Лявон Вітан-Дубейкаўскі з’яўляецца асобай, якая нечакана здзіўляе сваёй шматграннасцю, энэргіяй і інтэлігентнасццю. «Будзьма» распавядае пра выбітнага беларускага архітэктара, яго жыццё ды неімаверна разнастайнае кола дзейнасці.
ХХ стагоддзе стала для Беларусі багатым на актыўных, адданых, таленавітых грамадскіх і палітычных дзеячаў, пісьменнікаў, мастакоў, навукоўцаў і іншых. Адны з іх вядомыя амаль кожнаму, іншых жа ведаюць пераважна гісторыкі. Лявон Вітан-Дубейкаўскі з’яўляецца досыць заўважнай фігурай у гэтым пантэоне, але, выглядае, усё ж у шырокіх колаў беларусаў пакуль не «на слыху». Між іншым гэта надзвычай цікавая, шматгранная асоба — фалькларыст, будаўнік, архітэктар, рэстаўратар, дызайнер, прадпрымальнік, выкладчык, выдавец, пісьменнік, мецэнат, грамадскі і палітычны дзеяч і нават дыпламат.
Варшава, Пецярбург, Парыж
Лявон Вітан-Дубейкаўскі нарадзіўся ў 1869 годзе у фальварку Дубейкава, паходзіў з шляхецкай сям’і герба «Вітан», чый род быў некалі багаты і сягаў да XIV стагоддзя, але з часам вельмі моцна збяднеў. Пасля навучання ў Мсціслаўскім гарадскім вучылішчы, хлопец ва ўзросце сямнадцаці гадоў выправіўся па адукацыю ў Варшаву, дзе паступіў у школу будаўнічых рамёстваў. Праз некалькі гадоў, ужо пасля атрымання адукацыі і вяртання на радзіму, малады чалавек адразу ж актыўна ўзяўся за працу па аднаўленні каталіцкіх касцёлаў на беларускіх землях. У сваім узросце ён атрымліваў добрыя падрады, кіраваў вялікімі брыгадамі, не толькі аднаўляў, але і будаваў. Так, у той перыяд ён пабудаваў новы касцёл у Смаленску, праваслаўныя цэрквы ў Ярцаве і Манастыршчыне, дом казначэйства, будынак гарадской пошты ды іншае. Справы ішлі добра і неўзабаве для большай эфектыўнасці працы Лявон стварыў прыватнае «Таварыства Л. Дубейкаўскі і Ко» і нават дадаткова завод жалеза-бетонных вырабаў. Нягледзячы на ўсе поспехі, Лявон працягваў удасканальваць сваё майстэрства, вучыцца. Акрамя атрымання Варшаўскага дыплома (будаўніка), ён таксама атрымаў адукацыю ў Санкт-Пецярбургу ў Інстытуце цывільных інжынераў (інжынера-архітэктара), а пазней ў Парыжы у Спецыяльнай архітэктурнай школе (архітэктара-мастака).
Уласная фірма і будаўнічая школа
Па вяртанні з Парыжа Лявон Дубейкаўскі спачатку атрымаў магчымасць працы ў Варшаўскім архітэктурна-будаўнічым бюро, дзе за некалькі гадоў назапасіў яшчэ больш вопыту, а таксама здолеў зарабіць грошай на ўласную справу. Праз некаторы час ён заснаваў уласную фірму, якая спецыялізавалася на будаўніцтве як жылых дамоў, так і прамысловых будынкаў. Разам з тым у гэты перыяд Дубейкаўскі паспяваў выкладаць у Варшаўскім сярэднім прамыслова-тэхналагічным вучылішчы, дзе дзяліўся сваімі ведамі і кампетэнцыямі. Варта адзначыць, што гэта быў не адзіны выпадак педагагічнай дзейнасці. Пазней Лявон яшчэ выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах, працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, стварыў і кіраваў Школай будаўлянага рамяства ў Вiльнi. Акрамя таго, Дубейкаўскі апекаваўся і шмат рабіў для беларускіх сіроцкіх прытулкаў. У прыватнасці, Лявон Дубейкаўскі падрыхтаваў праекты даходных дамоў, палацавага ансамбля і фабрыкі ў Варшаве, касцёла ў Янатрудзе. Пазней займаў пасаду архітэктара ў Янаве Люблінскага ваяводства, працягваў займацца праектамі касцёлаў і цэркваў ды іх будаўніцтвам, спрычыніўся да ўзвядзення шэрагу іншых будынкаў на ўсёй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Сярод яго архітэктурных твораў гэтаксама можна згадаць мікрараён на Антокалі ў Вільні, факультэт мастацтва Вiленскага ўнiверсітэта, ляснiцтва ў Шумску, падляснiцтва ў Кене, першую ў свеце бажнiцу ў беларускiм стылi.
Урадавы архітэктар і консул БНР
Не менш адметнае месца ў жыцці і дзейнасці Лявона Дубейкаўскага займала беларуская справа. З маладосці ён цікавіўся беларускай прэсай і мастацкімі творамі, нават падтрымліваў некаторыя выданні матэрыяльна, знаёміўся з беларускімі асветнікамі і лідарамі нацыянальнага руху. А з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі Дубейкаўскі быў назначаны ўрадавым архітэктарам, паспеў распрацаваць узоры дзяржаўных узнагарод БНР. Але ўсё ж асноўная дзейнасць Дубейкаўскага ў гэты перыяд была звязана не з архітэктурай. У 1919 годзе ён быў зацверджаны консулам беларускага ўраду ў Польшчы. Пазней Лявон Дубейкаўскі выступіў адным з ініцыятараў стварэння Польска-беларускага таварыства, якое прасоўвала беларускае пытанне ў Варшаве. У таварыства, апроч Дубейкаўскага, уваходзілі Ежы Чапскі, славутая Магдалена Радзівіл, Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя. Акрамя таго, Дубейкаўскі стаў ініцыятарам стварэння і старшынём Беларускага камітэта ў Варшаве, быў сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, працаваў таксама ў сталіцы Польшчы ў беларускім прадстаўніцтве, з’яўляўся прэзідэнтам беларускай каталіцкай парафіі імя Св. Міколы, выдаваў газету «Беларускі фронт». У апошнія гады жыцця славуты архітэктар далучыўся да Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, у якой займаў пасаду віцэ-старшыні, ахвярваў грошы на беларускі друк, дапамагаў беларускім студэнтам Вільні і Варшавы.
Кірыл Стаселька, budzma.by