Супраць вядомага музыкі, лідара гуртоў «Ляпіс Трубяцкой» і Brutto Сяргея Міхалка ў Беларусі завялі справу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса і запрасілі з’явіцца ў Ленінскі раённы аддзел Следчага камітэта горада Мінска.
«Беларуская рэчаіснасьць пераўзышла самыя сьмелыя драматургічныя фантазіі карыфэяў тэатру абсурду», — кажа Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org і прагназуе, што хутка чарга дойдзе й да яго таксама.
Ёсьць у сьвеце парадаксальныя краіны. У гэтых краінах усё дагары нагамі, усё наадварот: дурні, клінічныя дурні і беспрасьветныя ідыёты (яны ж — па сумяшчальніцтве — злачынцы, махляры, злодзеі і забойцы) — на кіроўных пасадах, а тыя, кім дзяржава мусіла б ганарыцца — у вымушанай эміграцыі, у вязьніцы ці то ціха сядзяць дома, баяцца кожнага гуку і маюць сабраны заплечнік на выпадак, калі за імі прыйдуць. Гэта людзі, талент якіх прызнаны ў цэлым сьвеце, ляўрэаты ўсялякіх міжнародных прэміяў і ўзнагародаў — навукоўцы, мэдыкі, літаратары, музыкі…
Адна з такіх парадаксальных краінаў, як вы ўжо зразумелі — РБ. Таталітарная дыктатарская бяздарная дзяржава, якая абсалютна не шануе сваіх выбітных грамадзянаў. «Не падабаецца — зьяжджайце!», — фанабэрліва, нават, грэбліва кідае яна ім. І наўпрост пагражае: «Ня зьедзеце — пасадзім». І вось сотні тысячаў цяпер ужо былых грамадзянаў парадаксальнае краіны знаходзяць прытулак у іншых, не такіх парадаксальных, а тысячы тых, хто адмовіўся прыслухоўвацца да пагрозаў, паехалі ў мейсцы, дзе іх прымушаюць шыць вопратку сілавікам ці то ачышчаць ад ізаляцыі медны кабель…
РБ — дзяржава настолькі парадаксальная, што нават выкінуўшы чалавека за свае межы, не адпускае яго са свайго кручка, пастаянна нагадвае пра сябе, учыняе розныя падступныя рэчы, раўніва помсьціць за неляяльнасьць.
Не цураецца гопніцка-бандзюкоўскіх рэчаў — можа лёгка адціснуць дом ці кватэру, узяць у закладнікі сваякоў і шантажаваць імі.
Можа абвясьціць таго, хто зьехаў, у міжнародны вышук, маўляў, хай панэрвуецца ў якім грузінскім ці чарнагорскім аэрапорце, пакуль памежнікі будуць разьбірацца — што гэта за рэцыдывіст, які фігуруе ў крымінальных сьпісах Інтэрполу, спрабуе патрапіць у іхную краіну?
Парадаксальная дзяржава шчодра раздае налева й направа крымінальныя артыкулы — абраза гонару й годнасьці першае асобы, абраза прадстаўніка ўлады, арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, распальваньне варажнечы, экстрэмізм (у «экстрэмісты» залічаюць за данаты, падпіскі на «варожыя» сацыяльныя сеткі, падабайкі, камэнтары, выкананьне «няправільных» песень і чытаньне «непажаданае» літаратуры).
Яшчэ сем гадоў таму ў крымінальным кодэксе шмат чаго з гэтага высачэзнага стосу артыкулаў не было, але парадаксальная дзяржава ня сьпіць у шапку, творча падыходзіць да справы, выдумляе ўсё новыя і новыя правіны перад сабою, за якія «давядзецца адказваць па ўсёй строгасьці закону».

Малюнак Лявона Вольскага
І вось ужо твар Сяргея Міхалка (якога і так пазнае ледзьве ня кожны жыхар РБ) зьявіўся на стэндах у розных РБ-шных РУУС, маўляў, яго шукае міліцыя.
Яшчэ ўчора яны ўсім пастарункам сьпявалі ў караоке на дзень міліцыі: «Ау, ау, ау, я тебя всё равно найду», а сёньня і песьня пад жорсткай забаронаю, і аўтар пад крымінальным артыкулам. Нават пад двума — «абраза» і «распальваньне».
Што й казаць, напраўду парадаксальная дзяржава!
І вось ужо гераічны сьледчы камітэт заклікае Сяргея зьявіцца для добраахвотнай дачы паказаньняў — то-бок, для «яўкі з павіннай», у такім выпадку, можа быць, паўгодзіка й скасуюць? І неўзабаве адбудзецца завочны (калі раптам Сяргей усё ж-такі ня зьявіцца ў РБ) суд, дзе людзі ў пагонах і мантыі з сур’ёзнымі, нават суворымі дзяржаўнымі тварамі будуць абгрунтоўваць сутнасьць абвінавачаньня ды абмяркоўваць цяжкасьць учыненага злачынства…
Тое самае празь некаторы час чакае і мяне. Бо маё прозьвішча ўжо зьявілася ў базе міждзяржаўнага — РБ і РФ (значыцца і міжнароднага) — вышуку. І артыкулы, я ўпэўнены, будуць такія самыя, і людзі, якія ўсёй пракуратурай танчылі пад песьню «Госьці» ў выкананьні кавэр-бэнда на сваім колішнім карпаратыве, будуць на поўным сур’ёзе разьбіраць па эпізодах учыненыя мною сур’ёзныя злачынствы і запрашаць у РБ для дачы паказаньняў («Пакайся, Артурыч, табе скідка выйдзе!»).
Ёсьць такі жанр у драматургіі — тэатр абсурду. Знаўцы часта крывяцца ад слова «абсурд» у гэтым азначэньні і гавораць, што больш правільна казаць «тэатр парадоксу». Я думаю, для РБ гэтыя ганаровыя тытулы аднолькава пасуюць — і «парадаксальная дзяржава», і «дзяржава абсурду», бо цяперашняя рэчаіснасьць там пераўзышла самы сьмелыя драматургічныя фантазіі карыфэяў гэтага жанру.
Вось што здараецца, калі ўладу ў дзяржаве захапляюць дурні, клінічныя дурні і беспрасьветныя ідыёты (Вой, гэта ж, відаць, падпадае пад артыкул «абраза прадстаўніка ўлады», які жах!).
Лявон Вольскі, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org