1 ліпеня 1569 года адбылася адна з лёсавызначальных для ўсёй Усходняй Еўропы падзея – у Любліне была заключаная ўнія, згодна з якой Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае аб’ядналіся ў адну дзяржаву, Рэч Паспалітую. Абедзве краіны да гэтага кроку ішлі амаль два стагоддзі…
Беларусь мае ўнікальную гісторыю. Мы не проста спазнавалі чужынскія ўплывы, мы навучыліся за сваю гісторыю не раз мяняць цывілізацыйную арыентацыю. Дзякуючы гэтаму беларускі народ захоўваў сваю ідэнтычнасць, але кожны раз плаціў вялікую цану – страчваў эліту, якая пераходзіла ў лагер мацнейшых.
Калі надыходзіў час Люблінскай уніі, найвышэйшая арыстакратыя Вялікага Княства ўжо стала на цвёрды шлях паланізацыі. Сваю ролю тут граў каралеўскі двор, дзе пераважна гучала польская мова. Менавіта польская культура служыла акном, праз якое на Беларусь даносіліся модныя еўрапейскія павевы Рэнесансу.
Гэтага шляху не абмінулі нават тыя, хто трывала выступаў за самастойнасць і суверэнітэт Літвы, быў яе гарачым патрыётам. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Такім парадаксальным каларытам вылучаецца постаць канцлера і віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Чорнага. Трымаючыся да канца свайго жыцця за ідэю самастойнасці Вялікага Княства, ён як ніхто ўпарта пазіцыянаваў сябе прыхільнікам польскай культуры і мовы. Жанаты ён быў з дачкой кракаўскага кашталяна – бо вельмі хацеў уліцца ў кампанію польскіх арыстакратаў. Чатыры яго дачкі выйшлі замуж за палякаў, хаця любы літвін за гонар палічыў бы мець жонку з такога знакамітага роду. Шалёны прыхільнік Рэфармацыі, Радзівіл і пратэстанцкія вучэнні штурхаў у Беларусі з дапамогай польскіх пропаведзяў і кніг (згадайма хаця б знакамітую Берасцейскую Біблію 1563 года).
“Руская” (то бок беларуская ці ўкраінская) ідэнтычнасць знаходзіліся дзесьці на ўзбочыне, прадстаўленая невялікай і не самай уплывовай купкай праваслаўных магнатаў і князёў. Аднак і яны былі цесна звязаныя з Польшчай – настолькі моцнымі былі повязі самага рознага кшталту паміж нашымі краінамі…
Сцвердзім, зважаючы на гэта, што рэальнай альтэрнатывы ў уніі не існавала. У сваім імкненні жыць і развівацца наша арыстакратыя, а за ёю і ўся шляхта, глядзела на Польшчу…
Больш змушае задумацца той факт, што ў адстойванні самастойнасці Княства нашы магнаты ўсё роўна на першае месца ставілі свой прыватны інтарэс. Зноў не будзем далёка хадзіць па факты. Магнаты не надта хацелі падключаць свае агромністыя багацці да выдаткаў на вайсковыя патрэбы падчас Інфлянцкай вайны, якая грымела тады. Як у крывым люстэрку, выявілася ўбоства магнацкай “алігархіі”, якую польскія прапагандысты ўмела супрацьпастаўлялі ідэальнаму ладу “шляхецкай дэмакратыі” ў роднай сабе Польшчы. Выявілася, што ні Радзівілы, ні хто-небудзь іншы не ведаюць, як справіцца з дзяржаўнай машынай у адсутнасць гаспадара і ў варунках ваеннага становішча. Вялікае Княства нагадвала асірацелы край з бязвольнай і бездапаможнай арыстакратыяй, якая толькі і ведала, што заклікаць да замірэння з Масквой і маліць гаспадара вярнуцца назад, каб кіраваць імі.
Але нават калі Жыгімонт Аўгуст прыехаў у ВКЛ у 1567 годзе, каб удзельнічаць у ваеннай выправе супраць маскавітаў, мала што было зроблена дзеля рэваншу ў вайне і адпору ворага. Позні марудны збор войска (а магнацкія почты прыйшлі ледзь не апошнімі!), доўгае чаканне з неверагоднай надзеяй на фантастычны выступ баярскай апазіцыі ў Крамлі супраць Івана Жахлівага, бяссэнсавасць зімовага стаяння ў вайсковым лагеры пад Радашковічамі – гэтым запомніліся бяздарныя дзеянні кіраўніцтва ВКЛ.
Польскі кароль і вялікі князь літоўскі мог толькі ўпэўніцца, што без вонкавай падтрымкі, якую магла аказаць Польшча ўзамен за ўнію, абысціся нельга. Нягледзячы на патугі Яна Хадкевіча захапіць Ульскі замак увесну 1568 г. і нават трыумфальны захоп гэтай фартэцыі, здзейснены Раманам Сангушкам у жніўні гэтага ж года, не мог удыхнуць веры ў Вялікае Княства… А ўсё таму, што нашы правадыры не верылі ва ўласныя сілы.
Зусім недарма казаў Ян Хадкевіч, што калі літвіны ехалі ў Люблін на сойм, у іх на карку сядзелі маскавіты. Сапраўды, адолець самім знешняга ворага не ўдалося. Аднак на карку ў літвінаў сядзеў яшчэ больш злосны непрыяцель – унутраны разлад і нязгода сярод абываталяў. Шляхта ўсё больш і больш паварочвалася да уніі, якая несла з сабою такія прывабныя залатыя свабоды і вольнасці польскага ўзору…
Вельмі сімвалічным для далейшага лёсу беларускіх (дый не толькі, зразумела) зямель стаў факт адарвання ад ВКЛ Падляшша і Украіны. Насамрэч польскі бок, прымаючы гэтыя тэрыторыі да сябе, здзейсніў, па сутнасці, тое ж, што адбылося з Рэччу Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя. Так, гэта быў падзел ВКЛ, толькі адной краінай, няхай і саюзніцкай.
Гэты падзел быў балючым ударам, але і адначасова немінучым крокам. Адказ на рытарычнае пытанне, якім задаюцца гісторыкі да гэтага часу, – ці здолела б Вялікае Княства па-ранейшаму інтэграваць гэтыя землі ў сваім складзе, на нашу думку, відавочны. Вільня перастала быць прывабным аб’яднальным цэнтрам і не магла “абслугоўваць” надалей Падляшша і Украіну. Таму гэтыя тэрыторыі і былі так лёгка адарваныя ад ВКЛ па адным узмаху рукі Жыгімонта Аўгуста на Люблінскім сойме. Калі б гэта было гвалтам над рэальнасцю, то часы бескаралеўя ўсё б вярнулі ў належны стан. Але ўсё засталося па-старому, і так адбылося зусім не выпадкова. Гісторыя тых падзей вучыць нас, што без унутранай сілы нельга захаваць дзяржаўнасць у прыстойным для сябе выглядзе…
Можна доўга спрачацца, што прынесла Люблінская унія патомкам – дабро ці зло. Усе залежыць ад таго, якія каштоўнасці паставіш у цэнтр увагі – суверэнітэт дзяржавы, правы шляхты, спакой на межах ці штосьці іншае. Аднак адно для нас бясспрэчна – па-іншаму скласціся не магло. Таму гэтая унія і заключалася так доўга – ледзь не дзвесце гадоў…
Андрэй Янушкевіч