончательной русификации».

«Что вы говорите?! — уражаная жанчына пахітала галавой. — А я и не знала. В России все так хорошо относятся к белорусам, и язык у вас, слышала я, самый славянский, наименее измененный, и вы тут все такие хорошие, и добрые».
«Всё так, — згадзіўся пісьменнік, — но в Беларуси все еще продолжается этноцид, и одна ваша образованная дама, тоже москвичка, профессор, не понимая в корне сути вещей, воскликнула: «Ненавижу этих белорусов! Они даже язык свой предали!» Ее слова в газете печатались.

Дыскусія цягнулася больш за гадзіну. Раззлаваны таўсцяк пакінуў залу раней, а масквічка — апошняй. У вялікай скрусе яна паўтарала: «Да разве же это в интересах русского народа, чтобы такой народ лишился своего белорусского языка!» Тады Плясанаў нагадаў ёй пра імперскую палітыку яе ўрада…
Акурат па спачуванні масквічоў, пецярбуржцаў і літоўцаў можна было яшчэ раз пераканацца, што яны і іхныя супляменнікі сапраўды любяць нас, беларусаў. Настрой абсалютнай большасці ашаломленай публікі паказваў, што і тыя і другія не хацелі б прыносіць страты беларусам. А тым часам яны ёсць. Чаму?..

Невялікая зала ў санаторыі «Спадарожнік» была перапоўненая, і А. Плясанаў адкрыў сустрэчу песняй «Краскі шчасця» на словы С.Новіка-Пеюна, каротка расказаўшы перад гэтым пра пакручасты лёс выдатнага кампазітара і паэта.
Пісьменнік В. Якавенка ў сваю чаргу расказаў пра дзейнасць кампаніі «Будзьма!», прадставіў слухачам кнігі, прысвечаныя адлюстраванню ў публіцыстыцы экалагічных і чарнобыльскіх праблем, расказаў пра тое, як пісьменнікі ў канцы 80-х гадоў баранілі раку Прыпяць ад знішчэння, а Палессе — ад ператварэння ў зону пустыні. Спыніўся таксама на адлюстраваных упершыню ў літаратуры («Пакутны век») эпізодах вайны 1941—1945 гадоў, напрыклад, на контрудары двух танкавых карпусоў Чырвонай Арміі на Лепельскім кірунку ў ліпені 41-га ды і на праблематыцы гэтага твора ўвогуле. Найбольш пытанняў выклікаў вобраз генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ ў пераказе аўтара, асабліва гісторыя з ягоным забойствам.

На гэтай сустрэчы нейк больш выразным, чым на іншых, было адчуванне «разнашэрснасці» (па сваёй падрыхтоўцы і грамадзянскіх інтарэсах) публікі, сабранай на адпачынак. І, тым не менш, выступленні гасцей, кнігі пісьменніка і дыскі спевака выклікалі цікавасць нават у такой публікі. А яшчэ наўкол возера Нарач стрыглі траву каля дарог, клалі асфальт, там, дзе былі нейкія калдобіны, фарбавалі платы, бо ў чацвер «Сам» прыедзе ў «Зубраня» на гульню «Зарніца».