Беларусь часта называюць «краінай замкаў», але калі адрэстаўраваныя Мір і Нясвіж ззяюць свежай фарбай, то сотні іншых сядзібаў і палацаў ціха сыходзяць у нябыт. Гэтыя руіны — наш «беларускі Парфенон», які захоўвае дух шляхецкай вольнасці, інтрыг і высокай культуры.
Прапануем вам маршрут па самых атмасферных «закінутых» месцах.
Гэты будынак — сапраўдны «прывід» барока. Праз тутэйшы палац калісьці Дзятлава (колішні Здзецел) называлі «беларускім Версалем».
Палац у нашыя дні. Фота: bel.wikipedia.org
Палац быў пабудаваны ў 1751 годзе на стромкім левым беразе ракі Дзянцелкі (Дзятлаўкі). Фундаваў будаўніцтва Мікалай Фаўстын Радзівіл. З канца XVIII стагоддзя палац належаў Солтанам. За ўдзел Солтанаў у паўстанні 1831 года сядзіба была секвестравана царскімі ўладамі і выкарыстоўвалася як кашары для кавалерыйскіх часцей. У пачатку XX ст. у палацы была размешчана школа, а за саветамі — раённы шпіталь.

Выгляд на палац Радзівілаў з гары. Фота: planetabelarus.by
Палацавы комплекс складаўся з прыгожага мураванага палаца, пейзажнага парку (канец XVIII ст.) з круглым ставам і творамі архітэктуры малых формаў (масткі, павільёны), які з усходу паўколам агінаў палац. Гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся пры ўездзе ў сядзібу з поўдня.

Палац у Дзятлаве на выяве Напалеона Орды. Выява: bel.wikipedia.org
Ад усяго прыгожага, манументальнага ансамбля захаваўся толькі мураваны палац, у тымпане франтона якога красуецца гербавы картуш князёў Радзівілаў. У дэкаратыўным аздабленні фасадаў выкарыстаная лепка ў стылі ракако: раслінны арнамент, гірлянды, геральдычныя знакі, медальёны. Вуглы будынка ўмацаваныя масіўнымі контрфорсамі.
Палац з’яўляецца рэдкім прыкладам спалучэння ракако і класіцызму. Нават цяпер на фасадзе можна разгледзець рэшткі вытанчанай лепкі.
Будынак шмат гадоў пустуе, хоць яго неаднаразова спрабавалі прадаць даслоўна «за адну базавую». Гэта той выпадак, калі велічны палац проста губляецца ў мясцовай забудове.
Калі вы шукаеце сапраўдную готыку ў беларускіх палях, вам сюды. Рэшткі сядзібнага дому ў Турлах — гэта эклектыка з элементамі неаготыкі, якая выглядае як дэкарацыя да фільму жахаў ці рамантычнага раману.

Сядзіба Котвічаў на пачатку ХХ стагоддзя. Фота: commons.wikipedia.org
Некалі сядзіба Котвічаў у Турлах займала важнае месца ў эканамічным і культурным жыцці нашага краю. Яна мела плошчу 5 тысяч гектараў і злучала ў адзіны комплекс фальваркі Палестына, Чэхі, Лабудзі, Міхалішкі і Газа.
У пачатку ХІХ стагоддзя гэтыя землі дасталіся ад збанкрутаванага Міхала Бжастоўскага Яну Котвічу. Новы гаспадар збудаваў тут шыкоўны сядзібны дом у класічным стылі. Цэнтральны ўваход меў порцік з калонамі і балконам. Сцены ўнутры былі аздобленыя шпалерамі і старажытнымі гравюрамі, выдатнымі творамі мастацтва. Тут была багатая бібліятэка на некалькі тысяч кніг. Дом атачалі велізарны парк на 20 гектараў, дзе былі ўстаноўлены незвычайныя, высечаныя з каменю скульптуры, і сад з кветнікамі.

Рэшткі сядзібы ў наш час. Фота: ostrovets.by
Гаспадары вельмі любілі коней і мелі вялікую стайню, рэшткі якой захаваліся да нашых дзён. Будынак вылучаецца прыгожай кладкай сцен і франтонаў з валуноў з закладкай шчылін мураванымі аскепкамі. Куты складзеныя шчыльна падагнанымі блокамі, высечанымі з валуноў. Вокны абкладзены чырвонай цэглай.

Рэшткі стайні. Фота: radzima.org
Вядома, што гэты будынак ацалеў і ў Першую, і ў Другую сусветныя войны, яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя на ім быў дах — цяпер жа ад стайні, як і ўвогуле сядзібы Котвічаў, засталіся руіны.
Гэтае месца амаль не наведваецца турыстамі, што дазваляе застацца тут з гісторыяй сам-насам...
Мабыць, самы фотагенічны «закінуты» аб’ект Беларусі. Пабудаваны на пачатку XX стагоддзя ў стылі неабарока, ён выглядае як класічны еўрапейскі маёнтак.

Палац на малюнку Напалеона Орды. Выява: my-places.by
Палацава-паркавы комплекс быў створаны князем Людвігам Святаполк-Чацвярцінскім за 1 км на захад ад мястэчка Жалудок Шчучынскага раёна. Ён уключае мураваны палац, флігель, рэшткі былога млына, кузню і іншыя гаспадарчыя пабудовы, аб’яднаныя сеткай узаемна перпендыкулярных алей рэгулярнага парку.

Палац у нашыя дні. Фота: bel.wikipedia.org
Манументальны двухпавярховы будынак накрыты мансардавым дахам з авальнымі люкарнамі. Галоўны і дваровы франтальныя фасады вылучаныя ў цэнтры акруглымі і па баках прастакутнымі рызалітамі, накрытымі самастойнымі шатровымі дахамі з заломамі.
Палац праз вытанчанае ўбранне глядзіцца сапраўды велічна. Рызаліт палаца завершаны балюстрадай і скульптурна-геральдычнай кампазіцыяй з дэкаратыўнымі вазамі. На картушы — герб Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага.

Рызаліт з гербамі. Фота: bel.wikipedia.org
Арыгінальна было вырашана князем пытанне водазабеспячэння Жалудоцкага палаца. Вада да яго паступала з крыніц у вёсцы Кукіна (прыкладна ў 2 км ад палаца) самацёкам. Вада дадаткова фільтравалася і падавалася ў рэзервуар на трэцім паверсе будынка з дапамогай помпаў, якія працавалі на сціснутым паветры. Паводле аповедаў старажылаў, сістэма падачы вады была настолькі ашчаднай, што для работы помпаў на працягу месяца дастаткова было двух балонаў са сціснутым паветрам.
Менавіта ў тутэйшым палацы здымалі першы беларускі «хорар» — «Масакра», у каторым паказаныя падзеі на беларускіх землях у 60-я гады XIX стагоддзя, пасля жорсткага задушэння паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў. За сцэнарную аснову была ўзятая навела «Локіс» Праспэра Мерымэ пра мядзведзя-ваўкалака і матывы старабеларускіх легендаў.
Палац знаходзіцца ў прыватнай уласнасці, уваход на тэрыторыю платны (сімвалічная сума), што дапамагае хоць трохі падтрымліваць парадак, але да поўнай рэстаўрацыі яшчэ далёка.
Гэтае месца — пункт беларускай пашаны й гонару. Тут жыў Тадэвуш Рэйтан — нацыянальны герой, які спрабаваў прадухіліць першы падзел Рэчы Паспалітай.
Сядзіба на выяве Напалеона Орды. Выява: bel.wikipedia.org
Грушаўка — невялікая вёска ў Ляхавіцкім раёне на Берасцейшчыне, каторую няпроста знайсці, але менавіта сюды варта прыехаць, каб убачыць атмасферны маёнтак Рэйтанаў.
Род Рэйтанаў не вельмі вядомы ў Беларусі, але ў Польшчы Тадэвуша Рэйтана лічаць нацыянальным героем, які выступаў супраць падзелу Рэчы Паспалітай. У 1772 годзе Аўстрыя, Прусія і Расія задумалі першы падзел Рэчы Паспалітай і склікалі Сойм, каб надаць сваім дзеянням законны характар. Менавіта сюды й прыбыў Тадэвуш Рэйтан з іншымі прадстаўнікамі наваградскай шляхты і заклікаў спыніць падзел краіны. Ён быў змушаны перакрыць выйсце з залы і легчы ва ўваходу са словамі: «Забіце мяне, але не забівайце Бацькаўшчыны». Дзякуючы гэтаму ўчынку ў свеце ўспрынялі падзел Рэчы Паспалітай выключна як акт агрэсіі, а не волю грамадзянаў краіны. Гэты гістарычны момант зафіксаваны на вядомай карціне Яна Матэйкі.
Карціна Яна Матэйкі «Тадэвуш Рэйтан». Фота: bel.wikipedia.org
Заклаў сядзібу бацька Тадэвуша Дамінік, які ў XVIII стагоддзі пабудаваў тут двор у стылі класіцызму. Першасна сядзібная хата была каменнай, але яго наступныя ўласнікі, Аліна і Юзаф, перабудавалі хату, бо, па чутках, лекары не рэкамендавалі Юзафу жыць у каменнай хаце.
Новы драўляны фасад пабудавалі пад канец XIX стагоддзя з высакаякаснага бруса на ранейшым падмурку. Усярэдзіне сядзібнай хаты былі печкі з галандскай кафлі, паркет. Таксама зала была месцам ўшанавання памяці Тадэвуша Рэйтана.

Сядзіба Рэйтанаў у нашыя дні. Фоты: 34travel.me
Юзаф і Аліна Рэйтаны змаглі зрабіць з сядзібы прыбытковы маёнтак. Аднак у 30-я гады Юзафа прызналі «нядобранадзейным» і выслалі кудысьці ўглыб СССР. За Саветамі у сядзібе месціўся клуб, а пасьля — бульбасховішча. У апошнія дзесяцігоддзі сядзіба перайшла ў падпарадкаванне мясцовага калгасу. Вокны і дзверы забілі, вакол пабудавалі новыя кароўнікі і адрыны.
У 2020 годзе пачалася рэстаўрацыя маёнтка. Сёння ў Грушаўцы можна ўбачыць унікальны драўляны палац, капліцу-пахавальню і бровар.
У Грушаўцы вядуцца кансервацыйныя работы, але будынак усё яшчэ чакае паўнавартаснага адраджэння.
Ю.К., Budzma.org