25 сакавіка 2014 году, на Дзень Волі, выйшаў сольны альбом Лявона Вольскага «Hramadaznaǔstva». Хутка будзе юбілей гэтага рэлізу — 10 гадоў. Што адбылося за гэтыя 10 гадоў? Чаго чакаць і на што спадзяваца цяпер, калі «сьвет незваротна зьмяніўся»? Піша Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся!» на Budzma.org.
Падзея на мяжы розных сьветаў
З аднаго боку, у цяперашнім сьвеце 10 гадоў для музычнага альбому — гэта не такі ўжо й юбілей. Ёсьць знакамітыя рок-альбомы, якім па 50 гадоў, а некаторым і па 60! Але для мяне «Hramadaznaǔstva» сталася падзеяй, якая адбылася роўненька на мяжы розных сьветаў, розных жыцьцяў, розных эпохаў.
За гэтыя дзесяць гадоў мой (і шмат якіх іншых людзей) сьвет незваротна зьмяніўся. Усё пачалося з Майдану, на якім грала «Крамбамбуля». Гэта быў самы канец 2013-га, мы хутка сарганізаваліся, прыехалі ў рэвалюцыйны Кіеў і далі канцэрт на Майдане. Было вельмі халодна (як гэта, чамусьці, часта здараецца падчас грамадзкіх забурэньняў, успомніць хаця б Менск 2006-га ці 2010-га!), людзі грэліся каля металёвых бочак, у якіх гарэлі дровы. Гэты рэвалюцыйны дым лунаў па ўсім цэнтры гораду, усмоктваўся ў валасы, у адзеньне. Разам з дымам у марозным паветры лунала трывога і прадчуваньне чагосьці нядобрага. Мы былі й на першым Майдане, у 2004-м, там было адчуваньне сьвята, карнавала, хуткае немінучае перамогі. Цяпер «карнавальнасьці» ніякай не было, адчувалася роспач і гатоўнасьць ісьці да канца.
2014-ты і нязьменны прысмак блізкай вайны
Мы вярнуліся ў Менск, адзначылі прыход новага, 2014-га, году, і тут пачалося! Нябесная Сотня, захоп Крыму, вайна на Данбасе... Раней ніхто не сутыкаўся з вайной так блізка — вось яна, зусім побач! Я калісьці граў і ў Харкаве, і ў Данецку, і ў Днепрапятроўску, а цяпер гэта ўсё ахоплена агнём вайны, там адбываюцца жудасныя падзеі, гінуць людзі — і гэта ня Сырыя ці Чачня, далёкія й невядомыя, не, гэта знаёмая тэрыторыя, да якой ты маеш там знаёмых, прыяцеляў і пару вясёлых гісторыяў з кожнае вандроўкі па ёй.
І гэты прысмак блізкай вайны — ён за гэтыя гады нідзе ня зьнік. Ён застаўся з намі.
Чарговая лібэралізацыя
Потым пачаліся «менскія дамоўленасьці» і ўся гэтая лухта — беларускія «міратворцы», зьняцьце ўсіх санкцыяў, шчодрыя гранты ад Эўрапейскага зьвязу, чарговая лібэралізацыя — новыя бары-кавярні-галерэі-арт-прасторы-вышымайкі-вышыванкі... Ад гэтага часу засталося пачуцьцё брыдкае прыкрасьці — упершыню за ўсе гэтыя доўгія гады беларуская ўлада нарэшце прызнаная Захадам легітымнаю, пры гэтым ты ўсё знаходзісься ў чорным сьпісе, а бабулі на лаўках мармычуць: «Затое ў нас вайны няма»...
Потым я прайшоў праз шэраг стратаў блізкіх людзей...
Потым прыйшоў каронавірус, які змабілізаваў беларускую супольнасьць і канчаткава падарваў давер да ўлады.
А далей... Вы выдатна ведаеце, што было далей. Сьвет кардынальна зьмяніўся і, баюся, наперадзе нас чакаюць новыя й новыя нечаканыя падзеі.
Прага зьменаў
Калі выйшла «Hramadaznaǔstva», у Беларусі ўсё было ціха й спакойна (як усім здавалася). Ну, пару палітвязьняў (а навошта яны лезьлі ў палітыку?), ну, чорныя сьпісы дзеячаў культуры (дык яны, відаць, таксама палезьлі, куды ня трэба!), ну, цэнзура (ай, любая дзяржава займаецца цэнзурай у тае ці іншае ступені!), можна было амаль бесьперашкодна езьдзіць і лётаць, дзе хочаш, зарабляць, прадаваць і перапрадаваць. Здавалася, навошта зноў гэтыя незадаволеныя вострыя песьні, жыві ды радуйся! Але, як высьветлілася, у Беларусі шмат людзей, якім сугучная гэтая эмоцыя, гэты надрыў, гэты нэрв.
Праз увесь альбом скразіць прага зьменаў, але ніхто, прынамсі, я, ня думаў, што гэтыя зьмены будуць вось такія — якія яны ёсьць, часьцяком бязьлітасныя і бессэнсоўныя.
Застаецца спадзявацца, што нам трэба прайсьці праз гэта, каб выйсьці на іншы ўзровень. Вярнуць жыцьцё сваёй краіне, зламаць сцэнар, ісьці за сваім Каханьнем, забыцца на мэлёдыі і рытмы беларускай эстрады і на пытаньне «А хто там ідзе?» замест звыклага «Нікога няма» цьвёрда ды ўпэўнена адказаць: «Беларусы!».
Лявон Вольскі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Гісторык: «Самая трагічная гістарычная падзея? Я б сказаў, што гэта хутчэй абставіны. І яны маюць назву, тэрыторыю і знаходзяцца на ўсход ад нашых межаў»