Лявон Вольскі: «Калі табе хоць нешта не падабаецца ў РБ, ты аўтаматычна залічваесься да тых, хто “палез у палітыку”»

«Ну, дык а чаго ж яны хацелі, ня трэба было лезьці ў палітыку!» — знаёмая многім беларусам фраза. Але што яна азначае насамрэч? Каго і за што сёньня ў Беларусі могуць прылічыць да небяспечнай катэгорыі грамадзян, якія «палезьлі ў палітыку»? Ці ўратуе, калі проста паспрабаваць прамаўчаць і адседзецца? Разважае Лявон Вольскі.

Volski.jpg
Лявон Вольскі. Малюнак Андруся Такінданга

Што значыць «палезьці ў палітыку» ў РБ

Вось гэтыя музыкі — сьпявалі б пра тое, што і ўсе артысты — пра сонейка, кветкі, каханьне, пра надвор’е, у рэшце рэшт. А яны пачалі сьпяваць пра палітыку, вось іх і забаранілі.

А гэны во — блогер. Іх цяпер шмат такіх павылазіла — блогераў. Распавядаюць народу пра розныя рэчы. Дык во і распавядаў бы — як усе — пра бары-рэстарацыі, дзе як харчуюць, пра гандлёвыя цэнтры — дзе што прадаюць, брэнды-трэнды там усялякія, што модна, што не. Быў бы папулярны, рэкляму б яму замаўлялі на канал, жыў бы з гэтага... Дык не! Палез у палітыку, усё абураўся ў інтэрнэце: гэта ня так, тое ня гэтак... Вось і пасадзілі.

А тыя дык зусім ужо — выйшлі на пратэст! Залезьлі ў тую палітыку па вушы. Хто вас прасіў выходзіць, сядзелі б сабе дома, яна боршч бы варыла, ён — у гаражы бы корпаўся — як усе, дык не — пайшлі на марш! Давялося зьяжджаць. І кватэра ў іх тут засталася, і дача. І, хутчэй за ўсё, адбяруць у іх усё гэта.

Каб не палезьлі ў палітыку, дык і жылі б сабе нармальна, як усе — хадзілі б на працу, на выходныя езьдзілі б у сваё садовае таварыства — шашлык там, піўко, адпачынак. Чаго ім не сядзелася? І нармальныя ж людзі нібыта былі!

А во гэты — студэнт. І вучыўся нібыта нармальна, дзяржаўную стыпэндыю атрымліваў... Надзея сям’і, можна сказаць. Дык не сядзелася яму, не вучылася — напісаў у інтэрнэце: «Я — супраць вайны!». Палез у палітыку. Што табе да тае вайны, хлопча? Разьбяруцца там безь цябе. Скажы дзякуй нашай уладзе, што тут у нас мірнае неба над галавой. Хто цябе за язык цягнуў? Цяпер вучыцца недзе за мяжою, целяпаецца абы-дзе, а мог бы дома сядзець, пры бацьках і стыпэндыі.

А той во, зь сёмага пад’езду. Ціхі такі нібыта, сьціплы. Дык — ні з пушчы ні з поля — напісаў у інтэрнэт, што вада ў Каменнай горцы з крану цячэ нейкая не такая — брудная і ванючая. І хто цябе прасіў пра гэта пісаць? Ну, пасядзеў бы сабе, пачакаў пару дзён — усе тыя недарэчнасьці б выправілі, і зноў вада б нармальная з крану палілася! А ён, бачыце, палез у палітыку, напісаў пра гэта ўсё, вось нараніцу па яго й прыехалі.

А той дык не падабалася, што ў школе ейнаму шасьцігадоваму дзіцю распавядаюць пра генацыд беларускага народу. Фоткі гэтага генацыду паказвалі, фільмы круцілі... Маўляў, стрэс у дзіцяці. Ты што, не разумееш, школа — дзяржаўная ўстанова! Яна праводзіць дзяржаўную палітыку, і лезьці ў навучальны працэс — значыцца, лезьці ў палітыку.

А яшчэ адзін ехаў на сваёй машыне, і яго спынілі ДАІшнікі. Ну, тое-сёе, пачалі спрачацца — парушыў / не парушыў? Чаго ты спрачаесься з чалавекам у пагонах, дурань? На што ты спадзяесься? Гэтыя людзі — ДАІшнікі, міліцыянты, вайскоўцы, мытнікі, МЧСьнікі — яны ўвасабленьне дзяржавы. Ейнае апірышча. Спрачацца зь імі (і, крый Божа, выкладаць гэта ў інтэрнэт) — гэта лезьці ў палітыку. Яны заўсёды маюць рацыю. Калі ты сумняесься ў кампэтэнтнасьці службоўца, аўтаматычна ты сумняесься ў кампэтэнтнасьці дзяржавы. А калі ты ў гэтым сумняесься, табе мейсца ў турме ці за мяжою (калі пасьпееш уцячы).

Сёння дастаткова прамаўчаць, а заўтра трэба будзе актыўна «адабраць і падтрымліваць»

Калі ты выказваеш хоць нейкае незадавальненьне — табе не падабаецца праца камунальных службаў, навучальных установаў, будаўнікоў, азеляняльнікаў, дый наагул, калі табе хоць нешта не падабаецца ў РБ, ты аўтаматычна залічваесься да тых, хто «палез у палітыку».

Бо час цяпер няпросты, і няма чаго расхістваць човен. Усе павінны злучыцца і разам ісьці ў кірунку, які распрацоўвае дбайнае і дасьведчанае кіраўніцтва.

palityka-01.jpgКалі табе хоць нешта не падабаецца ў РБ, ты аўтаматычна залічваесься да тых, хто «палез у палітыку». Малюнак Лявона Вольскага

І калі сёньня, каб ня быць залічаным да тых, хто «палез у палітыку», дастаткова прамаўчаць, адседзецца, схавацца, дык заўтра будзе неабходна ўхваляць, «адабраць і падтрымліваць», гучна выражаць безумоўную згоду і палымяную рашучасьць ісьці й надалей курсам стабільнасьці і ўмацаваньня моцнай і расквітнелай дзяржавы.

А калі ты ня будзеш паўсюль выражаць гэтую падтрымку, дык у кампэтэнтных ворганаў могуць зьявіцца думкі, што ты — пятая калёна, схаваны змагар, латэнтны апазыцыянэр, які можа ў любы момант «палезьці ў палітыку», але хавае гэта пад маскаю маўклівае ляяльнасьці.

Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org