Недзе год таму я напісаў артыкул нянавісці да нашай гаротнай сталіцы, жалезабетоннага гмаху пад назвай Мінск. І, у прынцыпе, шмат з чым я дагэтуль згодны. Але... Давайце паразважаем, за што яго можна палюбіць.
Так ужо сталася, што я вырас яшчэ ў той час, калі на плошчы Якуба Коласа замест “Еўраопта” быў “Дамавы”, а крамы “Бергхаўз” і “Іў Рашэ” былі напісаныя тарашкевіцай. Шмат вады ўцякло з тых часоў, шмат у чым горад сапраўды стаў нашмат больш шэры і разбудаваны. Але ж... Нешта і з’явілася. Тое, што, калі не кранаць, зможа зрабіць гэты горад сапраўды цікавым для жыцця месцам, дзе кожны зможа знайсці сябе сярод шырокіх вуліц.
Фота: Алена Скарабагатава, TUT.BY
Напрыклад, вуліца Кастрычніцкая. Каля 7 гадоў таму, калі я толькі пачынаў пісаць, я спрабаваў узяць у завода “Крышталь” каментар наконт чутак аб яго пераносе. Але замест тэксту я атрымаў добрае такое хімічнае атручанне, нанюхаўшыся выпарэнняў ад перагону спірту. А яшчэ раней там, на сцяне Цоя, сядзелі ў асноўным крышку падрапаныя панкі ў цішотках Летава і Цоя ды спявалі песні, запіваючы падзею двушкай “Крыніцы-дзясяткі”. Карацей, спіртоіды, інтэрнаты ды панкі — бруднаватая вулачка, праз якую ціха ездзіў сабе 2-і трамвай.
А цяпер закручваеш вусы і смела выходзіш на Першамайскай, каб яшчэ раз акунуцца ў крэатыўны аазіс беларускай сталіцы. Хочацца спакойна папрацаваць? Завітваеш у Let it be, дзе з пахам свежых круасанаў грае спакойны рок-н-рол і амерыканская музыка 30-х, 40-х. Хочацца камунікацыі і цікавых гісторый? Вось і барчык Ок16, дзе ты не толькі адчуеш атмасферу крэатыўнага бамонду, але і зможаш знянацку выйсці адтуль у іншым адзенні, бо пагадзіўся махнуцца на месцы цішоткай з такім жа цікавым наведвальнікам. Гуляеш ноччу, а захацелася смачнай кавы? Вось і бясконцая чарга ў “Лаўку”.
Фота: say.by
А машыны з бітбоксамі, што валяць розны музон на ўвесь квартал, чэргі па піўко ў “Ленінград”... тут ты адчуваеш жыццё і разумееш, што тут рана ці позна, але народзіцца тая самая мясцовая эліта, што зробіць гэты горад сапраўды цікавым хабам, дзе нараджаюцца ідэі.
Зыбіцкая... Як бы я ні любіў гэты “пошлы гламур”, але ж менавіта тут можна патанчыць на дыванным дыскачы, побач з барамі паслухаць вулічнае выкананне Scorpions, а потым заесці гэтую справу смачнай шаўрмой, паглядаючы на Свіслач.
Фота: tam.by
Дарэчы, пра фастфуд. У нас з’явілася “Пясочніца”! Бадай, настолькі ж значная падзея, як адкрыццё комплексу “Ў”, дзе ты не толькі можаш пасмакаваць стрытфуд з фудтракаў, а яшчэ адпаліць на добрым канцы, прыкупіць цікавы шмот, а ўвечары з дзяўчынай/хлапцом паглядзець якаснае кінцо. І гэта ўсё ў найвыдатнейшай атмасферы напалову ржавага завода “Гарызонт” — індустрыяльнай труне савецкай прамысловасці, што цяпер жыве новымі фарбамі.
Ну а калі ты аматар атмасферы старога Мінска, то спакойна можаш зайсці ў краму на Перамогі, што пад шпілем, набыць сабе там таннай кавы ў кутку самаабслугоўвання, што нагадвае Iki ў Вільнюсе, і сесці ў парку Купалы паназіраць за вавёркамі і ціхім шэптам лісця.
Падлеткі цяперашнія замест “Сталіцы” і плошчы Парыжскай Камуны, у якой тусаваліся мы, аблюбавалі амерыканскую Galeria. Штодня там адбываецца бездань трагедый, кахання, разборак, жартаў і развітанняў. Але ж замест таго каб душыцца не заўсёды смачнымі беляшамі, яны смакуюць смачную піцу, бургеры ды праходзяць свае асабістыя этапы станаўлення асобы.
Дзе тусавалася мінская моладзь у пачатку нулявых?
А калі хочаш адчуць беларускасць і прыемную атмасферу, то і такіх месцаў хапае — той жа “Лідбар”, дзе трэк-ліст часам выклікае няўцямнае жаданне падпяваць, а меню і дызайн — усміхнуцца і расслабіцца з сябрамі.
Фота: relax.by
Але ж не толькі месцамі стала лепш! Вы зірніце на найпрыгажэйшыя графіці, што паціху адваёўваюць шэрую прастору нашай сталіцы! Часам ідзеш сабе, падымаеш галаву і бачыш цікавую працу, што сапраўды натхняе і падымае настрой.
Ды нават бессмяротны “Цэнтральны” стаў лепшы! Новы дызайн, тая ж атмасфера, але толькі ў мадэрновай рэінкарнацыі. Самае галоўнае, што пірожныя не сталі горшыя :).
І нават мікрараёны некаторыя сталі нашмат больш прыемнымі і прыдатнымі да жыцця. З’яўляюцца лакальныя месцы, цікавыя тусоўкі, а знешні выгляд паціху, але становіцца лепшым і прывабнейшым.
Так, Мінск часам душыць, выглядае і з’яўляецца горадам-пераросткам са шчыльнасцю, якая не надта саступае Токіа (5683 чал/км2 у Мінску супраць 6279 чал/км2 у Токіа), але ж чорная паласа не можа быць бясконцай. Проста зараз мы назіраем нараджэнне новага горада, які рана ці позна, калі гэта не забіць, народзіць нам выдатную прастору, дзе мы ўсе зможам атрымліваць задавальненне ад жыцця тут, а кожны чалавек сапраўды знойдзе сабе месца па душы. Дык давайце ўхваляць гэта, падтрымліваць, ствараць і паскараць!
Лаймуціс Сакалоў
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!