Шануем тое, чаго не разумеем... Галеча беларускай гісторыі

«Што пачытаць па беларускай гісторыі?» — такое пытанне чую апошні дзясятак гадоў. А сапраўды — што? Добра, зараз ёсць гістарычны кантэнт на ютубе, таму можна параіць канал(ы) — глядзі, адукоўвайся. А калі чалавек хоча сягаць глыбей за папулярныя ролікі? А што чытаць стваральнікам гэтых ролікаў?..

Піша Алесь Кіркевіч — пісьменнік і публіцыст, сцэнарыст гістарычнага відэапраекта «Трызуб і Пагоня»


Alieś Kirkievič
Алесь Кіркевіч

За якую тэму не вазьміся — няма цэльнай працы ці працаў, якія б раскладалі ўсё па палічках. Паўстанне 1863 года? Няма. Біяграфія Касцюшкі? Няма. Гісторыя Полацкага княства — няма. Прынты на цішотках ёсць, а распісанай гісторыі — няма. 

Па выніку, чытай або школьны падручнік, або — пералапачвай горы спецыялізаванай літаратуры: мемуары, перапіску, даследаванні вельмі лакальных кейсаў. Нічога канцэптуальнага ці фундаментальнага. Не кажучы пра якасную папулярную літаратуру.
Тут рэзкі кантраст з рэаліямі нашых суседзяў: палякаў, украінцаў, літоўцаў ды нават, даруй Госпадзі, расіянаў... Заходзь у кнігарню і — балдзей. Табе цікавы Пілсудскі? Калі ласка. Біяграфіі на любы густ, тамоў з-дваццаць дакументаў у цвёрдай вокладцы, асобна кнігі пра жанчын ці аўтамабілі польскага лідара... Ва ўкраінцаў яшчэ на пачатку нулявых была праблема з чытэльнай гістарычнай літаратурай, але зараз — гэта мора без берагоў. Не толькі пра УПА, але і пра Русь, Казаччыну, русінскую шляхту — бездань. 

Пра Оршу-1514 — шукай пераклады з польскай... 

Калі казаць пра беларускі кейс, то я не ведаю такой эпохі, якая ў нас была б распрацаванай і чытэльна апісанай. Найбольш пашчасціла, хіба, перыяду ВКЛ: тут Краўцэвіч і Ермаловіч. Хоць нешта. Кнігі Урбана ці Пануцэвіча пра вытокі Літвы — хутчэй здагадкі ці корпус ідэяў. Усё рэшта — гэта артыкулы ў навуковых зборніках, публікацыі, выступы на канферэнцыях.

 
Апошні выпуск на ютуб-канале прафесара Алеся Краўцэвіча

Біяграфіі Вітаўта, Кейстута, Ягайлы — няма.

Асэнсавання Крэўскай уніі — няма. 

Грунвальд (не кажучы пра тэўтонаў як асобны кірунак) — няма.

Дарагое нам XVI стагоддзе, «Залаты век» — нічога цэльнага. 

Люблінская унія — тое самае...

Калі хочаш нешта пачытаць пра Оршу-1514, біяграфію князя Аляксандра ці акалічнасці казаччыны ў Беларусі 1640-х — шукай пераклады з польскай на беларускую. Дзякуй Валеру Булгакаву, але гэта — не нацыянальная гістарыяграфія. Сваіх аўтарскіх кніг — няма. 

Bitva pad Oršaj
Бітва пад Оршай. Карціна невядомага мастака

Перыяд Полацкай дзяржавы, якая «наша ўсё», яшчэ больш туманны. Добра, што мы памятаем Усяслава Чарадзея, але дзе пра яго пачытаць?.. Бітва на Нямізе — знакавая для краіны і яе сталіцы, Менска — змясцілася ў невялічкую брашурку Плавінскага «на два кубкі кавы» — дзякуй на гэтым. Пра перыяд да Полацкага княства можна сарамліва прамаўчаць. Тут апісальныя працы археолагаў, але ніякай цэльнай гісторыі: хто, калі, куды прыйшоў, як жыў і з кім ваяваў. А галоўнае — як мы звязаныя з гэтымі плямёнамі «зарубінцаў» ці «вельбарцаў», хто яны нам?

Ідзем далей: ХІХ стагоддзе, час нацыяў. Што нам пачытаць пра Паўстанне Каліноўскага? Публікацыі ў краязнаўчых малатыражках, зборах архіўных дакументаў, некалі працаў Змітра Матвейчыка. Уявіце, што біяграфія Каліноўскага, «бацькі нацыі», у нас з’явілася зусім нядаўна: гаворка пра кнігу Васіля Герасімчыка. І тут аўтар нават не мае канкурэнтаў, якія б спрачаліся ці спрабавалі зрабіць лепей.

Vokladka knihi Vasilia Hierasimčyka «Kanstancin Kalinoŭski: asoba i liehienda», 2018 hod
Вокладка кнігі Васіля Герасімчыка «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда», 2018 год

Носімся з партрэтамі тых, пра каго нічога не ведаем

Усё ХХ стагоддзе — таксама выглядае як «ласкутная коўдра». Возьмем БНР. Дзякуючы Сяргею Шупу мы маем зборнік дакументаў у двух тамах, дзякуй! Але гэта не асэнсаванне феномена. Ёсць яшчэ папулярная праца Чарнякевіча, але чамусьці па-расійску. Цэльная праца пра БНР належыць пяру... польскай аўтаркі — Дароты Міхалюк. Дзякуй, але дзе наш беларускі погляд? Ці мы дагэтуль так і не зразумелі, што такое БНР?..

Vokladka knihi Daroty Michaliuk «Bielaruskaja Narodnaja Respublika ŭ 1918–1920 hh.»
Вокладка кнігі Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918–1920 гг.»

Пра цэльныя біяграфіі Ластоўскага, абодвух Луцкевічаў, Езавітава, Балаховіча і іншых — маўчу. Пашчасціла хіба Раману Скірмунту, бо Алесь Смалянчук займаўся яго асобай шмат год і давёў справу да канца: да выдання. Нават Слуцкі Збройны Чын вядомы нам хіба па зборніку дакументаў і ўспамінаў, які даўным-даўно выдаваўся двойчы, на гэтым — усё. Не знайшоў — чытай вікіпедыю. Ці не чытай нічога, насі тэматычную цішотку. 

Атрымліваецца, мы шануем тое, чаго не разумеем. Носімся з партрэтамі тых, пра каго амаль нічога не ведаем. 

Што пачытаць пра міжваенную Заходнюю Беларусь? Пра Тарашкевіча, БСРГ, КПЗБ?.. Савецкія працы і агіткі — калі ласка. Мемуары Васіля Рагулі ці ліставанне Мар’яна Пецюкевіча... Усё гэта выйшла ў далёкіх 1990-х. А каб сабраць з гэтай мазаікі цэльную карціну — дык гэта жыццё можна пакласці. Смешна, але найбольш вычарпальная кніга па беларускім руху ў міжваенным часе — гэта «Кароткі нарыс беларускага пытання» — перакладзеная на беларускую тлумачальная праца для польскіх афіцэраў, якія з гэтым рухам тады змагаліся... 

Нават перыяд Другой cусветнай, замуляны і перанасычаны ўзгадкамі, у нас раскрыты вельмі ўмоўна. Агромністы корпус савецкай ідэалагізаванай літаратуры (ці макулатуры), ОК. Дзяржаўныя выданні, якія паўтараюць савецкія наратывы — ОК. Працы нямецкіх, польскіх, яўрэйскіх даследчыкаў — ОК. А дзе ж наш погляд?.. 

Дзякуючы Юрыю Туронку і Яўгену Мірановічу мы маем неблагія спробы цэльнага асэнсавання, але і тут аўтары — грамадзяне Польшчы, хай і беларусы. Як і Алег Латышонак, які паспрабаваў разабрацца ў вайсковасці БНР. Можа, беларус з Беларусі не здольны нарадзіць падобную працу?..

Vokladka knihi Alieha Latyšonka «Žaŭniery BNR»
Вокладка кнігі Алега Латышонка «Жаўнеры БНР»

Гісторыкі — кам’юніці абраных?

Акадэмічныя гісторыкі могуць паспрачацца: у нас безліч усяго адкрываецца, пішацца, прагаворваецца! Новыя факты і веды назапашваюцца і недзе круцяцца, як віртуальныя дэпазіты. А калі чалавек не можа гэта адшукаць — ён «дурань»... (даруйце, чуў і такое). Па выніку атрымліваецца кам’юніці абраных, якія ведаюць, але не спяшаюцца сваімі ведамі дзяліцца. 

Рэч у тым, што паспаліты чытач не абавязаны шукаць пдф-дакументы з дакладамі, зробленымі на нейкіх там канферэнцыях. Ён хоча кнігу — і не можа яе знайсці. Бо яе няма. Гэта тое самае, што ў рэстаране вам прапануюць самому пайсці на кухню і нешта сабе прыгатаваць: бо прадукты ж ёсць, гатуй! 

Яшчэ адна праблема — манаполія на тэму. Умоўна, ёсць адзін чалавек — на ўвесь беларускі народ і на ўвесь свет — які ёй валодае. І ў лепшым выпадку нешта пра яе напіша ды яшчэ і выдасць. Наўпрост няма каму яго крытыкаваць, бо ніхто больш глыбока не валодае пытаннем. Калі пра готаў — гэта да Беляўца. Пра замкі — да Волкава. Пра вайсковасць ВКЛ — да Якубава. А паспрачаюцца з імі хіба замежныя калегі ў перапынку навуковай канферэнцыі.

Напрыклад, шмат было крытыкі да працаў Віктара Ляхора, які займаўся гістарычнай уніфармістыкай — маляваў вайскоўцаў з нашай мінуўшчыны, выдаваў кінігі. Там сапраўды ёсць пытанні па змесце, але... хто яшчэ? Тым часам у палякаў ці ўкраінцаў даўно прамаляваныя іхныя гусары/казакі/гетманы/паўстанцы... — ты можаш уявіць, як яно выглядала. У нас — амаль нічога. 

Гісторыя патрэбная, як глеба пад нагамі

Можна цалкам справядліва заўважыць: усё ўпіраецца ў дзяржаўную палітыку ды наяўнасць нацыянальна-арыентаванай дзяржавы як такой. Сённяшняя не заахвочвае пісаць гісторыю Беларусі, калі гэта не напісаныя на замову агіткі пра «генацыд» ці «герояў-партызанаў». 

Шмат добрых гісторыкаў у вымушанай эміграцыі. Рэшта або маўчаць, або пішуць нешта паліткарэктнае: мезаліт і каменныя сякеры пакуль нікому не замінаюць. Няма і незалежнага кніжнага рынку, бо выдавецтвы зачыненыя ды рэпрэсаваныя. Калі раней тое-сёе выдавалі ў Польшчы, Літве ці якім Смаленску, то зараз гэтыя кнігі ў Беларусь нават не завязеш.

З іншага боку, гісторык у эміграцыі мае развязаныя рукі. Тут ужо ёсць выдавецтвы, якія надрукуюць, ды нават інстытуцыі, якія падтрымаюць фінансава. Ёсць попыт саміх эмігрантаў — значыць, кнігу можна прадаць. Той самы Вацлаў Ластоўскі, не будучы профі-навукоўцам, пісаў гісторыю, наноў адкрываў беларусам Пагоню, Оршу і ВКЛ у перыяд войнаў, рэвалюцыяў і змушанай эміграцыі. Не дзякуючы, а насуперак. Бо была патрэба часу і — цэлы народ «без гісторыі». 

Сёння, як і ў часы Ластоўскага, гісторыя беларусам патрэбная, як глеба пад нагамі. Калі яе не напішуць беларусы, то напішуць іншыя — блізкія ці далёкія суседзі. І справа не толькі ў запыце на «герояў» і «перамогі», але і ў асэнсаванні: што, хто і калі зрабіў не так, дзе памыліўся ды — што рабіць, каб не паўтараць сваіх памылак. 

Народ сам праходзіць свой шлях, але гісторык у дадзеным выпадку мае сваю опцыю штурмана. І ад таго, як ён выканае сваю працу, таксама нешта залежыць.


Алесь Кіркевіч, Budzma.org