«Мая місія — зрабіць так, каб беларускамоўнага блогера маглі ўспрымаць усур’ёз». Інтэрв’ю з Лізаветай Ганчаровай

Лізавета Ганчарова — беларуская ілюстратарка, якая займаецца digital-ілюстрацыяй ужо трэці год: стварае прынты для такіх брэндаў, як Mark Formelle, супрацоўнічае з беларускімі музыкамі. Акрамя гэтага, Лізавета выкладае свае курсы па ілюстрацыі па-беларуску.


IMG_3501.jpg

Аб сваёй творчасці

«Мае ілюстрацыі маюць шырокае прымяненне: пачынаючы прынтамі на вопратцы, сканчаючы вокладкамі для музычных сінглаў і альбомаў. За тры гады я паспела пасупрацоўнічаць і з брэндамі, і з музыкамі.

Мая апошняя супраца была з Mark Formelle: мы зрабілі калекцыю піжамак.

Сярод музыкаў, з кім я супрацоўнічала, быў Лявон Вольскі. Я стварала для яго кліп на песню "Човен".


Акрамя гэтага, малявала вопраткі на кожны сінгл беларускага гурту Коўдра» — распавядае дзяўчына.

Аб мове

«Тры гады таму беларуская мова стала займаць важнае месца ў маёй творчасці. Я пачала весці свой блог у Instagram па-беларуску.

Зараз я здолею сябе прасунуць як беларускую ілюстратарку. Мае тэксты — міні-казкі ці міні-гісторыі — добра дапаўняюць мае ілюстрацыі і надаюць ім пэўны сэнс.

Я адчуваю беларускую мову ў сваім сэрцы, таму стараюся яе публічна выкарыстоўваць. Маё адрозненне ад літоўца, ад расейца ці паляка як раз такі ў тым, што ў мяне ёсць свая ментальнасць, унікальнасць і мова.

Я хачу весці ў свет родную мову, паказаць іншым людзям, што на ёй можна спакойна камунікаваць.

Мая місія — зрабіць так, каб беларускамоўнага блогера маглі ўспрымаць усур’ёз» — кажа Лізавета.

IMG_0140 (1).JPG

«З якімі складанасцямі вы сутыкнуліся пасля пераходу да беларускай мовы?»

— Пераход да беларускай мовы быў няпростым крокам для мяне. Раней мне здавалася, што калі творчы чалавек вядзе свой блог па-руску ці па-ангельску, ён будзе мець больш вялікую аўдыторыю.

Мне было складана пераадолець бар’ер: з аднаго боку думала, што мой блог будзе ўнікальнай з’явай, а з іншага здавалася, што ў такім выпадку да мяне прыйдзе толькі беларускамоўная аўдыторыя.

IMG_0146.JPG

«Што ў вас змянілася пасля ўжывання беларускай мовы?»

— У мяне з’явілася больш ўпэўненасці, бо я прынцыпова стала размаўляць па-беларуску на публіцы. Праз свой блог да мяне стаў прыходзіць добры фідбэк.

Людзі наведвалі мае курсы па ілюстрацыі на iPad, і ўсё добра разумелі, нягледзячы на спецыфічную лексіку, уласцівую гэтаму накірунку.

Иллюстрация_без_названия 44.jpg

Нават у матывацыйных лістах людзі пішуць, што хочуць наведаць мае курсы не толькі для таго, каб навучыцца добра маляваць, але каб папрактыкаваць сваю беларускую.

У грамадстве пануе стэрэатып, што калі ты размаўляеш па-беларуску, то ты нічога не дасягнуў. Але на сваім досведу я сустракала беларускамоўных людзей, якія падарожнічаюць і дасягаюць сваіх мэтаў. Мне заўсёды хацелася быць такой, як яны: беларускамоўнай і паспяховай.

Гутарыла  Кацярына Ганчарэнка