Загадам БДУ № 408-ОД Ліцэю БДУ прысвоена імя Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага, піша zerkalo.io са спасылкай на тэлеграм-канал навучальнай установы.
З ініцыятывай прысвоіць ліцэю імя заснавальніка ВЧК-КДБ выступіла «адміністрацыя ўстановы адукацыі», паведамляецца ў прэс-рэлізе. Ідэю падтрымала Міністэрства адукацыі.
Нагадаем, пытанне прысваення ліцэю БДУ імя Фелікса Дзяржынскага прасоўвала цяперашняя дырэктар навучальнай установы Таццяна Мамчыц. Раней яна працавала ў Інстытуце нацыянальнай бясьпекі, які рыхтуе кадры для КДБ.
Ліцэй БДУ быў заснаваны ў 1989 годзе. Забяспечвае профільнае навучанне ў 10-11-м класах, рыхтуе да паступлення ў ВНУ. Яго вучні рэгулярна становяцца прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па самых розных прадметах. У 2004 годзе ліцэй быў удастоены прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці.
У 2020 годзе больш за тысячу выпускнікоў установы падтрымалі свабодныя выбары. Пасля выбараў з ліцэя былі звольненыя не менш за 15 выкладчыкаў, за гэты час змянілася два дырэктары.
Увосень 2022 года Ліцэй БДУ разам з КДБ праводзіў конкурс, падчас якога ўдзельнікам прапаноўвалі намаляваць комікс пра Фелікса Дзяржынскага і стварыць станоўчы вобраз супрацоўніка КДБ.