Літаратурныя цікавосткі студзеня: што новага?

Чым запомніцца ў гісторыі беларускай літаратуры студзень 2023 года? Шэрагам гучных анонсаў, новымі кнігамі ў Беларусі і за мяжой, але і — закрыццём аднаго з буйных выдавецтваў «Кнігазбор». Выдавецтва праіснавала 27 год, штогод выдавала з сотню найменаванняў. Ці ўзнікне штосьці ўзамен?


Кнігавыдавецкая справа ў медыйнай прасторы ўсё больш падзяляецца на «замежную» і «ў Беларусі». Бясспрэчна заўважная тэндэнцыя — каментарыі на старонках выдаўцоў і выдавецтваў у сацсетках: «Дзе набыць у Беларусі?». Пытанне, на якое пакуль няма прыстойнага адказу. Пытанне, якое і без таго прыгнятае сітуацыю «тут» і «там», і яе ўдзельнікаў.

Аднак шанцы на аптымістычны ход падзей усё ж ёсць. У сярэдзіне месяца ў Варшаве адбылася канферэнцыя, дзе сем гадзін абмяркоўвалі будучы Інстытут беларускай кнігі. Арганізацыя з такой назвай не можа не разабрацца з вось гэтымі ўсімі праблемамі. Таму — трымаем пальцы і сочым за падзеямі.

А зараз давайце падрабязней пра кніжныя навінкі. Іх нямала, і яны вартыя ўвагі.

1. Ганна Кандрацюк — «У прысценку старога лесу»

1.jpeg

У пісьменніцы Ганны Кандрацюк выйшла новая кніга — «У прысценку старога лесу». Выдавецтва беластоцкае — «Ніва».

Кніга пра Белавежу і яе людзей. Набыць, выглядае, можна пакуль толькі непасрэдна ў аўтаркі.


2. Макс Шчур — «Там, дзе нас няма»
Макс Шчур – «Завяршыць гештальт»

2.jpeg

zaviarshyts-geshtalt.jpeg

Электронная версія (ePub) кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма» выйшла ў выдавецтве «Логвінаў». Вокладку да яе намалявала мастачка Кацярына Пікірэня.

«Завяршыць гештальт» — дзённік падарожжа «чалавека з фотаапаратам» у прасторы і часе, з Чэхіі ва ўлюбёную краіну ягонай маладосці Галандыю. Выпусцілі audiobooks.by.


3. Ганна Янкута — «Марта і яе мара пра снег»

3-.jpeg

Кніга ў аўдыяфармаце сімвалічна завяршае «Калядную серыю».

Агучыў «Кніжны Воз».


4. Віктар Сцяпанаў — «Рьша, Орша, Ворша: гісторыя горада ад старажытнасці да сярэдзіны XIX стагоддзя»

4.jpeg

Новая краязнаўчая кніга пра Оршу, ахоплівае гісторыю гэтага славутага горада ад старажытнасці да XIX стагоддзя. Распаўсюджвае сам аўтар.


5. Барыс Пятровіч — «Наіўны дэтэктыў» 

Адам Глобус — «Дамавікамерон»

88.jpg

Кнігі ў аўдыяфармаце.

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org апублікавала аповесць Барыса Пятровіча, якая раней асобнай кнігай не выходзіла, а таксама зборнік кароткіх гісторый Адама Глобуса.


6. Яўген Аснарэўскі — «Капернік у Гарце»

6.jpeg

Паэтычная кніга з аднайменнай паэмай, тэкстамі песень рок-альбома і пераклад рыфмаваных подпісаў з палатна «Танец смерці» з гродненскага кляштара брыгітак.

Выдадзена праз кампанію «Издательские решения».


7. Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў — «Літургія часу»

7.jpeg

Паэтычны зборнік, у якім біблейская сімволіка робіцца мовай для гаворкі пра сучаснасць, а адным з галоўных матываў у тэматычнай прасторы кнігі становіцца час. З’явілася ў Лондане, у выдавецтве Скарына ❖ Skaryna Press.

31 студзеня анансаваны электронны варыянт выдання.


8. «Янушкевіч» — Шчэпан Твардах «Кароль»

8.png

Доўгачаканы рэліз: 31 студзеня ў выдавецтве «Янушкевіч» выйшла новая кніга — знакаміты раман польскага пісьменніка Шчэпана Твардаха «Кароль» у перакладзе Міколы Раманоўскага.

Дамова пра беларускую версію кнігі была заключана яшчэ ў лютым 2021 года, і вось — нарэшце!

Кніга ўжо ў продажы. Ёсць дастаўка ў большасць еўрапейскіх краін. 

9. Ганна Севярынец «Тое, што сказалася вершам» 

Наста Кудасава «Я працягваю»

Крысціна Бандурына «Самае трывожнае лета»

9.jpeg

Адразу тры зборнікі паэзіі выйшлі ў маладога выдавецтва hochroth Minsk. Кнігі можна заказваць на berlin@hochroth.eu з дастаўкай на тэрыторыі Еўразвяза.


10. «Добры доктар Будзь-Здароў» — Карней Чукоўскі ў перакладзе Андрэя Скурко

«Ледзяны Волат» — Сакрыс Тапелюс

«Круглыя казкі» — Надзея Ясмінска

89.jpg

Выдавецтва «Тэхналогія» падзялілася сваёй падборкай навінак сярод дзіцячых кніг. Кнігі ўжо можна знайсці ў продажы!


11. Язэп Пушча — «Шчырая лірыка. Выбранае»

11.jpeg

Выдавец — Зміцер Колас. У зборнік уключаны самыя шчырыя лірычныя творы паэта, напісаныя ім на працягу ўсяго свядомага жыцця.


12. Вікторыя Багдановіч — «Наша крыжаванка»

12.jpeg

Не столькі кніга, колькі незвычайны альбом.

Аўтарка піша, што «ткацкія ўзоры, змешчаныя ў гэтай кнізе, зусім не выпадковыя. Кожны з іх узяты з рэальных прыкладаў нацыянальнага традыцыйнага мастацтва. Аднак іх фрагментарнасць, незавершанасць мусіць нагадаць нам пра тое разбурэнне, якое цягам стагоддзяў перажывала нашая спадчына, традыцыя і культура, і якое візуальна можна ўявіць так, быццам моль аб’ела тканае палатно. Незапоўненыя клеткі крыжаванкі — гэта «дзірачкі» ў посцілцы, якую можна «адрамантаваць» («зацыраваць»), упісаўшы туды правільныя адказы».

Выдавецтва «Тэхналогія».


13. Віктар Сямашка — «Аўтар мае рацыю заўжды»

13_1.jpeg

Як напісаў сам аўтар — «Чакаў на гэты момант больш за 10 год. Дзякую ўсім, хто спрычыніўся. Цяпер можна падумаць пра распаўсюд і прэзэнтацыі».

Зборнік паэзіі выдадзены ў беластоцкім выдавецтве EkoPress, набыць можна толькі непасрэдна ў аўтара.


14. Алена Вешторт — «Жамяра: жаночыя гісторыі»

14.jpeg

Выдавецтва «Альфа-кніга».

Анонс гучыць дастаткова цікава: 

«Пра што думаюць сучасныя жанчыны? Адказ на гэтае пытанне можна знайсці ў зборніку навел «Жамяра»... Такім чынам, дзейныя асобы — насякомыя — заяўлены. Застаецца дазнацца пра выканаўцаў».


15. Алена Мікульчык — «Шляхецкая кухня»

15.jpeg

Кніга «Шляхецкая кухня» — аўтарскае бачанне і адаптацыя старадаўняй кухні для сучаснага чытача і кулінара. Алена Мікульчык распавядае гісторыю паходжання кожнай стравы, апісвае, як яна гатавалася раней і якія змены аўтарка ўнесла, а таксама дзеліцца асаблівасцямі тэхналогіі прыгатавання.

Выдавец — Раман Цымбераў.

P.S. Дарэчы, не прапусціце!

Калі вы марыце выдаць сваю кнігу — не прапусціце конкурс рукапісаў «Шуфлядка». А раптам гэта той самы шанц?