«Вялікая чыстка», «вялікая бомба» — вялікі тупік

30.06.2026
Прапагандыст Дзермант абяцае сваім чытачам «вялікую чыстку», спасылаючыся на інсайды з сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі. Прапагандыст Эйсмант пагражае ў эфіры ядзернай зброяй. А тым часам у Маскве на месцы Музея ГУЛАГа адчыняюць музей «памяці генацыду савецкага народа»... Навіны з сусвету Оруэла? Хутчэй крызіс таталітарнага жанру.

Knihi i suvieniry
Фота: t.me/dzermant

Навіны з таго боку «жалезнай заслоны» даўно не здзіўляюць. Не так кідаецца ў вочы дзікасць мэседжаў, як канцэнтрацыя паўтораў. Заезджаная кружэлка: больш рэпрэсіяў, больш ядзерных бомбаў, больш рэсентыменту па «Великой Отечественной». Але нічога новага па той бок ужо не з’явіцца. Бо няма адкуль узяцца.

Веліч сышла, фіксацыя на памерах — засталася

Кожны таталітарны рэжым мае нейкі вектар руху, мэту. Нацысты хацелі заваяваць Еўропу да Урала і забудаваць усё аўтабанамі. Саветы хацелі заваяваць Еўропу да Ла-Манша і забудаваць усё калгасамі. Калі не атрымалася — пачаліся палёты ў космас, БАМ і скарэнне Арктыкі. Сакрэт таталітарнай сістэмы ў тым, што ўвесь час павінен быць рух у нейкім напрамку. Хоць куды, але абавязкова — рух, дынаміка.

Бо ў іншым выпадку рэжым пачынае сыпацца, бо назапашаная энергія грамадства канвертуецца ў масавую фрустрацыю, п’янства і шэрасць, як у познім СССР, калі ў космас ляцець ужо ніхто не хацеў, а ў Турцыю ці Егіпет — не мог. Ровар едзе, пакуль нехта круціць педалі. Іначай ён падае.

Сённяшнім рэжымам Расіі і Беларусі рухацца няма куды. Заваяваць Еўропу не вельмі атрымліваецца, ляцець да іншых планет — няма на чым. Арктыкай займаюцца кітайцы. Космасам — амерыканцы. Застаецца толькі грызці саміх сябе, сваё грамадства. Вышукваць шпіёнаў і пятую калону. Плакаць над «генацыдам народа». Ставіць помнікі з зоркамі. І... усё.

Уся «вялікая Еўразія», пра якую некалі вяшчаў Дзермант, зліплася да «вялікага катлавану», у які ён прапаноўвае засунуць ахвяраў «вялікай чысткі». Веліч сышла, фіксацыя на памерах — засталася.

Адключаны інтэрнэт і ўключаны тэлевізар

Якія яшчэ інструменты застаюцца, каб давесці ўсяму свету сваю рацыю? Ядзерная зброя — крок поўнага адчаю. Скарыстацца ёй — значыць распісацца ў тым, што ўсё правалілася. Усё дарма. Гэта акт самазабойства, самаадмаўленне. Па законах драматургіі акурат такім чынам усё і павінна скончыцца — як у антычнай трагедыі. Але жыццё часцей нагадвае фарс.

Разважаючы пра будучыню сістэмаў Лукашэнкі і Пуціна, мы чамусьці трымаем у галаве за «факт» гвалтоўны канец абодвух. Маўляў, загінуць ды пацягнуць за сабой палову свету... Але ёсць іншы варыянт. Больш празаічны і прагматычны. «Карэізацыя» — павольнае ўсыханне ва ўмовах адключанага інтэрнэту і ўключанага тэлевізара.

То-бок, інтэрнтэт расіянам будуць адключаць не для масавай мабілізацыі, а для... доўгай стагнацыі. Каб усыханне праходзіла спакойна і па плане, без рэкзіх выбухаў.

«Ізаляваны кавалак сушы, дзе народу будзе холадна і голадна»

Чатыры гады таму, у сакавіку 2022-га, я напісаў некалькі эсэ, у якіх выказаўся пра небяспеку замарожвання канфлікту і новай «жалезнай заслоны» на доўгія гады. Адзін з тых тэкстаў сканчаецца вось так:

«Незалежна ад дынамікі на фронце, Расія на неакрэслены час пераўтвараецца ў ізаляваны кавалак сушы, дзе народу будзе холадна і голадна. (...) І карцінкі «светлага заўтра», у адрозненне ад самых змрочных часоў бальшавізму, у сённяшняй Расіі няма. Застаюцца толькі адзінота, страх і нянавісць».

Сама ідэя велічы з «цар-пушкай» і «цар-бомбай» зайшла ў тупік. Не пракаціла. Што застаецца? «Цар-чыстка», «цар-крэматорый»... Працяг шаленства толькі для таго, каб імітаваць хоць нейкі рух і перамагаць свой уласны цень. Каб было пра што распавесці ў тэлевізары і напісаць у газетах.

Алесь Кіркевіч, budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org