Аматары кнігі ведаюць: каб знайсці рэдкае, нават старажытнае выданне варта перадусім выправіцца ў «Вянок», што месціцца на беразе Свіслачы і спецыялізуецца на букіністыцы. Але ўлетку на інтэрнэт-сайтах пачалі з’яўляцца трывожныя навіны пра закрыццё крамы на рамонт і яе далейшы лёс, які на той час падаваўся нявызначаным. Не так даўно стала вядома, што «Вянок» усё ж не спыніць свайго існавання, але зменіць уладара і будзе працаваць у крыху іншым профілі. Так, крама ўвайшла ў вялікую сетку «Белкнігі». На пытанні «Звязды» пра лёс гэтай кнігарні пагадзіўся адказаць дырэктар «Белкнігі» Аляксандр ВАШКЕВІЧ.
— Магазін «Вянок», які пачаў працаваць у 1980-я гады, першапачаткова ўваходзіў у склад сеткі «Белкніга». Потым ён перайшоў на баланс Паліграфкамбіната імя Якуба Коласа. Але варта разумець, што гэта перадусім паліграфічнае прадпрыемства, спецыялізаванае на друку кніг, а не іх продажы. Таму і эканоміка, і асартымент тавараў у краме не зусім адпавядалі яго профілю дзейнасці. Пытанне стаяла нават пра закрыццё «Вянка». Натуральна, «Белкніга» як найбуйнейшае кнігагандлёвае прадпрыемства нашай краіны не магла пагадзіцца з гэтым, таму мы вырашылі вярнуць «Вянок» у сям’ю сваіх крам.
— Пасля рамонту і змены ўласніка кнігарні ці адбудуцца змены ў профілі крамы? Яна застанецца скіраванай на букіністыку?
— Магчыма, профіль крамы крыху зменіцца. У сетцы «Белкнігі» не адзін магазін спецыялізуецца на букіністыцы. Больш за тое, мы супраць таго, каб букіністыка ператварылася ў пэўнага кшталту «здачу бутэлек» — калі можна знайсці кнігі на сметніку і прынесці іх у магазін на продаж. Тут мы перш за ўсё маем на ўвазе рэдкія кнігі, якія прадстаўляюць культурную каштоўнасць і могуць быць патэнцыйна цікавымі сучасным пакупнікам. Гэта не сродак узбагачэння здатчыкаў, якія ўспрымаюць кнігі як другасную сыравіну. Мы павысім патрабаванні да прадукцыі, што будзе здавацца, таксама пашырым у гэтай краме асартымент аддзелаў краязнаўства, турыстычных даведнікаў і кніг пра Беларусь у цэлым, нашу прыроду і дасягненні ў асобных сферах. У тым ліку — на замежных мовах. Так плануем напоўніцу скарыстацца размяшчэннем крамы ў турыстычным цэнтры Мінска.
— У нашы дні кнігарні становяцца сапраўднымі цэнтрамі культуры. Тут ладзяцца прэзентацыі, арганізоўваюцца грамадскія абмеркаванні кніг. «Вянок» будзе запрашаць гасцей на імпрэзы?
— Гэтая кнігарня і сёння працуе ў тэставым рэжыме. Яе афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 9 снежня, у 125-ты дзень нараджэння Максіма Багдановіча. Мы запрашаем усіх на вялікае свята кнігі ў Траецкае прадмесце. А пасля «Вянок» сапраўды стане базай кніжнага клуба, дзе пісьменнікі з нашай падтрымкай змогуць праводзіць творчыя сустрэчы, прэзентацыі кніг, аўтограф-сесіі. У гэтым кірунку будзем працаваць з Саюзам пісьменнікаў Беларусі.
— «Белкніга» досыць хутка пашыраецца, адкрываюцца новыя крамы. Магчыма, станеце манапалістам на айчынным кніжным рынку?
— Паралельна з крамамі «Белкнігі» ў нашай краіне адкрываецца многа іншых кнігарняў розных фарматаў. Рынак сёння досыць свабодны. Можна казаць пра даволі моцную сетку оz.bу, гэтыя магазіны з проста пунктаў выдачы заказаў інтэрнэт-крамы ператварыліся ў паўнавартасныя кнігарні. Сетка «Буквоежка», што складаецца з пяці крам, размешчаных у гандлёвых цэнтрах, таксама дазваляе казаць пра пэўную сістэму работы. У пачатку снежня ў Мінску адкрыецца крама Саsh аnd Саrrу з удзелам расійскага капіталу. Гэта магазін дробнага опту, дзе набываць кнігі змогуць прадпрымальнікі, маленькія суб’екты гаспадарання. Таму сцвярджаць, што «Белнікнга» становіцца манапалістам, нельга. Зараз развіваецца гандаль, альтэрнатыўны нашаму, ён досыць моцны. Нават калі казаць пра кропкавыя кнігарні, такія як «Кніжная нара», «Сон у Гогаля».
— Але ж у нас у краіне кніжны рынак, па сутнасці, досыць маленькі. Не страшна ў такім выпадку, што хутка страціце вялікую частку прыбытку і не пераможаце ў гэтай канкурэнцыі?
— Перамагчы павінен мацнейшы — якасцю кніг, іх асартыментам, цэнавай палітыкай, новымі формамі продажаў, акцыямі. І тут, канешне, плячо «Белкнізе» павінны падставіць айчынныя выдавецтвы. Бо менавіта з імі мы ў асноўным працуем. Камерцыйныя кніжныя сеткі і крамы не ўдзяляюць неабходнай увагі кнігам беларускіх выдаўцоў, аўтараў, выданням на беларускай мове. Таму я хацеў бы заклікаць пісьменнікаў і выдавецтвы ствараць якасныя творы, цікавы кантэнт — тады і ў «Белкнігі» будзе добрая будучыня. Мы разам пераможам у канкурэнтнай барацьбе.
— Разважаем у асноўным пра сталіцу. А як жа рэгіёны? «Белкніга» ўжо заклала традыцыю адкрываць ці абнаўляць магазіны ў гарадах, якія прымаюць Свята беларускага пісьменства. Ці плануеце налета звярнуць увагу на Полацк?
— У Полацку працуе кнігарня нашай сеткі. Зараз мы думаем пра тое, каб гэты магазін абнавіць, перафармаціраваць знешне і па прынцыпах работы. Магчыма, ва ўзаемадзеянні з мясцовымі ўладамі зможам адкрыць і новую кнігарню. Зразумела, што для такога вялікага горада, значнага культурнага цэнтра адной кніжнай крамы недастаткова.