Беларуская Рада культуры падвяла вынікі 2025 года ў культуры. Падчас анлайн-вечарыны па выніках года эксперты распавялі, што адбываецца ў розных сферах культуры і назвалі асноўныя негатыўныя і пазітыўныя тэндэнцыі адыходзячана года.

Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін. Фота з асабістага архіва Сяргея Будкіна
Сёлета мы былі сведкамі вялікіх поспехаў беларусаў на культурніцкай мапе свету, але разам з тым застаемся ў палоне жорсткіх рэпрэсій у нашай краіне
У тэатры працягваецца русіфікацыя. А сімвалам часу стала тое, што з 1 студзеня калектывы перавялі на новую мадэль: 50% фінансавання дае дзяржава, яшчэ 50% тэатры мусяць зарабляць самі — і гэта наўпрост уплывае на рэпертуар і якасць пастановак.
Тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч у ліку пазітыўных тэндэнцый году называе перманенты штурм сталічнага Лялечнага і яго касы. Звышпапулярнасць пастановак гэтага тэатра далучае беларусаў да спектакляў высокага ўзроўню. Лялечны стаў модным.
У музыцы год адзначыўся міжнароднымі прарывамі: Molchat Doma працягнулі ўмацоўвацца на Захадзе (у тым ліку фестываль Open’er), а Extermination Dismemberment выступілі на легендарным Wacken. Канцэрт года — выступ Макса Каржа ў Варшаве, праўда, мы не можам назваць гэтую падзею выключна музычным дасягненнем.
У ліку найлепшых альбомаў 2025га даследчык беларускай музыкі Віктар Сямашка назваў:
Whisper гурта PortMone
Mahajba, прадстаўлены сёлета калектывам Syndrom Samazvanca
KROK гурта «СОЮЗ».
Трэнды году ў Беларусі — працяг існавання андэграўнднай сцэны з закрытымі канцэртамі-кватэрнікамі, а таксама выхад музыкаў на новыя пляцоўкі, напрыклад, у фітнес-цэнтры.
Мастак і куратар Андрэй Дурэйка лічыць, што 2025ты у арце — год жанчын. Менавіта жаночае беларускае мастацтва трапіла ў нерв часу і было запатрабаваным у свеце. Тут згадаем «трох грацый» беларускай моды і арт-сцэны — Машу Мароз, Ташу Кацубу і Анастасію Рыдлеўскаю — іх аб’ядналі ініцыятывы сучаснага польскага арт-поля, у тым ліку праект Refashioned.
Беларускія мастачкі сёлета заваявалі прэстыжныя міжнародныя ўзнагароды. Праект State of Denial Сашы Вялічкі стаў лаўрэатам фестывалю Les Boutographies 2025 у французскім Манпелье і атрымаў галоўную ўзнагароду The SEEEU Photo Essay Award першага Еўрапейскага Месяца фатаграфіі ў Японіі, які сёлета праходзіў у Токіа. Ала Савашэвіч стала лаўрэаткай Wrocławskie Nagrody Artystyczne 2025
700 — менавіта столькі выставаў па ўсім свеце адбылося сёлета з удзелам беларускіх мастакоў.
У традыцыйнай культуры важная міжнародная навіна: неглюбская тэкстыльная традыцыя была ўнесеная ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Таму можна спадзявацца, што гэтая ўнікальная эстэтычная сістэма будзе захоўвацца і ахоўвацца з асаблівай пільнасцю і клопатам.
Таксама даследчык традыцыйнай культуры Вячка Красулін заўважыў, што самае любімае свята народнага календара для беларусаў — Купалле, яго сёлета адзначалі надзвычай шырока.
У кіно год стаў гістарычным: фільм Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» трапіў у конкурсную праграму «Форум» Берлінале — упершыню для беларускай стужкі ў афіцыйным конкурсе фестывалю.
Трэндам году, які, як лічыць кінакрытыца Ірэна Кацяловіч, будзе заўважны і налета, стаў зварот кінематаргафістаў да архіваў, думкі пра вяртанне кінаспадчыны, яе актуалізацыю ў сучаснасці, а таксама захаванне набыткаў папярэднікаў для наступных пакаленняў. Таксана на думку Ірэны сёлета стала больш відавочны ўплыў штучнага інтэлекту на працэс кінавытворчасці.
У літаратуры — моцнае еўрапейскае прызнанне: Альгерд Бахарэвіч атрымаў Прэмію Ляйпцыгскага кніжнага кірмаша за нямецкую версію «Сабак Еўропы».
Літаратар, перакладчык Андрэй Хадановіч зазначыў важны светапоглядны зрух — аматары беларускай літаратуры гатовыя плаціць не толькі за кнігі, але і за сустрэчы з аўтарамі: сёлета публіка ў замежжы набывала квіткі на вечарыны паэта Віталя Рыжкова (яго тур «Прэзентацыя» — у топе папулярных падзей года), беларусы ж у Беларусі імгненна раскупалі квіткі на літаратурныя імпрэзы, што перамясціліся з музейных залаў у кінатэатры і на тэатральныя сцэны.

Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін. Фота з асабістага архіва Сяргея Будкіна
Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры, падсумоўваючы гэты год, адзначыў 5 галоўных трэндаў культурнай сферы ўнутры Беларусі:
1. Татальная русіфікацыя культурнай прасторы 90–95% кантэнту ў афіцыйных праграмах — гэта расійскія прадукты.
Расійская прысутнасць дамінуе ў музыцы, кнігах, кіно і шоу-бізнэсе. Незалежныя беларускія ініцыятывы фактычна выключаныя з афіцыйнага поля, а інфраструктура працуе на абслугоўванне расійскай культурнай экспансіі.
2. Поўны дзяржаўны кантроль: затрыманні, цэнзура, страх
Па звестках Беларускага ПЭНа на снежань 2025 года 161 дзеяч культуры знаходзіцца ў няволі. Працягваецца пераслед за вальнадумства і інтэлектуальны супраціў. Страх фармуе моцную самацэнзуру, а небяспечныя або крытычныя тэмы цалкам выпадаюць з культурнага поля.
3. Дазвол толькі на «бяспечную» беларускую культуру
5–10% публічнай прасторы застаецца для беларускай мовы і традыцый. Фальклор, этнаграфія, рамёствы, дзіцячы кантэнт у попыце. Гэта санкцыянаваная беларускасць.
4. Новая падпольная сцэна і ізаляцыя пакаленняў
Дзясяткі незалежных культурных ініцыятыў (у асноўным незарэгістраваных) працягваюць працу ў Беларусі ў шэрых і паўпадпольных умовах. Пасля разгрому грамадзянскай супольнасці легальных арганізацый мінімум.
Адбываецца разрыў пакаленняў:
— старэйшыя творцы — у эміграцыі або пад забаронай, губляюць сувязь з аўдыторыяй;
— маладыя — праз забароны і цэнзуру не маюць доступу да традыцый незалежнай сцэны, не пераймаюць вопыт, вынаходзяць наноў.
5. Пошук шляхоў выжывання
Тут можна казаць пра фармаванне асобных стратэгій: згортванне творчасці або наўмыснае заставанне «ў цені», працу падпольна ў закрытых або паўпублічных фарматах, падладжванне пад патрабаванні ўлады, каб мець магчымасць працягваць дзейнасць, жыццё у Беларусі, але працу на замежныя рынкі і аўдыторыі, імітацыю лаяльнасці ўладам, каб знізіць рызыкі, адкрытую падтрымку рэжыму і ўбудоўванне ў яго сістэму.
Разам з тым Сяргей зазначыў і пазітыўныя тэндэнцыі: рост практык супольнага ўдзелу (майстэрні, майстар-класы, лекцыі), падзеі ў паўпублічным/непублічным фармаце (тэатральныя і музычныя кватэрнікі), DIY-мадэлі, дробная камерцыя (мерч, майстар-класы), онлайн-актыўнасць. Таксама эксперт зазначае, што за 2021-2025 год у Беларусі сфармавалася культурнае падполле 2.0.
Поўны тэкст Вынікаў 2025 года ад Аналітычнай групы Беларускай Рады культуры чытайце на сайце byculture.org.